У камеры ўсе паважалі Інгелевіча, ціхага, спакойнага чалавека, немаладога веку. Любілі слухаць легенды і былі пра Беларусь, якія ён задушэўна расказваў. У словах яго, пра што б ён ні распавядаў, заўсёды чулася беззапаветная любоў і адданасць роднай зямлі. I гэта асабліва было дорага Васільеву.
Нарэшце настаў апошні дзень катаргі. Дваццаць шэсць гадоў было Рыгору Васільеву, калі ён выйшаў за вароты Акатуеўскага астрога. Але няволя яго на тым не скончылася. Царскія ўлады вызначылі яму пажыццёвае пасяленне ў Якуціі.
Якуцкая ссылка была для палітычных ссыльных турмой без кратаў. Там яны не мелі ніякіх правоў. Матэрыяльна не былі забяспечаны, цярпелі нястачы, жылі ў беднасці.
Пры значнай колькасці ссыльных у Якуцку, невялікім гарадку, цяжка было знайсці работу і заробак, асабліва ў доўгую сцюдзёную зіму. Надломваліся душэўныя сілы — няўжо так будзе да канца дзён?.. Скруха і роспач камянямі навальваліся на душу Васільева, рваў-шкуматаў яе горкі адчай: «Дзе ж мае вараныя!..»
Але бунтоўная мяцежная воля яго ўпарта змагалася з навалай. Ён са злосцю адпрэчваў прыкрую, здрадлівую паняверку. Не, праўда заўсёды перамагала крыўду, інакш не было б жыцця. У неверагодных цяжкасцях, часам у смяртэльнай барацьбе, а перамагала… Успаміналася бацькава замова: «Гартуй свой рабочы дух, сын». На памяць прыходзіў Кальцоў, якога чытаў у вучылішчы: «Развернись плечо, размахнись коса!..» I быццам чуў, як выпроствалася спіна, напружваліся мускулы. На змену роспачы тады прыходзілі мары. Як жа можна было жыць бяскрыла, без іх?!.
Некалі нямецкі філосаф Фіхтэ ўсклікнуў: «Няхай пакіне мяне ўсё астатняе, толькі б не пакінула мужнасць!». Васільева мужнасць не пакінула.
У ссылцы Рыгор Арцёмавіч працаваў па найму ў жыхароў Якуцка і ў заможных сялян, «сектантаў-скапцоў», у прыгарадным паселішчы Марха на ўборцы ўраджаю ў час кароткага паўночнага лета. Давялося яму таксама працаваць з тэадалітам і нівелірам у глебава-батанічнай экспедыцыі Пецярбургскай акадэміі навук, рамантаваць сельскагаспадарчыя машыны на складзе абласнога агранома і ў сялян, навучаючы іх рабоце на гэтых машынах.
На рамонце машын у агранома ён пазнаёміўся са ссыльным дэпутатам царскай Думы Рыгорам Іванавічам Пятроўскім, які таксама там працаваў.
У Якуцку ў той час ужо існавала арганізаваная група сацыял-дэмакратаў, у якую ўваходзіў і Рыгор Васільеў. 3 прыбыццём у Якуцкую ссылку Пятроўскага, Арджанікідзе і Емяльяна Яраслаўскага група акрэпла арганізацыйна і ідэалагічна. Чыталіся лекцыі, рэфераты і даклады, праводзілася рэгулярная гуртковая работа.
Намаганнямі палітычных ссыльных і з іх непасрэдным удзелам у горадзе неаднаразова выдаваліся газеты дэмакратычнага накірунку, якія часта закрываліся мясцовай адміністрацыяй. Адной з такіх газет была «Якуцкая акраіна». Яна выходзіла да семнаццатага года і сваімі публікацыямі адыграла значную ролю ў перадрэвалюцыйных падзеях.
Васільеў актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, пад псеўданімам друкаваў свае заметкі і допісы ў «Якуцкай акраіне». Ён быў чалавекам веры. I яна вяла яго, маладога і гарачага, па цярністым шляху рэвалюцыі.
Ішоў чырвоны семнаццаты год. Між цёмных хмар мільгануў прамень надзей.
Звесткі аб лютаўскай рэвалюцыі даляцелі да ссыльных хутка — праз умоўную прыватную тэлеграму з Еўрапейскай часткі Расіі. Адразу ў Якуцку быў створан рэвалюцыйны камітэт. Атрад пасяленцаў заняў пошту, тэлеграф, і ўсе чыноўнікі падпарадкаваліся камітэту. На чале рэвалюцыйнай улады — камісарам Часовага Урада — стаў Рыгор Іванавіч Пятроўскі.
3 першых дзён ссыльныя наладжвалі мнагалюдныя сходы гараджан, на якія запрашалі прадстаўнікоў мясцовага гарнізона. На сходах яны растлумачвалі задачы рэвалюцыі. Нястомны Васільеў не ведаў у гэтай справе ўгамону.
У канцы мая, калі скупое паўночнае сонца растапіла на Лене лёд, параходы адзін за адным павезлі з Якуціі ўчарашніх ссыльных. Скончылася іхняе бяспраўнае існаванне.
Улетку Рыгор Арцёмавіч вярнуўся ў Беларусь, прыехаў у Гомель. Акрыленая свабодай душа прагнула працы. I вось ён — на Гомельскім дрэваапрацоўчым заводзе, начальнік цэха. А неўзабаве па волі рабочых прадпрыемства яго прызначылі дырэктарам. «Цяпер, Рыгор Арцёмавіч, шукай і разгадвай сваю Сінюю птушку»,— патэтычна сказаў ён сам сабе, з галавой акунаючыся ў працу.
Ды мірна працаваць перашкодзіла яму вайна. На польскім фронце ён адбудоўваў масты цераз Дняпро, іншыя вялікія і малыя рэкі.
У дваццаць другім годзе Васільеў назаўсёды вярнуўся на чыгунку. Трэба было адбудоўваць краіну, а ў гэтых абставінах кожны павінен рабіць сваю справу… I чыгунка стала яго жыццём.
У асабовай справе Рыгора Арцёмавіча ёсць даведка, што яму выдадзена грашовая прэмія за тэхнічнае ўдасканаленне пагрузкі ваганетак «Артур-Копель», якое дало значную эканомію ў выкарыстанні рухомага саставу.