— Адвядзі яе, прашу Богам, уніз,— сказаў кандытар,— і каляску вазьмі.
Заклапочаны, няўпэўнены выраз не сыходзіў з ягонага твару. Здавалася, раптоўнасць перасялення, у якой ён сам быў вінаваты, цяпер спужала яго. У палове пятай яна дазволіла яму пацалаваць яе руку каля локця, а ў палове сёмай — ужо пераязджала да яго.
Пара было рухацца, пагрузка закончылася: рэчы не занялі і пятай часткі кузава. Рабочыя сядзелі ўнізе на падножцы грузавіка, паглядвалі наверх і раз-пораз свісталі, падганяючы гаспадароў.
Генрых цьмяна помніў, як некалі даўно ім давялося пераязджаць з кватэры на кватэру. Прамільгнулі абрыўкі ўспамінаў: халадэча, дождж, дзіцячая каляска, заляпаныя граззю транспарцёры і грузавікі, маці рэжа бохан хлеба, які нехта як бы выпадкова скінуў ім з грузавіка, што праязджаў міма. Найбольш выразна ён помніў зялёную вайсковую біклажку — Герт забыўся яе пасля на нейкай будоўлі. Успомнілася, як напалохаў яго тады амерыканскі хлеб: ён быў белы, як папера.
Восем гадоў яны пражылі ў гэтым пакоі — цэлую вечнасць.
Генрых мог з заплюшчанымі вачамі адразу адшукаць усе каварныя трэшчыны і шчыліны ў паркеце, дзе націраць падлогу прыходзілася марудна і асцярожна, каб не парваць суконкі. Падлогу ён націраў масцікай — так патрабаваў Леа.
Генрых ведаў на памяць, у якіх месцах пліткі паркету сядзелі нямоцна: масціка там, колькі яе ні намазвай, усё роўна залазіла ў шчыліны. Затое ў іншых месцах яна прылеплівалася да падлогі, і яе трэба было наносіць тонкім слоем.
Ён утаропіўся на цёмна-жоўтую пляму на сцяне: тут вісеў раней фотаздымак бацькі.
— Дык хадзі ж, чаго стаіш? — крыкнуў кандытар.
Генрых выйшаў у прыхожую, але адразу ж вярнуўся, падышоў да маці і сказаў:
— Не забудзься, калі ласка, пра прыёмнік — ён наверсе ў Леа. У яго яшчэ наш збанок, кубак і кансервавы ножык.
— Не, не, не хвалюйся,— сказала маці, але па яе голасу ён зразумеў, што прыёмнік, збанок і кансервавы ножык страчаны назаўсёды, як і мамін халат, што таксама вісеў у пакоі Леа. Генрыху вельмі падабаўся гэты халат — казачныя ружовыя кветкі на чорным.
На лесвіцы стаяла фрау Барусяк і плакала. Яна кінулася да Генрыха, расцалавала яго, затым прыціснула да сябе Вільму.
— Слаўны ты мой хлопчык,— усхліпваючы, сказала яна,— няхай хоць табе будзе там добра.
Сталяр, які стаяў непадалёку, прабурчаў, хітаючы галавой:
— Што тут, што там — адзін грэх!
З-за дзвярэй пачуўся голас маці:
— Ты гэтага хацеў, чуеш! Ты, ты, а не я! крычала яна.
Кандытар глуха прамармытаў нешта ў адказ, і хоць слоў нельга было разабраць, але прагучалі яны не надта пераканаўча.
Усё часцей і ўсё больш пранізліва свісталі ўнізе рабочыя, якія чакалі. Генрых падышоў да акна ў прыхожай і зірнуў на вуліцу. Зверху кузаў грузавіка быў падобны на распоранае чэрава нейкай страшыдлы, якая памылкова праглынула лаўку старызніка. Брудныя лахманы, кульгавыя крэслы, навалены грудам хлам і на самым версе ягоны «ложак». Грузчыкі перавярнулі яго, і шэрыя дзверы адразу ж адкрылі таямніцу свайго паходжання. Зверху выразна быў бачны надпіс, што ўпрыгожваў іх: «Пакой 547. Фінансавы аддзел». Герт прывалок аднойчы ўвечары гэтыя дзверы і чатыры брусы — распілаваныя бэлькі столі. Знайшоўся ў яго і малаток з цвікамі. За пяць хвілін ложак быў гатовы.
— Ты глянь, якая раскоша! — сказаў тады Герт.— Цяпер лажыся, адпачывай.
Генрых лёг, і ложак сапраўды здаўся яму раскошай. I да гэтага часу, яшчэ паўгадзіны назад, ён быў перакананы ў гэтым.
Рабочыя сядзелі на падножцы грузавіка, курылі, паглядвалі ўверх і пасвіствалі.
«Што тут, што там — адзін грэх»,— сказаў сталяр. Генрых зноў успомніў слова, якое маці сказала кандытару два тыдні таму. Тое ж слова Лea пісаў на сцяне. Генрых горка ўсміхнуўся і падумаў, што слова «сужыцельства» і гэтае слова азначаюць, уласна, адно і тое ж. Маці выйшла з пакоя, трымаючы ў руках савок, і Генрых убачыў, што твар яе пакрыўся круглымі барвовымі плямамі. Такія плямы ён ужо неаднойчы бачыў на тварах іншых жанчын, але ў маці іх ніколі не было. Яе чорныя, заўсёды гладка зачасаныя валасы раскудлачыліся і доўгімі пасмамі падалі на лоб. Затым з пакоя выйшаў кандытар і стаў каля сталяра. Ад ягонага нядаўняга гневу не засталося і следу, і твар яго зноў меў звычайны лагодны выраз.