Выбрать главу

Аляксандр Прохаравіч схамянуўся:

— Тыдзень таму назад ехаў я ў вазку па лесе. Во дзе краса! I паветра чыстае, марознае, дыхай на поўныя грудзі. А тут сядзі, тлуміся духатою.

— Але ж і нарады патрэбны. Хто б табе там, у лесе,— пад дзевятае рабро? Тут жа — калі ласка,— іранізаваў Каўпаеў.— Мы ж ужо не можам жыць, каб нас не крытыкавалі.

Яны спыніліся на шырокім ганку.

— Я і кажу: спачатку зразумей чалавека, а потым глядзі, патрабаваць ад яго ці прасіць,— сказаў Петухоў так, быццам працягваў перапыненую гаворку.— Апостал Павел прапаведаваў: «Любі бліжняга як самога сябе».

Каўпаеў весела засмяяўся.

— Ну-у, камуніст, ведаеш ты! Ідзеш з нарады з гаркома партыі і цытуеш не Леніна, а саратніка Хрыста.

— I Леніна цытую, калі да слова,— не збянтэжыўся Петухоў.

— А ты верыш у тое, што быў такі на свеце — апостал Павел?

— Быў ці не быў — не ведаю. Не задумваўся над гэтым, некалі. Табе лацвей было, не спазнаўшы кок-сагызу.

— Што табе крыўдзіцца на кок-сагыз? Дзякуючы ж яму на тваіх грудзях Зорка Героя блішчыць… Ну, будзь здароў, Аляксандр.— Каўпаеў паціснуў Петухову руку, і яны пайшлі да сваіх машын.

Ляцела насустрач белая дарога, ляцелі, гналіся адна за адной думкі Аляксандра Прохаравіча. Прыгадалася даўняе — як выбіралі яго, афіцэра-артылерыста, старшынёй калгаса.

Да вайны Аляксандр Петухоў скончыў курсы трактарыстаў пры Шчадрынскай машыннатрактарнай станцыі, працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, раз’язным механікам. Усю вайну прайшоў франтавымі дарогамі і закончыў яе ў Празе. Вярнуўся ў родную вёску Пякалічы ў сорак шостым годзе, адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны другой ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. У тым жа годзе землякі выбралі яго старшынёй калгаса «Чырвоная змена».

А як выбіралі? Гэта запомнілася Аляксандру Прохаравічу на ўсё жыццё.

У райкоме партыі сказалі, што будуць яго рэкамендаваць. Ён падрыхтаваў прамову. 3 высокімі разважаннямі пра калгасны лад, з цытатамі разумных людзей, вучоных. А паглядзеў у залу і — разгубіў усе абдуманыя словы. Перад вачамі маячылі апанураныя твары, найбольш — старых і жанчын. Хвіліну ён маўчаў, потым сказаў:

— Я тутэйшы, вы мяне ведаеце. Выбераце — сумленна буду працаваць.

3 залы паляцелі рэплікі. Потым з другой лаўкі ўстаў кульгавы Ціхан, інвалід першай сусветнай вайны.

— Яно, канешне, кіраваць гаспадаркай — гэта не з гарматы страляць. Будзеш, Прохаравіч, паважаць нас за людзей, мы не падвядзем. Як апостал Павел казаў: «Любі бліжняга як самога сябе».

Землі калгаса былі — пяскі ды балота. На ніве колас за ко-ласам ганяецца… Узімку сабраў малады старшыня калгаснікаў — што будзем рабіць? Падумалі, параіліся і вырашылі: асушваць балота. Але ж тэхнікі не было!.. Ды гэта не астудзіла запал сялян. Калі гарыш ахвотаю, ёсць і сіла.

На наступны год уручную выкапалі асушальны канал працягласцю дзевяць кіламетраў. I закаласілася на асушаным тарфяніку ніва. Небывалы ў Пякалічах ураджай ячменю, аўса, проса сабралі руплівыя хлебаробы.

На пятым годзе старшынёўства навязаўся на галаву Петухова кок-сагыз. Хлеба на стале ў людзей няма, у місках нішчымніца, а ты — яго сей. Так, ты. У цябе ж тарфянікі асушаныя… Асушыў на сваю бяду. Дык яшчэ ж — як сеяць?.. А гэтага нават аграномы не ведалі толкам. Аляксандр Прохаравіч надумаўся быў катэгарычна адмовіцца, аднак настырныя сурова-папераджальныя развагі скасавалі гэтае рашэнне: паспрабуй, адмоўся, калі райком загадвае… Ды, па праўдзе кажучы, і сам ён, былы салдат, у глыбіні душы разумеў: і народнай гаспадарцы, і войску для вырабу гумы патрэбны каўчук. Дык дзе ўзяць, калі заграніца сем шкур дзярэ за яго?..

Хапілі калгаснікі бяды з кок-сагызам. Ад зары да зары маракавалі на тарфяніку. I ўсё ўручную: і сеялі, і ўбіралі… Потым жа сушыць яшчэ!.. На вольным паветры, каб з вецярком ды без сонца… Аляксандр Прохаравіч сам амаль днямі прападаў на тым полі.

Па сорак цэнтнераў на сямідзесяці гектарах сабралі калгаснікі кок-сагызу ў пяцідзесятым годзе. За гэта трыццаць дзевяць чалавек атрымалі высокія ўрадавыя ўзнагароды. Пяцёра з іх былі адзначаны ордэнам Леніна, а старшыня — званнем Героя Сацыялістычнай працы.

Не ведаў угамону Петухоў. Для развіцця гаспадаркі патрэбна была электраэнергія, і праз два гады «Чырвоная змена» пабудавала электрастанцыю. Пасля таго і пачалося. Да гаспадаркі сталі далучаць слабыя калгасы. У запрэжку Аляксандра Прохаравіча, у якой ажно гужы рыпелі і клешчы трашчалі ад натугі, падкідвалі і падкідвалі на воз важкія мяшкі з чым папала. А яна напружвалася і цягнула, цягнула. Больш як паўдзесятка невялікіх маласільных гаспадарак далучылася.