Выбрать главу

Са шматлікіх песен, якія чуў я ў дзяцінстве ў роднай хаце, запомнілася мне і вось гэтая:

— Солдатушки, бравы ребятушки,

А кто ваши деды?

— Наши деды — славные победы.

Вот кто наши деды!

Цяпер словы песні сталі набываць для мяне канкрэтны сэнс і маляваць вобраз. Мне ўяўляўся бравы грэнадзёр з прыгожымі заліхвацкімі вусамі, з бездакорнай салдацкай выпраўкай. Я не толькі бачыў таго ўяўнага грэнадзёра, а і ведаў яго імя: Павел Міхайлавіч Канаплянікаў, наш зямляк.

Раней мы ўпарта замоўчвалі пра герояў першай сусветнай вайны. Якімі яны маглі быць героямі? Вайна імперыялістычная, вёў яе царызм у інтарэсах памешчыкаў і капіталістаў… Аднак жа салдаты праяўлялі доблесць і геройства.

Чаму?.. Бо трэба было вызваляць захопленую войскамі германскага кайзера тэрыторыю Расійскай дзяржавы.

Думаючы пра салдата Паўла Канаплянікава, я часта бачыў яго то ў полі, то на сенажаці, то ў вясковай хаце на вечарынцы… На першым часе здзіўляўся: адкуль, з чаго ідуць такія ўяўленні? Пасля зразумеў: натуральнае людское жаданне — бачыць чалавека прыгожым. А духоўная прыгажосць яго найперш высвечваецца ў звычайных жыццёвых праявах кожнага дня. Салдатам жа героем можа быць толькі прыгожы душою чалавек. Вунь у гэтай, Айчыннай вайне!.. Усе тыя беззапаветна адчайныя і смелыя, каго я спазнаў на вогненных партызанскіх сцежках і перунова-грымотных франтавых дарогах, былі людзі сумленнага, чыстага гарту.

Часта ўспамінаць Паўла Міхайлавіча я стаў пасля таго, калі ўмацаваўся ў думцы напісаць пра яго нарыс. Дык што ж ён доблеснае здзейсніў?

…Па заснежанаму полю, ледзь не спластоўваючыся з долам, паўзе ў варожы стан ланцужок разведчыкаў. У акопе на касагоры — імгненная рукапашная схватка, здушаны стогн звязанага па руках, з кляпам у роце кайзераўца. I рухавы ланцужок з «языком» — назад. А ў выніку — загад па чацвёртаму армейскаму корпусу ад трыццаць першага студзеня пятнаццатага года, згодна з якім яфрэйтар сто семнаццатага Яраслаўскага палка Павел Канаплянікаў узнагароджваўся Георгіеўскім крыжам чацвёртай ступені.

Лета тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года. На фронце старшы унтэр-афіцэр Канаплянікаў удзельнічае ў цяжкіх, упартых наступальна-вызваленчых баях, за што ўдастойваецца Георгіеўскага медаля чацвёртай ступені.

У верасні таго года варожая куля знайшла на полі бою адважнага воіна. Лячэнне, кароткая перадышка ў шпіталі і — зноў фронт.

Гарачыя атакі і контратакі кулямётнай каманды «Кольт» таго ж Яраслаўскага палка. Імя Канаплянікава грыміць славаю далёка за межамі палка. Разгром роты варожых уланаў; захоп нямецкай гаўбічнай батарэі; перамога ў баі за пераправу цераз балотную рэчку, што забяспечыла далейшае імклівае наступленне і выратаванне замініраванай немцамі вясковай царквы, у якой яны зрабілі свой артылерыйскі склад… А за ўсё гэта да ранейшых узнагарод на салдацкай гімнасцёрцы Паўла Міхайлавіча дадаліся Георгіеўскі крыж трэцяй ступені і яшчэ адзін Георгіеўскі медаль.

Старшаму унтэр-афіцэру Паўлу Канаплянікаву спадарожнічала не толькі слава адважнага воіна, а і таварыскае давер’е, пашана салдат і афіцэраў, якія яго ведалі. Яны аднагалосна абралі яго запасным членам дысцыплінарнага суда кулямётнай каманды. I гэта не выпадкова. За вялікі гонар лічылі ўзнагароджанне салдацкім Георгіеўскім крыжам не толькі салдаты, а і лепшыя рускія афіцэры.

3 усяго сказанага вышэй вынікае адназначна: Павел Міхайлавіч Канаплянікаў быў расійскім патрыётам. Не сацыяльнага строю дзяржавы, не — патрыётам Айчыны.

Працуючы над гэтым нарысам, я прыгадаў, што некалі бачыў у часопісе «Наше наследие» групавыя здымкі салдат царскай арміі. Адшукаў часопіс, яшчэ раз паглядзеў тыя здымкі. На адным вялікі гурт стаіць паўкругам, хлапчук вясковага аблічча іграе на дудцы, а двое весялуноў заліхвацкі вытанцоўваюць упрысядкі. Мне падумалася: сярод іх, можа, знаходзіцца і Павел Міхайлавіч; гэта ён, можа, выкідвае такія каленцы?..

А як склаўся далейшы лёс грэнадзёра?

У войску Канаплянікаў жыў у акрасе салдацкай славы, а сам у часы кароткіх франтавых перадыхаў сніў сны, што густа пахлі збажыной і лугавымі травамі. Калі адшумелі ваенныя ліхалецці, ён вярнуўся ў роднае прыдняпроўе, у вёску Грабск.

Сялянская душа прагнула працы на зямлі. Быў ён голы, як стары венік і разжываўся з мазаля.

Ішоў час. Павел Міхайлавіч гадаваў пецярых дзяцей, і больш за дзесяць гадоў членам сельсавета ўсталёўваў савецкую ўладу на вёсцы. У трыццатых уступіў у калгас. Неаднойчы выбіраўся членам праўлення калгаса.