Не, ёй рашуча не ўдаецца пераканаць сябе ў тым, што гутарка з Вілібрордам прыемная. Страшна ўявіць сабе, што давядзецца некалі зноў слухаць Шурбігеля. Разышоўся ўтульны паўзмрок дамскага салона, і ў рэзкім святле юпітэраў з'явілася фізіяномія Гезелера. Яны ўсе аднаго крою — гэтыя малойчыкі «не без здольнасцяў», быццам пінжакі з магазіна гатовага адзення: знасіўся адзін — не бяды, заўсёды можна купіць іншы. Вось яны якія — за бойцы! У іх няма нічога жахлівага, такія не прысняцца ў начным кашмары, і для добрага фільма яны таксама не прыдатныя. Месца іх — у кепскіх рэкламных фільмах, знятых пры няўмелым «лабавым» асвятленні. Так яны і скачуць з адной кінарэкламы ў іншую, гэтыя жарэбчыкі за рулём.
I зноў яна пачула рэха. Сцены капліцы не прапусцілі ілжывых слоў, адсеклі ў іх пачатковыя літары і выкінулі абезгалоўленыя вон.
У апусцелай алеі з’явіўся бялявы хлапчук на самакаце. Чырвоны самакат мільгацеў паміж дрэў. Запасы спаржы, відаць, скончыліся.
У дзверы пастукаліся, і Нэла, уздрыгнуўшы, машынальна сказала:
— Заходзьце!
Калі яна ўбачыла твар Бразгота, яна адразу зразумела, што зараз здарыцца. Смяротная туга налажыла пячатку на гэты твар, як некалі на твар Шэрбрудэра. Ён, як люстэрка, адбіваў яе ўсемагутную ўсмешку.
— Так, так, заходзьце,— паўтарыла яна.
— Бразгот,— прадставіўся той, што зайшоў,— я чакаў Альберта ў садзе.
Нэла ўспомніла, што недзе ўжо сустракала яго.
— Мы, здаецца, знаёмыя? — сказала яна.
— Так. Помніце прагулку за горадам летам?
Ён падышоў да яе.
— Ах, так, праўда,— сказала яна.
Ён падышоў да яе амаль ушчыльную. Смяротная туга на ягоным твары праступіла яшчэ больш выразна. Яе ўсмешка забіла яго напавал.
— Адно ваша слова, і я прыкончу Гезелера!
— Сапраўды?
— Заб’ю на месцы!
— Забіваць Гезелера,— сказала яна,— дальбог няварта.
Чаму гэтыя адчайныя людзі так кепска голяцца? Ягоная калючая шчэць падрапала ёй шыю. Ёй не хацелася расчароўваць яго, але яна не магла стрымаць слёз. Ён прыціснуў яе да сябе, пачаў цалаваць. Яны ўсё бліжэй пасоўваліся да ложка, і Нэла, спрабуючы за нешта ўтрымацца, закранула кнопку вентылятара. Мякка зашлёпалі гумавыя лопасці, якія заглушылі дзіўныя, глухія ўсхліпы Бразгота. У яе прамільгнула думка: «Як хлапчук з дзяўчом у закінутым гаражы, што спрабуюць пазбавіцца страху і смяротнай тугі, але ніколі не называюць гэта каханнем».
— Пакіньце мяне, прашу вас! — сказала яна.
— Мы сустрэнемся яшчэ? — запытаў ён рыдаючым голасам.
— Добра, добра, але толькі пасля, а зараз ідзіце. Яна заплюшчыла вочы, пачула гукі, якія аддаляліся, і навобмацак выключыла вентылятар. Але цішыня была невыноснай, і яна зноў уключыла яго. Пах Бразгота быццам прыляпіўся да яе шчакі: саланаваты пах поту, змешаны з вінным і табачным перагарам.
I бракаваную прадукцыю фабрык стандартных салдацкіх удоў можна, аказваецца, скарыстаць; ёй, напрыклад, суджана пазбавіць смяротнай тугі роспачнага няголенага валацугу.
Да дома пад’ехала машына. Яна пачула голас Марціна, і ніколі яшчэ ён не здаваўся ёй такім моцным і чужым. Яна чула, як Марцін з усіх ног кінуўся ў пакой Альберта. Пачуўся смех Больды, голас Бразгота і Альберта, І, нарэшце, яна яўна пачула, як Бразгот сказаў: «Нэла, фрау Бах, ужо дома». Яна не сумнявалася, што і без гэтых слоў, па выразу ягонага твару, Альберт гэта адразу зразумеў.
Пасля яны пачалі правяраць мячыкі для пінг-понга.
Яна чула за сцяной цоканне цэлулоідных мячыкаў, якія стукалі аб падлогу.
— А кашулі ж забыліся,— закрычаў Марці, падручнікі!
— Не хвалюйся,— сказаў Альберт,— я табе ўсё прывязу.
Зноў зацокалі, стукаючы па падлозе, мячыкі, затым у дзверы нясмела пастукаліся, і адразу пачуўся сярдзіты голас Альберта:.
— Не ідзі туды, я ж табе сказаў. Дай маці адпачыць. Яна пасля прыйдзе да нас.
— Праўда, прыйдзе?
— Так. Я ж сказаў табе?!
Нэла пачула, як перакочваюцца ў карабку цэлулоідныя мячыкі, стукаючыся адзін аб адзін. Гук гэты слабеў, аддаляўся, але і з саду ён яшчэ далятаў да яе. Пасля Бразгот сказаў Альберту: