ЛУНАЛІ ДНЯПРОЎСКІЯ ЧАЙКІ
Добра памятаю, гэта было ўвосень. Я ішоў у рэдакцыю часопіса «Маладосць», якая ў той час размяшчалася ў памяшканні Цэнтральнага камітэта камсамола. У вестыбюлі паставы міліцыянер у павышаным тоне размаўляў з наведвальнікам, патрабуючы ў яго дакумент, які сведчыў бы, хто ён такі. Наведвальнік, сярэдняга росту мужчына, апрануты ў ватоўку і шапку-вушанку, стаяў да мяне спіной. Ён таксама ўзвысіў голас:
— Кажу вам — я пісьменнік, іду ў «Маладосць».
Пачуўшы гэта, я падышоў да іх і пабачыў мужчыну ў твар. Сказаў міліцыянеру:
— Так, гэта пісьменнік Мікола Лупсякоў, я яго ведаю.
— А вы хто такі? — нахмурыў бровы паставы.— Ваш дакумент?
Я паказаў яму пасведчанне карэспандэнта ТАСС. Ён яшчэ раз падазрона агледзеў Мікалая Радзівонавіча, незадаволена буркнуў:
— Праходзьце.
— Што смала прычапіўся: дакумент яму, дакумент!.. — нязлосна абураўся Мікола, калі мы ішлі калідорам. — Знайшоў шпіёна.
— А чаго ты не носіш якога пасведчання з сабою? — паўшчуваў я яго.
— Дык было ж! Ды, мусіць, пад тым стогам вывалілася з кішэні.
— Пад якім стогам?
— О, братка, хараство якое! — Позірк Міколаў засвяціўся. — Хочаш — раскажу.
Мы спыніліся.
— Быў я ўчора ў аднаго настаўніка ў Пухавіцкім раёне. Надвячоркам вяртаўся. Ішоў лугам паўз рэчку, а там стагі. Вялікія, прыгожыя!.. Ну, нібы багатыры нейкія казачныя. Уяўляеш? А ўначы зоры ў небе… зіхацяць, пераліваюцца і быццам весела, шчасліва смяюцца.
— Ночы ж халодныя ўжо. I буслы ў вырай паляцелі. — Мне прыгадалася, як у час мінулай выпадковай сустрэчы каля Свіслачы ў парку Горкага Мікола расказваў пра маладых буслоў, што збіраліся ў чароды і выпрабоўвалі крыло перад адлётам у вырай.
— Буслы паляцелі, а гусі і журавы сама што ляцяць. Ранічкай пачуеш угары: «Курлы-ы, курлы-ы..» Задзярэш галаву, а яны во над табою клінам… Хіба такое пабачыш у горадзе? — Хвіліну ён памаўчаў, потым крутнуў галавой, усміхнуўся. — Адзін мой прыяцель усё ўшчувае мяне. «Валацуга ты, кажа, шляешся чорт ведае чаго і што!» А мне шкода яго. На сцяне ў яго шыкоўнай утульнай кватэры вісіць карціна «Адлёт журавоў». Слоў няма, карціна — залюбуешся. Але ж хіба тое яно, што пачуць з паднябесся жывыя іхнія галасы? — Твар Міколаў на хвіліну застыў у ціхай асветленасці, быццам слых улавіў у далёкай далечы мілыя сэрцу гукі. — Аднаго разу сябра мой сказаў: «Пакуль ты швэндаеш чорт ведае дзе, у тэатрах, канцэртных залах такія спектаклі ідуць, такая музыка гучыць!..» Я пашкадаваў тады: сапраўды, многае ўпускаю.
— I што адказаў яму? — папытаў я. I пачуў у адказ такое, што можна было пачуць толькі ад Лупсякова:
— Я сказаў яму: «Не магу ж я адначасова быць і тут, і там». I прапанаваў: «А давай і ты са мною пашвэндай, а?»
Ляпнулі дзверы. Паўз нас, гучна размаўляючы, прайшлі два прылізаныя юнакі. Гаворка наша перапынілася.
— Дык добра, братачка, будзь здароў, — Мікола сунуў мне сваю прадымленую каля прырэчных кастроў вузкую сухапарую руку, і мы раэышліся. Ці мог я падумаць тады, што бачыў яго апошні раз!
У «Маладосці» я затрымаўся нядоўга. I, дзіўная рэч: як толькі выйшаў на вуліцу — быццам зноў апынуўся побач з Міколам. Дадумвалася пра яго тое, што ўвайшло ў душу там, у шырокім калідоры з мяккай дывановай дарожкай для прылізаных юнакоў: як ужываюцца ў пакутах яго цела, пачуццяў і думак, пакінутых там вайной, буслы, гусі, журавы?..
Што-нішто я ўжо ведаў з біяграфіі Мікалая Радзівонавіча. Чуў, як кашлаты віхор на калдобістым жыццёвым бальшаку круціў яго цяжкую долю.
Самай светлай парою ў яго жыцці было дзяцінства, што прайшло ў вёсцы Папаратнае на Жлобіншчыне. Туды, на радзіму, у дваццаць першым годзе вярнулася сям’я з Масквы, дзе ў дзевятнаццатым нарадзіўся Мікола. 3 непаўторных прыдняпроўскіх лугоў, ніў і лясоў хлапчук з дзяцінства ўпітваў у сваю дапытлівую чуйную душу любоў да роднай прыроды, якая стала яго доляй на ўсё жыццё. Вясковыя людзі, адметныя сваёй непасрэднасцю і шчырасцю, натуральна проста ўваходзілі ў яго істоту і заставаліся там назаўсёды.
Шчаслівымі былі часы студэнцтва, што ў перадваенныя гады прайшлі на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага. Тады ж ён апублікаваў два першыя свае апавяданні.
Аднак не давялося маладому настаўніку ўвайсці ў школьны клас. Яму суджана было надзець вайсковую форму. Пасля заканчэння ў сорак другім годзе Смаленскага ваеннага вучылішча ён нясе свой салдацкі крыж на перадавой. На Цэнтральным, Варонежскім франтах, пад Харкавам… У сакавіку сорак трэцяга года варожая куля знайшла маладога афіцэра, пацэліла яму ў галаву.