ЖЛОБІН
(ЛЕГЕНДА 3 ДАЎНІНЫ)
Шмат злажылі казак,
І легенд, і песень
Людзі пра балота,
Пра сваё Палессе.
Янка Купала
У старажытныя часы, калі чалавек яшчэ пакланяўся язычаскаму богу Перуну, жылі на ўзбярэжжы Дняпра пры ўпадзенні ў яго імклівую плынь ручая Чорначка працавітыя людзі. Палявалі на дзікоў у пушчы, лавілі рыбу, сеялі хлеб і гадавалі жывёлу. Праходзілі дзесяцігоддзі, міналі стагодцзі. Ды вось аднаго разу, калі гарачае зыркае сонца села за лес і гнілое балота з паўночнай нізіны дыхнула стылай вільгаццю, адтуль да іхняга паселішча выпаўз дванаццацігаловы цмок. Разявіў пашчу-прадонне, клацнуў чорнымі крывымі ікламі:
— Я абкладваю вас данінаю. На сняданак і на вячэру будзеце даваць мне па чалавеку.
Не паспелі апамятацца атарапелыя ад жаху людзі, як ён схапіў самую прыгожую маладую жанчыну і знік у балоце.
Замаркоціліся, забедавалі жыхары паселішча. Страшэнна шкада ім было жанчыны. А ён жа, пачвара, і яшчэ квапіцца на людзей! Дык якую ж управу знайсці на людаеда?..
3 вечара ўсхадзіўся буран. Сінія шаблі-маланкі люта паласавалі неба, на зямлю абрынулася страшная залева. Шалёны вецер вырываў з карэннем векавыя дрэвы, стагнаў, нібы зубр паранены, роў сівы Дняпро.
А малады асілак Пятрок, чыю жонку схапіў змей, нічога гэтага не чуў. Ён усю ноч спяваў-рыдаў над дзіцёнкам, якога гушкаў у калысцы.
На досвітку буран сціх. Яшчэ не выбліснула з-за лесу сонца, як у ваколіцы паселішча зноў з’явіўся цмок.
— Каго аддаяце мне на сняданак? — раўнуў, ажно дрэвы захісталіся, як ад ветру.
Людзі, хто дзе быў, пакамянелі ад жаху. Раптам насустрач змею кулём выскачыў Пятрок. У вачах — іскры гневу і адчайнай адвагі. Схапіў Пятрок за вяршыню выварацень стромкай сасны размахнуўся ім, як булавой, і галава з разяўленай пашчай пакацілася ў балота.
Змей ашалеў, вочы яго паналіваліся крывёю. Ён то прыпадауў да долу і біў так хвастом па зямлі, што яна трэслася, нібы яе землятрус калаціў, то падскокваў угору вышэй дрэў. А Пятрок налева-направа размахваў вываратнем. У душы яго кіпела помста за жонку-красу і сына-сірату, палала адвага абараніць людзей.
Сонца апала ўжо за лес, а яны ўсё біліся. Цмок раз’юшана, ажно агонь вырываўся з пашчы, рыкаў, хрыпеў, пырскаў жоўтай смярдзючай пенаю. Асілак абліваўся потам і крывёю: іклы змея паласнулі па твары, развярнулі яму плячо. Вось цмок з астатніх сіл злаўчыўся, і аглавушаная смяртэльным ударам апошняя галава яго яшчэ змагла ў агоніі сціснуць іклы на горле Петрака.
Людзі адразу закапалі галовы і знявечанае тулава змея ў балоце, каб уначы смярдзючы смурод ад яго не цягнуў у паселішча. У багну, якая стала яму праклятай магілай, забілі асінавы кол. Назаўтра на высокім, адкрытым сонцу і вятрам пагорку над Дняпром аддалі зямлі цела Петрака. На магіле паставілі вялікі дубовы крыж, які здалёку відаць быў адусюль.
Ланцужыліся суровыя гады. Людзі з пакалення ў пакаленне, праходзячы каля магілы Петрака, у непазбыўнай жалобе і ўдзячнасці адбівалі ёй зямныя паклоны; птушкі над ёю запавольвалі лёт, пераставалі махаць крыламі; віхурныя вятры спынялі сваёі дзікае скавытанне і выццё, сцішана праляталі міма.
Цёплай весняй парою ў паселішча завітаў малады ўдалы князь са сваёй храбрай дружынаю. Пабачыў крыж на магіле — і зняў шлем, перахрысціўся. Спытаў у сівога лірніка, што пад раскідзістым дрэвам круціў корбу ліры і спяваў:
— Хто тут пахаваны?
— Храбры асілак Пятрок, які выратаваў людзей ад змея-людаеда.
— Пра што спяваеш?
— Пра што ўсю ноч спяваў-рыдаў Пятрок над дзіцёнкам-сынам перад тым, як схапіцца з цмокам.
— Тут, на гэтым святым месцы, мы пабудуем замак, — сказаў князь, паслухаўшы песню, і адбіў зямны паклон магіле
Цудоўны замак пабудавалі княжацкія дружыннікі і жыхары паселішча на ўзвышэнні правага берага Дняпра, дзе ў магутную раку ўпадала пакручастая Чорначка.
Разгараўся прамяністы дзень. Цёплы лагодны вецер варушыў русыя кучары, што рассыпаліся па шырокіх плячах князя. З-за крутой лукавіны-ракі ляцелі гартаныя галасы: «Зло-обін!..», «Зло-обін!..» Папераджальна перагукваліся плытагоны, якія вірлівую лукавіну лічылі злобным месцам.
Князь задумліва пазіраў на Дняпро. «Зло-обін!..» — гукнулася ў яго душы гордым рыкам зубра ў пракаветнай пушчы, сярэбраным звонам жаўрука ў высокім небе, мяккім пошумам сонечнага ветру ў яркіх зарэчных красках. А яшчэ — песняй-плачам Петрака ў жалобным голасе лірніка. Доўга князь стаяў незварушна, потым сказаў:
— Замак будзе Злобін.