Гарнула далі пазалотай,
I не кранала іх журбота,
Не засмучала іх імгла.
Апантана працаваў навуковец Данілаў над дысертацыямі, кандыдацкай і доктарскай. Стомлены, нярэдка зняможаны працаю, ён казаў Людміле Ціханаўне:
— Адвёў душу, адвё-ёў… А жыццё, а?.. Блішчыць і музыкальна, як першы, крыштальна-чысты лядок, патрэсквае.
Так мог глядзець на жыццё толькі вялікі аптыміст.
Аднак не скажаш, каб было яно ў доктара біялагічных навук, прафесара Данілава прывольным і бязвоблачным. Так склалася, што найчасцей палітыка, ідэалогія ў нашым грамадстве былі перад усім. Як хвалі бруістай ракі калышуць зорку, так жыццё калыхала лёс Мацвея Максімавіча ў супярэчлівы, трубна-барабанны час. Ды не зашмаргнула яго дагматычнай зададзенасцю. Прафесар строга ведаў адно: у навуцы крытэрый усяму — навуковая ісціна. Доўгія гадзіны напружанага роздуму, пошукаў гіпотэз, тэарэтычных аналізаў і абагульненняў, цяжкія, але з няспыннай верай, сталі няўхільнай нормай яго жыцця. Ён радаваўся, калі думкам было цесна ў галаве, калі яны тоўпіліся там, супярэчлівыя і заглыбленыя.
3 тымі думкамі дні ў яго пераходзілі ў ночы. 3 імі ён схіляўся над пісьмовым сталом, і яны клаліся ў яго артыкулы, навуковыя працы, кнігі. Яны шукалі і знаходзілі: на тыя замкі, якімі ў прыродзе замкнута многае, што трэба чалавеку, усё ж ёсць ключы.
Звыш васьмідзесяці прац па ветэрынарыі і мікрабіялогіі, з іх чатыры вучэбнікі, выйшла з-пад пяра Данілава. Многія з іх знайшлі канкрэтнае практычнае прымяненне ў народнай гаспадарцы. Многія вядомы ў замежных краінах, выдаваліся ў Чэхаславакіі, Германіі, Ізраілі, Швейцарыі.
3 высокай адказнасцю прафесар Данілаў працаваў у складзе Вучонага савета па абароне дысертацый і ў секцыі «санітарыя і зоагігіена» Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук.
Добрай, адданай памочніцай Мацвею Максімавічу была Людміла Ціханаўна. Яна вычытвала гранкі, па рукапісах удакладняла, уносіла праўкі. А яшчэ — някідка, ненадакучліва, як гэта робяць разумныя, тактоўныя жанчыны, шчыравала, каб ствараць мужу спрыяльныя ўмовы для працы, для адпачынку.
Цешыла прафесара Данілава выкладчыцкая праца. Любіў ён моладзь. Дапытлівы, малады задор у інстытуцкіх аўдыторыях тушыў у яго душы ўсялякую скруху і смутак, як тушыць сонца начны змрок. Студэнты таксама любілі яго — жыццерадаснага, вострага на думку і слова, патрабавальнага, але справядлівага. За дзесяткі гадоў з-пад яго дужых цёплых крылаў вылецеў у шырокі свет шматлікі вырай адмысловых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. I высокай, дарагой узнагародай яму былі іхнія простыя, сардэчныя словы: «Шчырае дзякуй вам, дарагі настаўнікі». Слаўны Ленінград, цудоўная, сусветна вядомая «Паўночная Пальміра»!.. Горад навек стаў яго і гераічнай драмай (у блакадным Ленінградзе загінулі двое сыноў), і лірычнай паэмай, і светлай казкай. А ў сэрцы ўсё роўна: «Трэба дома бываць часцей…» I ён як ні штогод — усё туды, у сваю Старую Рудню, што даўно выправіла яго ў невядомую шлях-дарогу з верай у шчасце. Туды з сям’ёю — жонкай і сынам. Для Людмілы Ціханаўны прывольная, акаймаваная задумлівымі пракаветнымі лясамі вёска таксама стала родным кутам, як прызнавалася жанчына, акрасаю ў яе жыцці.
Для абоіх, мужа і жонкі, быў сапраўдным душэўным святам той час, калі яны, адпускнікі, ступалі на падмецены ганак яго сястры Палагеі Максімаўны Лабікавай.
Мацвей Максімавіч дыхаў вёскаю на поўныя грудзі. Нярэдка цёплымі веснімі днямі хадзіў за плугам, летнімі роснымі ранкамі — з касою. Потым казаў:
— У далоняx я не ручкі плуга, не кассё — юнацтва сваё патрымаў. — I шчасліва ўсміхаўся людзям і сонцу. А старэйшыя вяскоўцы добразычліва жартавалі:
— От, каб яшчэ ў поле да пастухоў пашыбаваў, дык акурат той самы Мацюшка.
Ціхімі задумлівымі надвячоркамі з Польчынага двара іншы раз далятала даступнае чуйнаму вуху:
О, Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
А то і перакочвалася-звінела ў два галасы, як ручаіна з падземнай крыніцы сярод лугавых красак:
Ой, рэчанька, рэчанька,
чаму ж ты няпоўная?
Чаму ж ты няпоўная,
з беражком няроўная?
А гады, што пульсавалі напоўнена і пругка, ужо ішлі спадцішка напярэймы. На шэсцьдзесят другім годзе ад нараджэння Мацвея Максімавіча яго ўкрыжаваны жыццёвымі перагрузкамі лёс выбухнуў непапраўнай трагедыяй.
Мацвей Максімавіч быў у санаторыі. Лячыўся, адпачываў. I, безумоўна, тым часам працаваў над чарговым артыкулам — хіба можа творчы чалавек бесшабашна адпачываць! Раптоўна ён адчуў нейкую здрадлівую кволасць. Нешта затым як загадала яму: дадому, у Старую Рудню… Хто ведае, яго, можа, паклікаў які патаемны голас продкаў?