Выбрать главу

Жыццю і працы людзей Далёкага Усходу — карэнных насельнікаў края і яўрэяў, якія перасяліліся ў Бірабіджан, прысвечаны аповесці і апавяданні ў зборніках «У Амура», «На пасеке» і іншых. Духоўнае адзінства людзей працы, іх працоўная ўзаемасувязь, інтэрнацыянальнае пачуццё — такія асноўныя матывы твораў пісьменніка перадваеннага перыяду.

Доўгі час пісьменнік жыў і працаваў у Мінску. Там і застала яго вайна. Там яна і прынесла яму непапраўную бяду.

Па стану здароўя Рыгор Ізрайлевіч быў прызнаны непрыгодным для вайсковай службы. Эвакуіравацца з Мінска яму не давялося. Ён уцёк ад фашыстаў і ўступіў у партызанскі атрад. Жонку і двое дзяцей вывезці не ўдалося. Гітлераўцы памясцілі іх у гета і потым расстралялі.

Перажытае і пабачанае за час вайны дазволіла пісьменніку стварыць шэраг твораў на ваенную тэматыку. Ён сумеў сказаць уласнае праўдзівае, пранікнёнае слова і пра гора народнае, і пра небывалы народны подзвіг. Правёў за сабой чытача па гарадах і вёсках шматпакутнай Беларусі, дзе гітлераўцы распраўляліся з мірнымі жыхарамі, па яе лясах і дарогах, дзё партызаны вялі мужныя баі з бязлітаснымі захопнікамі. У гэтых творах Рыгор Добін, пісьменнік і грамадзянін, паўстае перад чытачом як шчыры, непахісны інтэрнацыяналіст.

3 сур’ёзнай мерай маральнага і духоўнага аналізу звяртаецца пісьменнік да асвятлення характараў партызан і воінаў Чырвонай Арміі. Пры той пільнай увазе, якую надае індывідуальнасці персанажаў і пэўным драматычным сітуацыям, усё ж на першым плане ён паказвае тое агульнае і адзінае, што згуртоўвае ўсіх, ствараючы магутны патрыятычны энтузіязм і пафас свяшчэннай народнай вайны супраць фашысцкіх варвараў.

У семдзесят сёмым годзе выдавецтва «Художественная литература» выдала ў перакладзе на рускую мову зборнік апавяданняў Рыгора Добіна «Рассказы». Нянавісцю і пагардай да гітлераўскіх чалавеканенавіснікаў прасякнуты ўключаныя ў зборнік творы. У рэалістычных эпізодах, якія праўдзіва ўзнаўляюць крывавае шаленства нацызма, аўтар раскрывае сацыяльную прыроду фашысцкай ідэалогіі і практыкі. Ён паказвае, што фашызм не толькі забівае людзей фізічна, але і нішчыць чалавечую годнасць, мацярынскае пачуццё, любоў да жыцця, да прыроды, сонца. Фашызм сцвярджае шалёную злосць і смерць.

Апавяданні аб партызанскай вайне з чужынцамі на беларускай зямлі складаюць найбольш моцныя старонкі кнігі.

Гаворачы пра творчасць пісьменніка, нельга не сказаць пра яго стыль, мову. I тут я хачу адзначыць, што стылёвая структура аповесцяў і апавяданняў Добіна характарызуецца лагічнай стройнасцю радка, дакладнасцю слова. Для нагляднасці прывяду такі прыклад.

«Да апошняга часу ён спадзяваўся, што гэта, магчыма, толькі чуткі, калі яму здаралася бываць на вылазках непадалёку ад роднага мястэчка, ён стараўся больш дакладна даведацца пра лёс сваёй жонкі, распытваў усіх, каго толькі мог. Ён не хацеў і не мог мірыцца з думкай пра тое, што з усёй яго шматлікай радні нікога не засталося ў жывых, што ён ніколі больш не пабачыць сваю Лію. Удзень і ўначы яна стаяла перад яго вачамі, як жывая. Ён жыў думкамі пра яе. 3 думкамі пра яе ён засынаў. Варта было яму на хвіліну задрамаць на прывале, як яна адразу з’яўлялася да яго, садзілася побач.

Але дужа несуцяшальнымі былі атрыманыя ім звесткі, не заставалася сумнення, што Ліі няма ў жывых, што ўсе яго надзеі дарэмныя».

Гэта ўрывак з апавядання «Аднойчы ўначы». Як бачна, скупымі мастацкімі сродкамі аўтар узрушана раскрывае глыбокае чалавечае пачуццё свайго персанажа, паказвае яго трагічны душэўны стан. Тут мне яшчэ прыходзіць на думку, што гэтае апавяданне — аўтабіяграфічнае. Яно ж — сам боль, які асабіста перажыў пісьменнік.

У выдавецтве «Советский писатель» у восемдзесят трэцім годзе выпушчан зборнік Добіна «Пути земные». У ім удумна даследуюцца праблемы гуманізма і чалавечнасці, непасрэдна звязаныя з лёсамі людзей, раскрываецца душэўны стан герояў і ахвяр. У творах зборніка ўслаўляецца чалавек і зямное жыццё.

Эпіграфам да лепшых твораў Рыгора Добіна можна было б паставіць словы вядомага рускага паэта Яраслава Смелякова:

Всей верой своей человечьей,

и мыслью, и сердцем своим

мы верим погибшим солдатам,

и мёртвые верят живым.

Так, сёння як ніколі раней сумленны, незамутнены розум сцвярджае: усёй сваёй чалавечай верай…