Антон Сеўчанка вывеў на бальшак навукі многіх таленавітых, руплівых і ўпартых людзей, якія сталі буйнымі вучонымі, адметнымі спецыялістамі ў галіне фізіка-матэматычных навук. Сярод іх зычна гучаць імёны Леаніда Валадзько, Георгія Гурыновіча, Валянціна Ткачова, Уладзіміра Піліповіча, Канстанціна Салаўёва.
Цяпер акадэмік Сеўчанка працягвае сваё жыццё ў зробленых ім навуковых адкрыццях, у навуковых адкрыццях сваіх шматлікіх вучняў і паслядоўнікаў.
ПАД БЛАКІТНЫМ НЕБАМ ЖЫЦЦЯ
Ён запомніўся мне з дзяцінства.
Летнім ціхім надвячоркам бацька мой з нейкай цёплай, захопленай інтанацыяй, якая не прайшла па-за маёй хлапчукоўскай увагай, сказаў на вуліцы дзядзьку Апанасу:
— Прафесар наш прыехаў, Мацюшка Максімаў. Не чуў?
Дзядзька Аланас, які вышаў з цешчынага, цёткі маёй Таццяны, двара з малым сынам на руках, спыніўся.
— Засумаваў у сваім Ленінградзе па роднай зямлі? Дзіва што — усе ж буслянкі ў вёсцы абглядаў, усе сцяжынкі за ваколіцай, у полі і лесе тоўк сваімі босымі парэпанымі пяткамі.
У той вечар я і пабачыў прафесара. Праз паўгадзіны, можа, ён прайшоў па вуліцы каля нашага двара. Кіраваўся ад сваёй сястры Полькі, дзе гасцяваў, да клуба, каб сустрэцца, пагаманіць з вяскоўцамі. Там штовечар, калі не ліло з неба, пад дзвюма разгалістымі ліпамі збіраліся мужчыны. Абмяняцца жывым бясхітрасным словам пра жыццё-быццё, перакінуцца жартам ці якой дасціпнай вясёлай выдумкай.
Ён быў прыгожы — малады, круглатвары, светлавалосы, у бездакорна падагнаным шэрым касцюме. Такім і запоўніўся мне.
Рос Мацюшка надзвычай дапытлівым і цікаўным хлапчуком. Любіў прыроду, асабліва жывую, звяроў і птушак. Праз гэтую сваю любоў аднаго разу трапіў у гісторыю, ледзь без вока не застаўся.
Блукаючы на ўзлеску ў Пірэеўшчыне, падабраў пад дрэвам грака з перабітым крылом. Перад гэтым буран быў, дрэвы павыварочваў з карэннем, сучча паламаў. Дык, можа, сукам птушку ўдарыла? Спачатку грак паводзіў сябе ціха, не вырываўся, не тузаўся. Хлапчук асцярожна адцягнуў параненае крыло, наблізіўся тварам, стаў, злёгку паварушваючы яго то туды, то сюды, разглядваць: дзе перабіта? Ад болю грак і дзеўбануў яго ў тнар. А дзюба ж у птушкі вунь якая — вялікая, вострая! Крышачку б вышэй — і ў вока… Але Мацюшка птушку не выпусціў, не кінуў. Прынёс дадому. Маці пляснула далонямі: «А божачка, на што ж гэта ты так напароўся?!» Даведаўшыся, што здарылася, узгарэлася: «Выкінь яго, брыдоту!». Хлапчук заўпарціўся: «Не выкіну, яму ж баліць!» Яна паглядзела сыну ў вочы, аціхла. Удваіх яны наклалі лубкі, перавязалі крыло. Мацюшка даглядаў грака, карміў. Зламаная косць добра зрасталася, птушка на радасць хлапчуку пакрысе стала падлётваць на двары. Аднойчы раніцай, быццам у знак удзячнасці свайму выратавальніку, грак гучна каркнуў прарэзлівым голасам і шырока распасцёр крылы.
Увечары Мацюшка сказаў сваёй малодшай сястры Польцы:
— А чалавек таксама лётае. Не, скажаш?.. А ў думках!
— I ў сне,— пагадзілася Полька.
— Ага, і ў сне. Я сніў такі сон. Смешна — усеўся на кніжку, кружнуў над нашай хатай і паляцеў за чыгунку.
Прагны да вучобы, да ведаў, Мацюшка паступіў у Пірэвіцкую сямігодку. У Старой Рудні тады была толькі пачатковая школа. Штодня, ці слота, ці сцюжа, праставаў ён церез лес і поле сем кіламетраў. Хлапчукам казаў, што ў піліпаўку ваўкоў не баяўся, а сам кідаў у палатняную торбу запалкі і жмут кудзелі. Калі што — агнём у драпежную пашчу.
Далей Мацюшка ляцеў ужо на кнізе за чыгунку не ў сне, а наяву. Віцебскі ветэрынарны інстытут, аспірантура ў Ленінградзе… Лекцыі, семінары, дыспуты… Вось там ён ужо дарваўся да бібліятэк. Колькі кніг, часопісаў розных перачытаў!.. А ў час канікул штогод — у Старую Рудню. Каб «душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці».
У вёсцы, як паджартоўвалі над «гарадскім панічом» вострыя языкі, студэнт не столькі з хлопцамі і дзяўчатамі знаўся, колькі з коньмі ды каровамі. Але моладзь любіла яго. Ён знаходзіў час і пабываць на пашы з пастухамі, і ў вясёлым цікаўным гурце парасказваць пра цудоўную «Паўночную Пальміру». Вадзіў маладых вяскоўцаў за сабою па Дварцовай плошчы і Летнім садзе, па залах Эрмітажа і Рускага музея, да помніка Пятру Вялікаму, у тэатры…
А «Паўночная Пальміра» тым часам чакала яго душою і сэрцам прыгажуні-ленінградкі Людмілы.
Дачакалася.
Рука ў руку з ім і з ахвотай
Дзяўчына мілая ішла.
Пад сховам дзеўчага крыла