Выбрать главу

Ярка-чырвоны гравій кортаў, ускрыкі, смех, дзыньканне шкла каля буфетнай стойкі, якая застаўлена бутэлькамі ліманаду, а далей за абрывам рухаюцца мачты нябачных караблёў з пярэстымі сцяжкамі. Быццам нечая нябачная рука кіруе з-за куліс, цягне іх уздоўж сцэны, і яны знікаюць на даляглядзе, у клубах чорнага дыму.

Нэла паспрабавала лічыць сцябліны спаржы, якія дэфіліравалі па алеі, але хутка ёй гэта надакучыла. Яна дайшла да дваццаці і збілася з ліку. А яны ўсё ішлі і ішлі, смяяліся, размаўлялі адзін з адным. Жвавыя сцяблінкі спаржы,— усе аднолькавага памеру, аднолькава белыя і аднолькава тонкія. Спаржавыя фантомы, яны з вясёлым смехам спускаліся ад вілы Надольтэ, і ўрэшце Нэлі давялося змірыцца з тым, што гэта не сон і не гульня хворага ўяўлення. Марна спрабавала яна адагнаць ад сябе гэтую навалу — нічога не дапамагала. Шэрай машыны Альберта нідзе не было бачна. А ранейшыя бачанні не вярталіся. Рай не з’яўляўся больш на алеі. Раней ёй амаль заўсёды ўдавалася ўбачыць яго, калі яна таго хацела.

...Срабрыста-шэрыя ствалы акацый раптоўна пакрываліся атрутна-зялёнымі палосамі. Іржавыя імшыстыя плямы распаўзаліся па зямлі, там, дзе ў выбоіны набіралася дажджавая вада. Затым палосы на ствалах чарнелі, быццам іх толькі што намазалі дзёгцем. Шумела пакрытая пылам лістота, і ў алеі з'яўляўся Рай: ён ішоў дамоў ад трамвайнага прыпынку. Смяртэльна стомлены, ў безнадзейным адчаі, ён, аднак, ішоў дадому, да яе. Ранейшыя прывіды больш не вярталіся, затое сцяблінкі, што крочылі, былі зусім рэальныя. Нэла зноў пераканалася ў гэтым, калі алея апусцела. Прывідная працэсія скончылася самым звычайным чынам, чым і пацвердзіла сваю рэальнасць. А Рай так і не з’явіўся ў алеі. Цяпер заставалася толькі закурыць цыгарэту ды мацней ухапіцца за пятлю з залатой парчы на гардзіне, каб не ўпасці. Ёй здалося, што яна зноў чуе насмешлівае рэха: ...арод, ...адзіма... рэха, якое не выносіла падману, цяжкім праклёнам легла яно ёй на плечы. Аказваецца, і фабрыка стандартных салдацкіх удоў выпускаў часам бракаваную прадукцыю, нават хахаля не змагла сабе завесці.

Клубы табачнага дыму нерухома стаяць у паветры паміж шклом і гардзінай; яна галодная, але ёй мутарна ад адной думкі пра тое, што давядзецца ісці на кухню. Там стаіць непамыты посуд — брудныя талеркі, кубкі, каструля з засохлай карыной на дне; на сподках у лужынах кавы плаваюць недакуркі ўсё гаворыць пра тое, што абедалі спехам, абы-як. Альберт не вяртаўся. Дом заціх, бы вымер, нават маці і той не чуваць.

Праязджаючы Бітэнхан, Нэла спадзявалася ўбачыць праз акно аўтобуса шэры «мерсэдэс» каля дзвярэй знаёмага дома. Але машыны там не было. Віль з малатком і заціснутымі ў зубах цвікамі рамантаваў самаробныя футбольныя вароты на лужку, бялізну з вяроўкі ўжо знялі. З «маляўнічай даліны Брэра» дзьмуў свежы ветрык. Каля ганка стаялі зялёныя скрыні з піўнымі бутэлькамі, а маці Альберта разлічвалася з хлопчыкам з мясной лаўкі. Усміхаючыся, узяла яна ў яго з рук сакавіты чырвоны кумпяк, і па ззяючым твары падлетка можна было здагадацца, што яму добра далі на чай.

Але і далей па дарозе Нэла нідзе не заўважыла машыны Альберта. Пасля за акном аўтобуса пацягнуліся гарадскія ўскраіны, і яшчэ раз бадзёра пратрубіў механічны паштовы ражок...

...Зноў рэха мінулага замармытала недзе паблізу: ...юрэр, ...арод, ...адзіма. Абезгалоўленая мана абрынулася на яе як праклён. Здавалася, з той пары прайшло ўжо тысячу год. Цэлыя пакаленні, што пакланяліся гэтым ідалам, даўно стлелі ў зямлі. Тры словы, усяго толькі тры скажоныя словы, але ў ахвяру ім прынесены мільёны людзей, спаленых, растаптаных, расстраляных, задушаных у газавых камерах...

Віла Надольтэ выплюнула ў апусцелую алею новую порцыю спаржы. Пяць аднолькавых сцяблінак, белых і тонкіх,— гэта замыкаючыя святочнае шэсце запасныя гульцы. Яны абышлі царкву і як па камандзе павярнулі налева, перасеклі вуліцу і зніклі ў варотах парку.

Хораша бывае заехаць у госці да патэра Віліброрда, зноў пачуць ягоны прыемны голас, які ўсё тлумачыць, супакойвае, закалыхвае, голас, які навявае старый сны. Шурбігель — і той, бывае, супакойвае. Ён, як паслужлівы цырульнік, паставіць цёплы кампрэс, зробіць супакальяны масаж, адным словам, ашчаслівіць. Прыемна, ці не так? Што ж, ва ўсякім выпадку прыемней, чым слухаць занудлівыя спевы манашак у манастыры. Яны спяваюць, не адводзячы вачэй ад распяцця. Добра ім маліцца: Альберт уладкуе ўсе свецкія мітуслівыя справы — праверыць справаздачу, складзе каштарысы. Удзячныя манашкі частуюць яго кавай з манастырскім тортам, дасылаюць чуллівыя падарункі да святаў; кветкі з манастырскага саду, фарбаваныя яйкі на Вялікдзень, анісавыя коржыкі да Каляд. А самі ўсё моляцца, моляцца. У капліцы паўзмрок, духата, на блакітных фіранках чорны цень ад аконнай рашоткі.