Дзяўчаткі часцяком у суботу ці нядзелю прыходзілі сюды, на адкрыты сонцу бераг. Гэта была іхняя любімая мясціна адпачынку, тут іх трапяткія душы неяк таямніча-салодка хваляваліся і як бы раскрыльваліся. Дык яны быццам хацелі налюбавацца ёю на ўсё жыццё — неўзабаве ж развітаюцца са школай і разляцяцца хто куды.
— Хы-ым, не заўважала,— не паверыла сяброўцы Тамара.
— То-омачка, ну праўда ж!.. — Блакітныя Любіны вочы хвіліну весела блішчалі, нібы ў іх светлячкі гарэлі, і раптам па-цямнелі, зрабіліся задумлівымі. Яна пакратала пальцамі, потым павольна правяла далонямі па гладкім ствале дрэва.
3 Дняпра пацягнуў лёгкі ветрык. Лісце рабіны затрапятала.
— Дык спяваю, кажаш?.. Гэта, мусіць, таму, што рабіна… Заўсёды мне здаецда, што я чую, як яна ціха спявае. I ўсё розныя песні, усё розныя… Мелодыя быццам з каранёў разам з сокам ідэе да лісця. Нават рука чуе яе пад карою, калі возьмецца за ствол ці галінку.
Сяброўкі пазіралі на раку. Над імі таямніча, даверліва шамацела маладым лісцем кучаравая рабіна.
Недзе блізка і далёка, у неспакойным, узрушаным свеце разгайданае тлумнай віхурай жыццё хвалявала людзей трывогаю: што чакае наперадзе, як будзе жыцца далей? А над Дняпром звонка, у два маладыя галасы ляцела:
А ці снег мяце, а ці дождж ідзе —
Ты заўжды са мною.
Высокае сонца цяпліла дзявочую песню. А ў людзей спрадвеку вядзецца: дзе цёплая шчырая песня, там дабрыня ў сэрцах і лад у думках, там хлеб на стале і госць у хаце.
***
Абзац напаследак. Чалавек глядзіць на жыццё і слухае яго ўсім сабою. Удзень і ўначы, «а ці снег мяце, а ці дождж ідэе», мне чуюцца па-над Дняпром песні любові і прагі жыцця. А яшчэ — сэрца чуе і гукае ў свет пранікнёныя словы майго малодшага таварыша і земляка, шчырага паэта-грамадзяніна Міколы Кусянкова: «Русь, якую называюць Белай, Я памру, а ты заўсёды будзь». Гукае як запавет сумлення, як заклён святога абавязку перад Айчынай.
Чалавек, сумленны, шчыры і горды, насуперак бурам і навальніцам крочыць па жыцці тварам да надзеі.
Мастак У.В. Тумінок.
Вокладка мастака С.В. Ланбіна.