На золаку, калі ў небе дагаралі гарэзлівыя зоркі і займалася маладая зара, назаўсёды адпеў яго салавей. Знакаміты ленінградскі вучоны знайшоў вечны спакой у роднай зямлі на ціхіх вясковых могілках. Сярод сваіх родных і сяброў юнацтва.
Але ў сэрцы самага блізкага яму чалавека ён заставаўся жывым ва ўзвышаным сваім і светлым людскім абліччы. I калі прыйшоў няўмольны час Людмілы Ціханаўны, яна перабралася са свайго крэўнага Ленінграда да мужа. Яны спачываюць у адной магіле.
«О, Беларусь, мая шыпшына!..»
Жыў чалавек на зямлі пад небам, і высокім было яно — яго блакітнае неба.
ГУЧАЦЬ ДАЛЁКІЯ СТРУНЫ
Немца Фердынанда Ласаля ведаюць ва ўсім свеце — сацыяліст. Але калі ў Жлобіне вуліцу, якая насіла яго імя, перайменавалі, жыхары яе былі задаволены: хіба ж гэты, хай сабе і добры, чалавек жыў на ёй!.. А вось ён, Мікалай Кавалёў, жыў.
Нарадзіўся Мікалай у вёсцы Новая Сілівонаўка. 3 радасцю шчырага, непасрэднага юнака, які глядзеў на жыццё чыстымі, добрымі вачамі, прыехаў у Жлобін, у чыгуначнае вучылішча. То быў час, калі хлопцы і дзяўчаты разгоніста шыбавалі ў свеце маладых мар і надзей з песняй: «Не спі, вставай, кудрявая. В цехах звеня, страна встаёт со славою на встречу дня».
Вучыўся ён старанна, з захапленнем. Любіў сяброў, кнігі. Прагнуў набыць веды і стаць адмысловым чыгуначнікам, каб адпраўляць свае цягнікі па сталёвых магістралях неабсяжнай краіны. Жартаваў: «Вот вывучуся, і ў Сілівонаўку правяду чыгунку, прама да нашай хаты». Ён таксама задорна спяваў ва ўсеагульным шматгалосым хоры: «… страна встает со славою на встречу дня».
Мікалай любіў музыку. Ды што за грошы былі ў яго, фабзавучніка, каб купіць які музыкальны інструмент? I ён вырашыў: сам зраблю балалайку. Вечарамі карпеў над непадатлівай фанерай. Карпатліва, скрупулёзна выпільваў яе, выгінаў, падганяў, склейваў. Балалайка атрымалася не сказаць каб паглядная, але струны гучалі звонка.
Вучылішча ён скончыў паспяхова і з ахвотаю, з захапленнем улёг у працу — шчыраваў майстрам у дэпо станцыі Жлобін.
А з балалайкай сваёю і там не расставаўся. Іграў на ёй у музыкальным гуртку мастацкай самадзейнасці дэпо.
Людзі знаходзяць адзін аднаго кожны па-свойму. У кожнага свая дарога, доля, свой выпадак.
Выпадак для мужа і жонкі Кавалёвых — выступленне музыкальнага гуртка ў дэпо на пёршамайскім свяце.
Пасля канцэрта да Мікалая падышлі знаёмыя хлопцы з Рабочага пасёлка і з імі — незнаёмая дзяўчына. Яна была такая прыгожая, што ў першую хвіліну літаральна асляпіла яго сваёй прыгажосцю. Хлопцы пачалі жартаваць:
— Глядзі, Валя, які харашун — музыка наш! Прыгажэй за яго няма ў Жлобіне і ва ўсім Жлобінскім раёне.
Дзяўчына кінула на Мікалая шпаркі пільны позірк спадылба.
— А балалайка яго чаго вартая! — I закацілася звонкім смехам.
Ён, стройны кучаравы шатэн з прадаўгаватым, адкрытым валявым тварам стаяў выпрастаны, як салдат перад камандзірам, і дабрадушна ўсміхаўся.
На развітанне Валя падала Мікалаю руку і на колькі секунд затрымала яе ў яго шырокай гарачай далоні, зноў зірнуўшы спадылба яму ў твар. На гэты раз — як бы з нейкім значэннем. 3 таго часу яны як ні штодня заравалі на лавачцы ў прысадах Рабочага пасёлка. А ціхай сонечнай парою, калі ў небе з журботным курлыканнем на поўдзень пацягнуліся жураўліныя кліны і з задумлівых клёнаў пасыпалася на дол залацістае лісце, Валянціна Пятроўна Плецяжова ўвайшла гаспадыняй у дом пад нумарам васемнаццаць на вуліцы Ласаля. Дружна жылі яны там, маладыя і шчаслівыя, і верылася ім, што ўсё іхняе жыццё будзе сонечным і светлым.
Аднак на захадзе цяжкія хмары ўжо цьмяна ўкрывалі спахмурнелы небакрай, зямля ўжо грымела там кутым жалезам. Наступала злавесная квадра, якая насылала на зямлю шалёныя грымоты крывавых навальніц.
Мікалай атрымаў позву з ваенкамата. Пацяклі дні напружанай вайсковай вучобы. Затым наваліўся час, калі краіна сурова заспявала: «Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой!..»
Франтавое жыццё для маладога лейтэнанта Кавалёва пачалося ў жніўні сорак першага года. Смяротнымі дарогамі вайны вадзіў ён чырвонаармейцаў на бой з фашызмам у бітве пад Масквой, пры вызваленні роднай Беларусі і Прыбалтыкі. Многіх з іх напаткалі варожыя кулі. Не міналі яны і яго. Але ён, «падрамантаваўшыся» ў шпіталях, зноў вяртаўся на фронт.
У сорак чацвёртым годзе Мікалай Кузьміч узначаліў ваеннае вучылішча ў Смаленску. Не свісталі больш кулі для яго, не грукаталі бомбы і снарады. Наступіла бяспечнае тылавое зацішша. Ён забраў да сябе прыгажуню-жонку.
Што можа быць даражэй для чалавека, чым глядзець у любыя вочы самай блізкай і роднай істоты!.. Яны цешыліся шчырай ласкай стомленых растрывожаных душ і марылі пра тое, якое шчаслівае расквітнее жыццё, калі скончыцца вайна.