Выбрать главу

Генрых Бёль

Дом без гаспадара

Раман

Пераклад з нямецкай

1

Ён прачынаўся, як толькі маці сярод ночы ўключала вентылятар, хоць гумавыя лопасці круціліся амаль бязгучна: прыглушанае гудзенне і час ад часу перапынак, калі ў лопасцях заблытваўся край гардзіны. Тады маці з ціхай лаянкай уставала з ложка, вызваляла гардзіну і заціскала яе паміж дзверцамі кніжнай шафы. Абажур лямпы быў з зялёнага шоўку — вадзяністая зелень, а праз яе — жоўтыя промні, і яму здавалася, што чырвонае віно ў шклянцы на тумбачцы каля ложка маці вельмі падобнае на чарніла: цёмная, цягучая атрута, якую яна пацягвае маленькімі глыткамі. Маці чытала, курыла і зрэдку адпівала глыток.

З-пад прыплюшчаных павек ён назіраў за ёю, не варушачыся, каб не прыцягнуць яе ўвагі, і праводзіў позіркам дым цыгарэты, што цягнуўся да вентылятара; паветраны струмень усмоктваў і крышыў белыя і шэрыя воблакі, а затым мяккія зялёныя лопасці перамолвалі іх і выкідвалі прэч. Вентылятар быў вялікі — такія стаяць у магазінах — дабрадушны буркун, ён за некалькі хвілін ачышчаў паветра ў пакоі. Тады маці націскала кнопку на сцяне там, дзе над ложкам вісеў фотаздымак бацькі: усмешлівы юнак з люлькай у роце, занадта малады, каб быць бацькам адзінаццацігадовага хлопчыка; бацька быў такі ж малады, як Луіджы з кафэ Генэля, як нясмелы маленькі новы настаўнік, значна маладзейшы, чым маці, а яна выглядала гэтак жа, як і маці іншых дзяцей, ніколькі не маладзейшай. Бацька — гэта ўсмешлівы хлопец, але вось ужо на працягу некалькіх тыдняў хлопчык бачыць яго ў сне зусім не такім, як на партрэце,— журботна паніклы чалавек сядзіць на чарнільнай кляксе, быццам на воблаку, твару ў яго няма, але ён плача, таму што чакае ўжо мільён гадоў; на ім мундзір, але без знакаў адрознення і без ордэнаў; гэты прышэлец раптоўна ўварваўся ў сны хлопчыка, зусім іншы, чым яму хацелася б бачыць бацьку.

Самае галоўнае ляжаць ціха, ледзь дыхаючы, з заплюшчанымі вачыма, тады па шоргаце ў доме можна даведацца, колькі часу: калі Глума ўжо не чуваць, азначае палову адзінаццатай, калі не чутно Альберта, азначае адзінаццаць. Звычайна ён яшчэ чуе Глума ў пакоі наверсе — цяжкія, размераныя крокі, або Альберта ў суседнім пакоі — Альберт насвіствае за працай. Бывае, і Больда позна ўвечары спускаецца на кухню і пачынае там валтузню — шаргацяць крокі, асцярожна шчоўкае выключальнік, ды ўсё ж амаль кожны раз Больда наторкваецца на бабулю, і з пярэдняй чуваць глухі голас:

— Ах ты, ненажэра, зноў распачала гатаванне сярод ночы? Зноў смажыш, парыш, варыш нейкую дрэнь?

I ў адказ пранізлівы смех Больды.

— Так, старая карга, я выгаладалася, хочаш за кампанію?

Зноў пранізлівы смех Больды і глухое, поўнае гідлівасці «цьфу» бабулі. Часам абедзве гавораць шэптам, толькі зрэдку чуваць смех: пранізлівы — Больды, глухі — бабулін.

Іншая справа — Глум, той ходзіць наверсе туды-сюды і чытае загадкавыя кнігі: «Дагматы», «Багаслоўе і маральнасць». Роўна ў дзесяць Глум заўсёды ідзе ў ванну, мыецца — шум вады, затым «пых!» гэта ён запаліў газавую гарэлку,— і разам успыхнула мноства язычкоў; затым Глум вяртаецца да сябе, тушыць святло і ўжо ў цемры апускаецца на калені перад ложкам — моліцца. Чуваць, як Глум цяжка грукае каленьмі аб падлогу і, калі ў доме ўсюды ціха, як Глум бармоча словы малітвы. Доўга-доўга моліцца Глум у сваім цёмным пакоі. Затым устае з каленяў, і тады пад ім вішчаць спружыны матраца,— гэта азначае, што роўна палова адзінаццатай.

Астатнія — акрамя Глума і Альберта — трывалых звычак не мелі: Больда часам спускалася ўніз ужо за поўнач і гатавала сабе снатворнае — лісце хмелю, якое яна трымала ў рудым папяровым пакуначку; здаралася, што бабуля заходзіла на кухню, пасля таго як даўно ўжо прабіла гадзіну ночы, рабіла сабе цэлую гару бутэрбродаў з мясам і, заціснуўшы пад пахай бутэльку віна, ішла ў свой пакой. Часам сярод ночы бабуля раптам схамяналася, што ў цыгарэтніцы не засталося цыгарэт — у прыгожай блакітнай парцалянавай цыгарэтніцы, якая ўмяшчала адразу два пачкі. Тады яна сноўдала, шоргаючы нагамі, па ўсім доме, бурчала, шукала цыгарэты — вялікая, з вельмі светлым! валасамі і ружовым тварам; спачатку яна заходзіла да Альберта: толькі Альберт курыў цыгарэты, якія былі ёй да густу. Глум заўсёды курыў люльку, а маміны цыгарэты старой не падабаліся: «Бабская забаўка — мяне нудзіць, як я на іх гляну»; у Больды ў шафе заўсёды было некалькі скамечаных, заляжалых цыгарэт, якімі яна надзяляла паштальёна і манцёра — з гэтых цыгарэт бабуля ўсяляк здзекавалася: «Яны маюць такі выгляд, быццам ты іх вылавіла ў святой вадзе, а затым высушыла, старая мурза,— яны хіба толькі манашкам прынадныя, цьфу!» А здаралася, у доме не было аніякіх цыгарэт; тады Альберту прыходзілася сярод ночы апранацца і ехаць на сваёй машыне ў горад па цыгарэты, бывала, яны разам з бабуляй збіралі па ўсім доме манеты для аўтаматаў. Але тут ужо бабуля не жадала абмяжоўвацца дзесяткам або двума — яна патрабавала ніяк не менш паўсотні цыгарэт у ярка-чырвоных пачках з надпісам — Тамагаўк. Натуральны віргінскі тытунь — вельмі доўгія, бялюткія, вельмі моцныя цыгарэты.