Выбрать главу

Расказваюць такі выпадак. Гурт студэнтаў, сярод якіх быў і Рыгор Барадулін, студэнт філалагічнага факультэта, запярэчыў супраць распарадку па арганізацыі заняткаў на ваеннай кафедры. Канфлікт набыў прынцыповы характар. Барадуліна абвінааацілі ў завадатарстве, і некаторыя гарачыя галовы з кафедры паставілі пытанне рубам: выключыць яго з універсітэта. Рэктар, можа, тады ўжо разгледзеў, што гэты просты хлопец з цягам часу магутна і звонка праявіць свой адметны літаратурны талент?

— Лічыш, малады чалавек, што для цябе вучэбная дысцыпліна не абавязковая? — Пільныя вочы за шкельцамі акуляраў пазіралі строга, і ў голасе гучала строгасць, але Барадулін, акрамя дакору пачуў у ім і смутак, і шкадаванне.

Усяго толькі адной гэтай простай, спакойнай фразай паўшчуваў Сеўчанка Рыгора Іванавіча, а запомнілася яна будучаму народнаму паэту Беларусі назаўсёды. I цяпер, праз столькі гадоў, ён чуе ў голасе Антона Нічыпаравіча клопат і ўвагу да студэнта, да чалавека.

Яшчэ з таго часу, калі сам быў студэнтам, Сеўчанка зразумеў: універсітэт — гэта першакласная навука. Таму ён, рэктар, усяляк заахвочваў і вучоных, і студэнтаў, каб яны шукалі, адкрывалі, вынаходзілі. Але пры ўсім тым, каб кіраваліся няўхільным прынцыпам, які яшчэ ў мінулым веку абвясціў навуковаму свету англійскі фізік, член Лонданскага навуковага таварыства Уільям Гровэ: «Сапраўдная навука не ведае ні сімпатый, ні антыпатый, адзіная мэта яе — ісціна».

Як кіраўнік універсітэта, Антон Сеўчанка вызначаўся маштабным, сапраўды дзяржаўным мысленнем. Тое ж самае можна пра яго сказаць і як пра грамадзяніна. Ён настолькі аддаваўся рабоце, што часам здавалася: браў на сябе больш таго, што мог… А браў ён не толькі сам, на яго воз і падкладвалі. Член прэзідыума Акадэміі навук Беларусі, дэпутат Вярхоўных Саветаў рэспублікі і Саюза, член Цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі… Там жа таксама трэба было працаваць. I ён сумленна працаваў. Ён лічыў, што чалавек, якому дадзена адкрываць законы навукі, павінен таксама актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і дзяржаўным жыцці краіны. Менавіта ж там нярэдка вырашаецца і лёс укаранення ў практыку таго, што наработана ў навуковых лабараторыях і калектывах.

Аднак жа чалавек — не перпетуум-мобіле, не вечны рухавік. Ды калі ён яшчэ, як у Дзяніскавічах кажуць, з досвітку да цёмнага ў хамуце.

Надышоў час, калі Антон Нічыпаравіч адчуў, што на сваёй пасадзе ўжо не дае ўсяго таго, што трэба грамадству.

I тады ён шчыра, з чыстым сумленнем саступіў дарогу маладзейшаму. Пры гэтым напаўжартам, напаўсур’ёзна сказаў:

— Ранавата паслабеў. Тая маланка, можа, так нашкодзіла?

Пад час вучобы Антона ў земскім вучылішчы здарылася прыкрая неспадзёўка. У памяшканне вучылішча, калі там адбываліся заняткі, ударыла шаравая маланка. Антона аглушыла, ён страціў прытомнасць. Ратавалі яго народным спосабам: прыкапалі зямлёй. Пасля таго ён доўга хварэў…

Падаўшы ў адстаўку з пасады рэктара, Сеўчанка ўзначаліў навукова-даследчы інстытут прыкладных фізічных праблем універсітэта.

Калі б коратка ахарактарызаваць навуковую дзейнасць акадэміка Сеўчанкі, то можна было б так яе вызначыць: даследаванні па спектраскапіі ўранілавых злучэнняў, люмінесцэнцыі рэдкіх зямель, спектраскапіі і фотахіміі парфірынаў і біялагічных злучэнняў…

Так, багатыя навуковыя здабыткі пакінуў у спадчыну нашчадкам Антон Нічыпаравіч. Але ці толькі гэта?

…Светлым днём у канцы лютага мы з Іванам Якаўлевічам Навуменкам, пісьменнікам, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, памалу крочылі асфальтавай дарожкай у задумлівым бары, дзе на стромкія сосны прыветліва пазіраў вялікімі вокнамі Дом творчасці пісьменнікаў. Неба было надзіва глыбокім і сінім, а сонца не па-зімоваму яркім і цёплым. Вялікая сініца, прыбраўшыся ў чорны гальштучак, на ніжняй ветцы дрэва працягла і звонка выводзіла сваю першую веснавую песеньку. Іван Якаўлевіч паглядзеў на птушку, на неба, памаўчаў і працягваў гаворку, якую я завёў пра Сеўчанку:

— Так, я працаваў ва універсітэце, калі ён быў рэктарам. Многа дыфірамбаў пець Антону Нічыпаравічу не буду. Прывяду дзве лічбы. Калі раней на фізіка-матэматычным факультэце мы прымалі пяцьдзесят чалавек, то пры Сеўчанку сталі прымаць дзвесце семдзесят пяць.— Позірк Івана Якаўлевіча зноў пабег па вецці дрэў, вочы шукалі пявунню-сініцу. Знайшлі, удзячна ёй ледзь прыкметна ўсміхнуліся.— I яшчэ вось што. Антон Нічыпаравіч, дбаючы пра навуковы рост кадраў, надзіва ўмела аб’ядноўваў, заахвочваў таленавітых людзей. Ён вылучаў здольную моладзь, дапамагаў ёй расці творча. Ставіў перад аспірантамі, маладымі кандыдатамі навук значныя задачы. Выконваючы іх, яны раслі як вучоныя, прывучаліся верыць у свае сілы.