Назаўсёды запомнілася Міхасю гаворка з іхнім пастухом Радзівонам. На двары Радзівон падыйшоў да яго, павітаўся і бойка спытаў:
— Малюеш, паніч?
— Так, малюю.
— Каго?
— Розных людзей.
— А ты нашага стадніка намалюй.
Міхась паглядзеў тады на дзівака паблажліва і з прыхаванай іроніяй: святая прастата! На другі дзень, калі пастух прыгнаў статак з пашы, ён міжвольна прыгледзеўся да рабага крутарогага быка і зразумеў: якое пільнае на красу вока ў Радзівона!.. Жывёліна была наўздзіў прыгожая сваёй магутнай стрыманай сілай, якая таілася ў яе буйной, велічнай істоце. Добра адпачыўшы дома пасля вучобы, Міхась Башылаў паехаў у Маскву. Уладкаваўся там перакладчыкам у архіве міністэрства замежных спраў. Адначасова вольным слухачом стаў наведваць заняткі ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу і скульптуры.
У гэтым самым вучылішчы Міхаіл Сяргеевіч пасля атрымаў пасаду інспектара. Там ён упершыню і сустрэўся з Львом Талстым, які даводзіўся яму далёкім родзічам. Башылаў быў дваюрадным дзядзькам Соф’і Андрэеўны, жонкі пісьменніка. Леў Мікалаевіч, нечакана захапіўпшся скульптурай, а дакладней — лепкай, як працэсам творчасці, нярэдка завітваў у вучылішча.
Аднак гэта было потым, у пачатку шасцідзесятых гадоў.
У першыя гады жыцця ў Маскве скупы на ласку Міхасёў лёс усё ж зрабіў яму падарунак — пазнаёміў з мастаком Жамчужнікавым, з якім яны пасябравалі на ўсё жыццё. Жамчужнікаў пільна сачыў за творчасцю сябра і высока ацаніў яго карціну «Прыйшло пісьмо ад сына». Прапанаваў яму — не, найбольш па-дружбацку запатрабаваў: пашлі яе ў Акадэмію мастацтваў у Пецярбург.
Акадэмія адзначыла карціну сярэбраным медалём.
Строгі, прынцыповы літаратурны крытык Дзмітрый Пісараў высока ацаніў малюнкі Міхаіла Сяргеевіча да кнігі пісьменніка Галіцынскага. «Яны нагадваюць сабой манеру Гаварні і выкананы вопытнай і майстэрскай рукою». Манеру Гаварні!.. Хто не ведаў тады Поля Гаварні! Знакамітасць, вышэйшы аўтарытэт у галіне ілюстрацыі мастацкіх твораў у тагачаснай Францыі!
Дасягненні і поспехі акрылілі мастака-ілюстратара Міхаіла Башылава ў далейшай працы — над камедыяй Грыбаедава «Гора ад розуму». Ілюструючы бессмяротны твор, ён чуў у сабе такое натхненне, якога не спазнаваў раней. I зрабіў адметныя малюнкі, якія высока ацаніла крытыка, з радасцю ўспрынялі аматары літаратуры і мастацтва.
На такім жа высокім узлёце працаваў Башылаў і над «Вайной і мірам». Ды тут гэты пажар. А за ім — зусім незразумелае, прыкрае і страшнае: неспадзяваны здрадлівы ўпадак сіл, нейкая тупая апатыя і страхатлівыя сумненні. Адкуль яно? Поспехі — не рэальныя, прывідныя? Міраж?.. Кінуць, адмовіцца ад усяго?.. А як жа сям’я — любая жонка Марыя Іванаўна, пяцёра дзяцей?..
Ткаліся, ткаліся думкі ў галаве. I на аснову былі, і на ўток. Падумаўшы пра жонку, Міхаіл Сяргеевіч нібы спытаў у яе: «Як, Маша?» Ну так жа, спытаў, бо адразу і пачуў — яна адказала: «Міша, а ты сам хіба яшчэ не да канца ўсвядоміў, што ілюстрацыя — доля твая, а не забава?» Яму падалося, што ён не падумаў, а ўсклікнуў: «Так, доля, аднак чаму раптам?..» Ён не хацеў гэтай думкі, абарваў яе рашуча, са злосцю. Баяўся, што за ёю прыдзе другая, якая стаілася на самым сподзе душы, бязлітасная і няўмольная: «Хвароба?..» Устаў з канапы, прайшоўся па пакоі. Крыху ссутулены, сіваваты, ён быў падобны на нейкага казачнага персанажа. «Не, маляваць, маляваць!..» Раптам нібы што скінуў з сябе, рашуча падышоў да раяля. «Любила я твои глаза, когда их радость озаряла…» Прыемны моцны барытон мякка, з лірычным натхненнем заспяваў раманс Мацвея Віельгорскага. Але ў голасе ледзь улоўна загучалі нейкія хрыплаватыя ноткі, якія аслаблялі яго.
За працу над творамі Салтыкова-Шчадрына мастак узяўся з ранейшым імпэтам. Глыбокія па зместу і ідэі «Губернскія нарысы» вымагалі выдатных ілюстрацый. Ён зрабіў іх каларытнымі, уражлівымі тонкай мастацкай пранікнёнасцю ў характары персанажаў неўміручых твораў. Малюнкі цешылі чытачоў часопіса «Художественный листок», які друкаваў іх у шэсцьдзесят восьмым — сямідзесятым гадах.
Гэта быў апошні ўзлёт Башылава-мастака. Цяжкая хвароба горла няўмольма абвастралася. Яна прымусіла Міхаіла Сяргеевіча пакінуць працу і паехаць лячыцца ў Ціроль. Але медыцына ўжо не ўратавала яго.
Хто ведае, пра што Міхаіл Сяргеевіч думаў у свае апошнія гадзіны жыцця. Можа, затухаючымі думкамі і пачуццямі ён на хвіліну перанёсся ў мілыя сэрцу Пірэвічы?.. У лістападзе тысяча восемсот сямідзесятага года ў горным мястэчку Боцан чужая зямля назаўсёды ўзяла ўраджэнца Беларускага прыдняпроўя, слыннага расійскага мастака Міхаіла Сяргеевіча Башылава. Аднак для нашчадкаў на радзіме ён - назаўсёды застаўся ў ілюстрацыях многіх кніг, у шматлікіх сваіх малюнках, дваццаць тры з якіх захоўваюцца ў маскоўскім музеі Льва Талстога. Зямляк наш жыве ў добрай памяці і беларусаў, і расіян, і ўкраінцаў, якую сардэчнымі словамі выказаў яго сябар Леў Жамчужнікаў: «Ён быў таленавіты ва ўсім і адукаваны выдатна; разбіраўся ў многіх навуках; ведаў некалькі моў, жывапіс, скульптуру, архітэктуру, разьбу па дрэву, іграў на раялі, што пажадаецца… цудоўна спяваў. Да ўсяго гэтага быў далікатны, добры і сумленны чалавек».