Можа менавіта ў той час людзі канчаткова глыбока пераканаліся, што Петухоў па-сапраўднаму паважаў, любіў іх і даражыў іхняй павагаю.
Так, паважаў і любіў. Тым не менш ён ніколі не стараўся быць гэтакім добранькім дзядзькам. Вось што сказаў пра яго інжынер-механізатар Васіль Цімафеевіч Ярашэвіч, які доўгі час працаваў разам з ім:
— Аляксандр Прохаравіч быў патрабавальны і строгі, але ўмеў уладжваць канфлікты. Зазмяіцца трэшчына ў адносінах з кім-небудзь, ён кажа: «Астынь, нам працаваць разам». Ніколі нікога ён дарэмна не пакрыўдзіў, нікому за доўгія гады старшынёўства не зрабіў шкоды. Ён быў чалавек з народа.
Аднак вернемся да той нарады ў гаркоме партыі. Асэнсоўваючы яе, Петухоў вырашыў: трэба неадкладна правесці пашыранае пасяджэнне праўлення калгаса. Няхай усе ведаюць, за што яго крытыкавалі. I сваю, можа, хто з праўленцаў віну ў чым адчуе.
Праўленцы пагадзіліся: безумоўна, правільна раён падказвае, вёсцы сёння не толькі свінарнікі і кароўнікі, а і дабрабыт, і прыгажосць патрэбны. Час новую школу будаваць, магазін, Дом культуры… Аляксандру Прохаравічу дадалося клопату.
Ды не было ў яго жыцці, не магло быць такіх спраў, якія б зазасцілі яму зямлю.
Не хочацца мне прыводзіць ніякіх лічбаў па паляводству і жывёлагадоўлі. Скажу толькі, што былі яны высокія, апраўдвалі працу калгаснікаў. А яшчэ ўслед за Васілём Ярашэвічам паўтару, што Петухоў быў гаспадарнік-прафесіянал высокага класа. У многіх пытаннях паляводства і жывёлагадоўлі з ім не мог паспрачацца ніхто. Вялікі вопыт, набыты асабіста і неаднойчы правераны канкрэтнай практыкай, прызнавалі ўсе. Ён быў упэўнены ў сабе, але ўвесь час аб’ектыўна адшукваў нюансы, якія ўмацоўвалі яго правату. Разам з паплечнікамі — членамі праўлення, брыгадзірамі, галіновымі спецыялістамі — ён напружана працаваў на заўтрашні дзень, клапаціўся, дбаў пра сваіх калгаснікаў. За гэта з пашанай і шчырасцю яны выбралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі, за гэта пасылалі сваім паўпрэдам у розныя прадстаўнічыя органы і арганізацыі.
Але шматгадовае напружанне ўсе часцей давала Аляксандру Прохаравічу ведаць пра сябе. I аднаго разу нечакана паклала яго ў ложак. Яму б адпачыць, аднавіць, падмацаваць сілы, а ён, колькі дзён паляжаўшы,— у радзімае поле, у стыхію сваіх несціханых захапленняў і неўтаймоўнага запалу… Ды не надоўга, на якое паўгода.
Зацвітала чаромха. Яе хмельныя пахі каціліся з прысадаў па вуліцах Пякалічаў. Надвячоркам Аляксандр Прохаравіч выйшаў за ваколіцу паглядзець жытнёвую рунь — добра ўвабралася ў сілу? Статны, жылісты, задумліва пазіраў ён удалячынь зялёнай нівы. Здавалася, зараз загучыць высокім, чыстым, як неба над галавой, голасам яго любімая песня:
Ой мороз, мороз
Не морозь меня…
А ён прыклаў руку да грудзей, дзе было сэрца, уздыхнуў, падпампоўваючы ў лёгкія паветра, якога ім не хапала, сказаў сабе:
— Відаць, стаптаўся ты ўжо, Аляксандр.
Пасля таго ён стаў працаваць інжынерам па тэхніцы бяспекі ў калгасе.
Не стала Петухова раптоўна.
На пахаванне яго сабраліся з усяго раёна. Прыехалі таксама з Гомеля, хто ведаў яго па працы. Каля труны стаяў і Каўпаеў з поўнымі вачамі слёз. Гарачых прамоў не было. Быў цяжкі, горкі смутак. I глыбокая ўдзячнасць. За тое, што ў цяжкія часы самааддана ладзіў жыццё, не даваў праржавець людскім душам, што справамі сваімі сеяў веру ў справядлівасць, за якую ўпарта змагаўся.
Калі на труну пасыпаўся жвір, Каўпаеў ціха сказаў:
— Твая зямля яшчэ прарасце дружнымі ўсходамі.
Яго пачулі. Праўда, сказаная сэрцам, добра чуваць.
Не забываюць у раёне Петухова. У гаворках пра Аляксандра Прохаравіча людзі кажуць: «Жыццё яго было самой праўдай». Я, слухаючы такія гаворкі, міжвольна пацвярджаў у думках: «Так, самой праўдай». А аднойчы, пасля размовы з Васілём Цімафеевічам Ярашэвічам, я быццам зазірнуў у нейкую святую таямніцу, і мне чамусьці прыгадаліся словы Максіма Горкага: «Хлусня — рэлігія рабоў і гаспадароў. Праўда — Бог свабоднага чалавека».
ПТУШКІ БУДЗЯЦЬ ГАЛАСАМІ...
Многія жлабінчане ведаюць Мікалая Міхайлавіча Стукача як старшыню выканкама Жлобінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Бачылі: ні свет ні зара, а ён ужо то куды на дальнюю вуліцу завітаў — як тут яе добраўпарадкоўваць трэба? — то на будоўлі дзе ходзіць, строгім прыдзірлівым вокам аглядвае яе…
А будоўлі тады, у шасцідзесятыя-сямідзесятыя гады, разгортваліся, набіралі размах. Прымаў шчаслівых навасельцаў першы жылы мікрараён, пачалі вырастаць камяніцы ў другім. Адно за адным узводзіліся і пашыраліся завод па рамонту дарожных і будаўнічых машын, швейная, мэблевая і фабрыка мастацкай інкрустацыі, малочны завод і хлебазавод, адзін з буйнейшых у рэспубліцы мясакамбінат.