У Айчынную вайну ён ледзь не паплаціўся галавой за свой клопат пра грамадскае дабро.
Калі немцы занялі Мінск, ён заявіў на праўленні:
— Я гэтага ворага ведаю, сустракаўся з ім. Неабходна гнаць жывёлу глыбей ў тыл.
Знайшліся такія, што засыкалі на яго:
— Не панікуй, Міхайлавіч, не трэба. Баязлівец і панікёр — вораг.
Але ён упарта стаяў на сваім: «Не меншы, можа, вораг і той, хто кажа, што шапкамі закідаем фашыста».
Гітлераўцы, якія адразу сталі ладзіць свой «новы парадак», грозна запыталі ў вяскоўцаў: дзе калгасная жывёла?.. Нейкі гад шапарнуў ім, што кароў выгналі па настаянню Канаплянікава. Яго арыштавалі. «Бальшавік? Навошта справадзіў жывёлу?» — «Той, хто справадзіў яе, цяпер недзе з ёю. А я тут вось, перад вамі»,— смела адказаў Павел Міхайлавіч.
Дзесяць дзён марнавалі яго ў арыштанцкай. Вяскоўцы дружна заступіліся за земляка, якога глыбока паважалі за дабрату і шчырасць: «Не, гэта старшыня калгаса перад тым, як пайсці ў войска, так распарадзіўся».
Той дзень, калі Павел Міхайлавіч вызваліўся з-пад арышту, быў і выратавальнікам яму, і днём наказной бацькоўскай гаворкі з дзецьмі. Тады ён як заклён перадаў ім тое сваё, з чым нязбочна ішоў праз сваё цяжкае, супярэчлівае жыццё: «Белы свет прыгожы чалавекам. Жывіце, дзеці, для людзей, і людзі будуць жыць для вас».
Такія вось былі яны — «солдатушки, бравы ребятушки». Так, «Наши деды — славные победы. Вот кто наши деды!»
ШУКАЛЬНІК НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА
У Беларускім дзяржаўным універсітэце я сустрэўся на лесвічнай пляцоўцы з высакаватым сівагаловым мужчынам. Мы чамусьці з увагай зірнулі адзін на аднаго, і нечакана для сябе самога я спытаў у яго:
— Вы не скажаце, у якім годзе пабудавалі гэты будынак?
Ён задумаўся, стаў прыгадваць — калі ж?..
— То, можа, памятаеце, хто быў тады рэктарам універсітэта? — падступаўся я да галоўнага, што цікавіла мяне.
— Антон Нічыпаравіч Сеўчанка,— ажывіўся мой субяседнік.— Яму за новы ансамбль універсітэцкіх будынкаў прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы.— У пругкім прыемным голасе мне пачуўся прыхаваны гонар.
Не, высокае працоўнае званне Антону Нічыпаравічу прысвоілі, коратка кажучы, за ўсё разам. Але аб гэтым — пасля. Цяпер жа, не ўдаючыся ў падрабязнасці, толькі скажу: галоўны корпус універсітэта, які выходзіць фасадам на плошчу Незалежнасці, светлую ўкрасу Мінска, сапраўды велічнае, манументальнае збудаванне.
Ва універсітэт я хадзіў, каб пазнаёміцца ў яго музеі з экспанатамі, якія расказваюць пра Антона Сеўчанку. А перад тым пабываў у вёсцы Дзяніскавічы Жлобінскага раёна, дзе ён нарадзіўся і гадаваўся.
Нямногія, але хто-ніхто са старэйшых вяскоўцаў памятае шустрага, дасужага хлапчука. Гадаваўся ён у мнагадзетнай сям’і селяніна Сеўчанкі Нічыпара Маркавіча. I за статкам хадзіў, і за плугам. А ўсё з кніжкаю. У хвіліны адпачынку сядзе пад дрэвам дзе ці пад стогам сена — і зашамацеў старонкамі. Ці возьме розку і вычэрчвае нешта на зямлі, задачку нейкую рашае. Ведама — грамацей!.. Так і казалі пра яго вяскоўцы: «Грамацей Нічыпараў». Усе чамусьці лічылі, што ён будзе настаўнікам. Таму, можа, што ў тыя часы на вёсцы настаўнік быў самым паважаным і ганаровым чалавекам.
Ён і сапраўды стаў ім — добрым, чулым, удумлівым настаўнікам моладзі. Пасля заканчэння ў Дзяніскавічах пачатковай школы, вучыўся ў земскім вучылішчы, скончыў Рагачоўскі педтэхнікум. Працаваў настаўнікам, дырэктарам сямігодкі ў саўгасе «Жылічы».
Але лёс распарадзіўся так, што неўзабаве Сеўчанка пайшоў у навуку і стаў затым слынным вучоным. Ці мог ён, сельскі хлопец, думаць, што будзе шукальнікам незвычайнага святла?
Пачатак цяжкіх трыццатых гадоў… Краіна з усіх сіл намагалася наладзіць і развіваць эканоміку, навуку, культуру. Антон Сеўчанка ў трыццаць другім годзе паспяхова заканчвае Беларускі дзяржаўны універсітэт. Ва універсітэцкіх аўдыторыях юнак пачуў у сабе неадольную цягу да фізікі. I калі атрымаў дыплом, з палкім маладым задорам пажартаваў сам сабе: «Антон, не ўсе яшчэ законы фізікі адкрылі людзі, пастарайся». Ён сказаў і збянтэжыўся: задавака… А тым часам пацвердзіў сваё рашэнне: працягвай вучобу.
Сур’ёзна і глыбокадумна аддаўся малады дапытлівы спецыяліст вучобе і навуковым даследаванням у аспірантуры фізіка-матэматычнага інстытута Акадэміі навук Савецкага Саюза, а затым у Дзяржаўным аптычным інстытуце ў Ленінградзе. Навуковым кіраўніком яго ў гэтых інстытутах быў акадэмік Сяргей Іванавіч Вавілаў. У трэцім выданні «Малой савецкай энцыклапедыі» пра Вавілава напісана: «Ім створана вялікая школа савецкіх фізікаў-оптыкаў». Адным з тых школьнікаў быў Антон Сеўчанка.