Марціну вельмі хацелася збегаць на дах, да клумбаў і да фантана, паглядзець на Рэйн. Няблага было б спусціцца і ў роў; там на зямлі валяюцца кавалкі бетону, а наверсе каля самага краю растуць старыя таполі.
Але Альберт цягнуў яго за сабой наверх, міма варот па асфальтаванай дарожцы. Каля машыны на насыпе сядзела Больда і махала ім рукой.
— Чаго ты носішся як апантаны! — зноў закрычала наверсе адна матуля.
— Асцярожней! Глядзі, куды ідзеші — падхапіла другая.
— Не падыходзь блізка да краю!
Яны моўчкі селі ў машыну. Цяпер ззаду села Больда. Ад яе ўсё яшчэ пахла чыста вымытай падлогай. Змяшаны пах вады, шчолаку і нашатыру. Яна заўсёды падлівала ў вядро нашатыр.
Марцін сеў каля Альберта, глянуў на яго збоку і зноў спалохаўся. За гэтыя некалькі гадзін Альберт быццам пастарэў на шмат гадоў, зрабіўся гэтакім жа старым, як настаўнік, як сталяр. Марцін здагадваўся, што ў гэтым вінаваты нацы. Яму зрабілася сорамна за тое, што ён так невыразна ўяўляў іх сабе. Ён ведаў, што Альберт гаворыць толькі праўду, і быў перакананы, што нацы сапраўды вельмі кепскія людзі. Але так гаварыў адзін толькі Альберт, а супраць яго мноства людзей, якія лічаць, што нацысты не такія ўжо і страшныя.
Альберт моцна сціснуў ягоную руку і сказаў:
— Запомні гэта назаўсёды.
— Не, не, я нізавошта не забуду,— таропка адказаў Марцін.
Боль у руцэ там, дзе яе сціснуў Альберт, яшчэ доўга не праходзіў, і Марцін адчуваў, як усё гэта ўразаецца яму ў памяць — цяжкі пах, паўзмрок, гной, дзіўныя пюпітры з кнопкамі, правады, якія ідуць глыбока ў зямлю. Там забівалі людзей, і ён запомніў гэта назаўсёды, як і вячэру ў шынку ў Фавінкеля.
— Божа мой! — загаласіла Больда за ягонай спінай.— Не забірай ты ад нас хлапчанё! Я ўсё буду рабіць, што ты скажаш! Сілы не пашкадую, толькі пакінь яго дома!
— I Генрых таксама будзе жыць у Бітэнхане? — у сваю чаргу нясмела запытаў Марцін.
Ён уявіў сабе Генрыха ў Бітэнхане, без яго вечнага клопату, без дзядзькі Лea, успомніў, як Віль з усмешкай падсоўвае яму маслёнку, усё падкладваючы ў яе масла.
— Яму можна паехаць са мной? — запытаў ён ужо больш настойліва.— Ці я застануся там зусім адзін?
— Я буду з табой,— адказаў Альберт,— табе гэтага мала? А Генрых будзе прыязджаць да цябе ў госці, калі захоча. Я заўсёды магу падвезці яго на машыне,— бо я кожны дзень буду ездзіць у горад па справах. Для вас абодвух там месца не хопіць. Дый маці Генрыха яго не адпусціць: ён жа дапамагае ёй па гаспадарцы.
— Без Вільмы Генрых не паедзе,— нерашуча сказаў Марцін.
Ён ужо ўявіў сабе новую школу, незнаёмых дзяцей. Ён ведаў толькі некалькі хлопчыкаў з вёскі — тых, з якімі ён гуляў у футбол.
— Як гэта «без Вільмы не паедзе»? Чаму?
— Леа б'е яе, калі нікога няма дома. Яна баіцца з ім аставацца адна і плача.
— Не, гэта немагчыма,— сказаў Альберт,— не магу ж я сапраўды пасяліць у маці адразу траіх дзяцей! Зразумей, ты ж не можаш усё жыццё жыць разам з Генрыхам!
Альберт пераключыў хуткасць і моўчкі аб’ехаў
вакол евангелічнай царквы. Затым ён зноў загаварыў, загаварыў абыякава, як служыцель даведачнага бюро! Ён дзяліўся чужой прамудрасцю, нудна, без натхнення, быццам выдаваў бясплатную даведку. Тэкст даведкі аднойчы і назаўсёды зацверджаны, і ў голасе служыцеля поўная абыякавасць.
— Некалі табе ўсё роўна прыйдзецца з намі разлучыцца, і са мной, і з мамай, і з Генрыхам. А Бітэнхан жа не на краі свету! Табе там будзе лепш.
— Мы зараз заедзем па Генрыха?
— Не, пазней,— сказаў Альберт,— спачатку трэба пазваніць тваёй маме, затым заедзем дадому, возьмем твае рэчы, усё, што табе неабходна на першым часе. Ды перастань ты румзаць! — сярдзіта дадаў ён, звяртаючыся да Больды.
Але Больда працягвала плакаць, і Марціна палохалі яе слёзы. Яны паехалі далей. Запанавала маўчанне, і чуваць было толькі, як усхліпвае Больда.
Нэла заплюшчыла вочы, зноў адкрыла іх, потым зноў і зноў, але прывід не знікаў. Па алеі гужам цягнуліся тэнісісты. Яны ішлі групкамі па двое, па трое. Маладыя акцёры ў адпрасаваных белых штанах — усе запар першыя любоўнікі. Здавалася, рэжысёр праінструктаваў іх у апошні раз, напомніў пра тое, што каля царкоўнага цвінтара, насупраць дома каханай, недарэчна пералічваць грошы ў партаманеце, і цяпер прапускаў іх па чарзе перад аб’ектывам кінакамеры. Яны бадзёрым крокам ішлі па алеі, у зеленаватым цяністым змроку. Хадзячыя сцёблы спаржы! Быццам цэлая працэсія спаржавых чалавечкаў рухалася па зададзеным маршруце. Сцяблінкі абыходзілі вакол царквы, перасякалі вуліцу і хаваліся ў варотах парку. Здаецца ёй усё гэта, ці што? Або тэнісны клуб дае сёння ў парку банкет? На матч, ва ўсякім выпадку, гэта не падобна. Калі ідзе матч, з кортаў безупынку даносяцца глухія ўдары, пругка б’юцца аб зямлю шэрыя гумовыя мячы.