Выбрать главу

Але на першым плане, безумоўна, стаяла фабрыка штучнага футра. То была галоўная будоўля горада, найпершы клопат усіх дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх арганізацый, што дбалі пра яе. Адначасова з прадпрыемствам узводзілася жыллё для рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў, установы сацыяльна-культурнага прызначэння.

— Вось завершым будаўніцтва, тады, Мікалай Міхайлавіч, вам будзе вальней ад нас, — казаў дырэктар фабрыкі Якубовіч, як ні штодня сустракаючы Стукача на будоўлі.

— Ага, тады, можа, старшыня гарсавета і ў басейне ў вас паплавае, і якія дзень-два ў санаторыі-прафілакторыі адпачне,— жартаваў Мікалай Міхайлавіч.

Ні Стукач, ні Якубовіч, аднак, ніякай вольніцы сабе ад сябе не чакалі: уся краіна дапамагала ўзводзіць фабрыку, буйнейшую сярод аднатыпных прадпрыемстваў у Еўропе, так што — не спі ў шапку, разварочвайся… Іншыя рэспублікі Саюза пастаўлялі абсталяванне, дапамагалі рыхтаваць кадры. Старшыня гарсавета радаваўся: вось што значыць братэрская наша традыцыя! I расказваў маладзейшым: калі ў дваццаць друтім годзе ў Паволжжы быў голад, рабочыя і служачыя Беларусі добраахвотна адлічвалі частку свайго заработку галадаючым, а сяляне, будучы самі паўгалоднымі, пасылалі ім хлеб. Дык жа затое пасля вайны што атрымала Беларусь, каб паўстаць з попелу і руін!.. А цяпер во!..

Яго слухалі. Яшчэ з тых далёкіх часоў нашага знаёмства я ведаў, што ад сустрэч з ім рабілася цёпла і хораша на душы.

Пазнаёміліся мы з Міколам у сорак шостым годзе. Тады дэмабілізаваны лётчык-франтавік прыйшоў на працу загадчыкам арганізацыйнага аддзела Жлобінскага райкома камсамола. Часам незнарок прыгледзеўшыся да хлопца, можна было заўважыць: у грудзях у яго не рассейваўся горкі дым вайны, але ён не засцілаў, не засціў далягляды.

Я тады працаваў загадчыкам юрыдычнай кансультацыі і быў камсамольскім актывістам. У той час адной з галоўных задач райкома было аднаўленне ў калгасах камсамольскіх арганізацый, што распаліся ў час нямецкай акупацыі. Гэтым займаліся ўсе райкомаўскія работнікі, актыў. Як цяпер памятаю, Стукач торбу з пайком, атрыманым па картачках на тыдзень наперад, за плечы — і пайшоў. Ад вёскі да вёскі, з калгаса ў калгас. Было тады ўсяго: і сумныя думкі навальваліся, і душы неспакой — ці вернецца вера ў юначыя сэрцы?..

Многія вёскі ў вайну былі спалены, ляжалі ў руінах. Райком камсамола выказаў ініцыятыву: маладзёжнай грамадой дапамагаць вяскоўцам будаваць хаты, каб хутчэй перасяліць сем’і загінуўшых франтавікоў і інвалідаў з зямлянак і злепленых з дошак халуп.

Летнім ранкам у выхадны дзень камсамольскія актывісты, хлопцы і дзяўчаты з прадпрыемстваў і ўстаноў горада прыехалі ў вёску Малевічы. За галоўнага ў той гаманкой дасужай талацэ быў Стукач. Галоўны — дык галоўны. Ён сказаў:

— Сёння мы павінны пакапаць ямкі для штандараў на падмуркі, абкарыць усё нарыхтаванае бярвенне, надраць моху ў балоце, ясна? Каб цесляры пачалі зрубы ставіць.

Ясней не скажаш. I, як пісаў паэт, зашумела, загуло.

I ўзнёсла, і крылата было там маладым.

3 вышыні на зямлю пазірала сіняе неба. Ад ліпы, якая нейкім цудам уцалела ад пажару, ліўся мядовы пах.

Увечары, стомленыя, але шчасліва ўзбуджаныя нязвыклай шчырай працаю, збіраліся дадому. Высокая сівая жанчына вынесла з зямлянкі міску, да палавіны ў якой было малако, падышла да шумнага гурту.

— Пачастуйцеся малачком, родныя мае, свежанькае, толькі падаіла козку.— Спахапіўшыся, быццам павінавацілася ў чым:— На кароўку яшчэ не разжылася, але казінае малачко дужа карыснае, пачастуйцеся, дзетачкі.— Яна мірганула светлымі вачамі, і позірк яе як застыў, скіраваны некуды за чыгунку.— Хай вам, дзеткі, здаровіцца і хай на ўсе гады вось так гуртуе вас талака.

Цяпер, калі праз столькі часу мне ўспомніліся тыя ўдзячныя словы, у адказ на іх само сабой падумалася: «Бо маладыя рукі не бізнес жа рабілі».

Прызнаюся, я быў не мала здзіўлены і абрадаваны, калі нядаўна пачуў ад Мікалая Міхайлавіча тыя словы старой жанчыны. Аднак пра гэта крыху пасля. Цяпер жа мне зноў хочацца вярнуцца да Стукача — старшыні гарвыканкама.

Старшынёўская біяграфія яго — жылыя мікрараёны, гарадскія вуліцы, школы, медыцынскія ўстановы, прадпрыемствы гандлю, установы культуры… Яна ўся навідавоку ў гараджан. Але ж каму вядома, як на практыцы ўсё рабілася, ажыццяўлялася! Толькі блізкія людзі ды бяссонныя ночы ведаюць гэта.

Пунктуальны (сказана — зроблена!), уважлівы і чулы да чалавека, Мікалай Міхайлавіч быў нецярпімы да безгаспадарчасці, абыякавасці. Усе ўсё павінны рабіць з поўнай аддачай. Але ж калі страчвалася ў каго сумленне?.. Дык не здабраваць было таму… Ды вось парадокс: і яму самому, Стукачу, бяда была ад таго. Яму — бо біла па ім рыкашэтам, маланкай па сэрцы, агнём у душу. Як жа ён недагледзеў, упусціў?.. Здаралася, і досвітак у акно ўжо зазірае, а вочы яшчэ не заплюшчваліся.