Надзвычай цяжкая была тая траўма. Яна пакутліва гукалася ў ім да канца яго дзён, і зняможанасць адступала толькі пад сілай аптымізму ўпартага жыццялюба.
Час усё расстаўляе на свае месцы. Цяпер, калі глядзець на Лупсякова-пісьменніка з аддаленасці гадоў, найперш бачыцца натуральнасць і гарманічная цаласнасць яго творчага вобліку. Яго самародны талент мастака даў добры плён, выспеўшы на грунце неўтаймоўных пошукаў, вернасці праўдзе жыцця і глыбокай сузіральнасці.
Гаворачы пра творчасць Міколы Лупсякова, найперш, мусіць, варта адзначыць у ёй два тэматычныя цыклы: апавяданні пра вайну і апавяданні, звязаныя з паказам жыцця пасляваеннай вёскі.
Тэматыка вайны грунтуецца на ўласным цяжкім, балючым вопыце пісьменніка, з крыніцы якога ён, уваходзячы ў сілу як мастак, чэрпаў глыбока і ўдумліва. Лепшыя творы гэтага цыкла — псіхалагічна напружаныя, захапляюць сюжэтам і характарамі герояў.
«Ігналя чамусьці пачаў усё больш браць незразумелы страх. Гэты Салавейчык, яго агідныя абвіслыя вусы, шырокі чырвоны твар і вадзяністыя прыпухлыя вочы — усё дыхала ад яго страхам. Ён выкрыкваў тое, над чым мучыўся і думаў Ігналь з ночы ў ноч да прыходу чалавека, які ўцёк з-пад расстрэлу…» Кароткі ўрывак з апавядання «Нетрывалы грунт», а як ёмка паказан псіхалагічны стан чалавека! Гэты чалавек пад час усенароднай вайны хацеў застацца ў баку ад барацьбы.
Вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам, пільнай прыглядкай да ўнутранага свету чалавека і «вясковыя» апавяданні. Прырода, людзі на прыродзе — як жа яно ўсё ўзаемазвязана! Як уплывае адно на адно і жывіць адно другое!.. Чытаеш немудрагелістыя радкі і быццам адчуваеш пахі ніў, прыдняпроўскіх лугоў, чуеш галасы звяроў і птушак. Магічная сіла мастацкага слова!..
«А ноч плыве як заўсёды, як праплылі сотні начэй, праведзеных на Дняпры ў адзіноце. Тамаш нават адчувае, як яна праплывае. Адчуваеш па тым, як мяняецца паветра — з духмяна-цеплага робіцца ўсё больш халаднейшым, як ускрыкваюць дзеркачы — іх галасы чуюцца ўсё радзей і радзей і робяцца чамусьці прарэзлівейшымі, як бы нярвовымі; па ўсплёсках Дняпра — ён таксама на нейкі час заціхае; па шораху крылаў савы, што вылецела на паляванне. I ён ведае, што туманы цяпер усё больш асядаюць, атуляючы зямлю і травы, і што пры Дняпры праз ачышчанае ад туманаў паветра выразней свецяцца агні бакенаў, і што хутка пройдзе параход як заўсёды».
А? Вось і паначавалі мы з табою, шаноўны чытач, з ласкі пісьменніка Міколы Лупсякова на ўзбярэжжы «ракі шумнацечнай» — сівога Славуціча-Дняпра, прачытаўшы ўрывак з апавядання «Торба з салам».
Без перабольшання можна сказаць: вясковыя апавяданні, вышаўшыя з-пад пяра Лупсякова, спрыяюць светламу настрою чытача, бо гучаць яны як узнёслы гімн прыродзе і чалавеку-працаўніку. Яшчэ пра іх мушу зазначыць — што яны ў апісанні прыроды складаюць, як пісаў крытык Уладзімір Жыжэнка, «цудоўны па маляўнічасці, шматгалосы вобраз нашага Прыдняпроўя».
А мова пісьменніка? Народная — выразная, вобразная. Учытаешся ў яе, услухаешся — і быццам пабыў у тым жа Папаратным ці ў Лугавой Вірні.
Дарэчы, у многіх творах Мікалая Радзівонавіча рэальна прысутнічае Жлобіншчына — як у змесце апавяданняў, так і ў іх назвах. Прыгадаць хаця б апавяданні «Дняпроўская чайка», «Грабскі хутар», «Чырвоны Бераг»… Так, маюцца ўсе падставы сцвярджаць, што ў сваёй творчасці пісьменнік шырока выкарыстоўваў сюжэты, вобразы, дыялогі, якія пачэрпнуў на сваёй малой радзіме і ў дзяцінстве, і ў сталыя гады, завітваючы туды і ў летнюю спякоту, і ў зімовыя халады.
Аднак рана пайшоў з жыцця шчыры руплівец на літаратурнай ніве. Не было яму і пяцідзесяці трох гадоў. Далёка не ўсё ён сказаў людзям, што мог яшчэ сказаць шчырым, праўдзівым мастацкім словам.
…Цёплым майскім днём я быў у старажытным Стрэшыне, што раскінуўся над Дняпром. Гарадскі пасёлак меў светлы вясенні выгляд. Буяў бэз у палісадніках пад вокнамі хат, за платамі белай кіпенню пеніліся сады. Я прайшоў з канца ў канец па вуліцы, якая носіць імя Міколы Лупсякова. Потым выйшаў да Дняпра, спыніўся на стромым беразе. Сонца зыркім святлом залівала абшар. За ракой у стракатых пахкіх красках рассцілаўся луг. А над ім луналі чайкі. Дняпроўскія чайкі…
ПРАРАСЦЕ ЗЯМЛЯ ЎСХОДАМІ
Дарога ішла лесам. Абапал яе ляжалі высокія снежныя гурбы. Дрэвы стаялі ў снезе як ні да ніжніх галін. На верхавіне кучаравай сасны цокалі, верашчалі вавёркі, ганяліся адна за адной. Вось яны кінуліся ўніз, паскакалі па снезе, пакідаючы на белым іскрыстым абрусе сляды-пацеркі.
— Што, Аляксандр, задумаўся, крытыку пераварваеш? — Да Петухова падышоў Каўпаеў, старшыня калгаса «Іскра».