Спачатку яны доўга гулялі ў футбол з вясковымі хлопцамі, якіх запрасіў дзядзька Віль. Ён пра ўсё паклапаціўся: падстрыг траву, адрамантаваў сеткі на варотах. Яны гулялі з азартам, але затым Генрых раптоўна сказаў: «Надакучыла, не хачу больш». Ён пабег на веранду, дзе за сталом сядзеў Альберт, пацягваў з куфля піва і праглядаў газеты. Але і адтуль Генрых неўзабаве пайшоў. Ён абышоў вакол дома і ўсеўся на калоду каля паветкі з дрывамі. Непадалёку на зямлі ляжаў тапор дзядзькі Віля
Тут Генрыху ніхто не перашкаджаў. Віль пайшоў у вёску спавядацца, Альберт унурыўся ў свае газеты — ён мог чытаць іх гадзінамі, не ўстаючы з месца. Вільму маці Альберта павяла на кухню. Добрая бабулька пякла там пірагі і, як заўсёды, мармытала сабе пры тым пад нос забаўныя прыказкі. «Як спячы пірог да свята, калі прыпасаў малавата?» — павольна гаварыла яна і змушала Вільму паўтараць. Але ў той атрымлівалася толькі «цукар» і «яйка», і маці Альберта весела смяялася. На кухні стаяў пах гарачага здобнага цеста, зусім як у падвале ў кандытара. На падваконні стыла бляха з гатовым пясочным пячэннем.
Потым Генрых пачуў, як і Марцін закрычаў: «Не хачу больш! Надакучыла!» Вясковыя хлапчукі пагулялі яшчэ крыху і разышліся. Голас Марціна даносіўся цяпер з веранды — Альберт вучыў яго гуляць у пінг-понг. Чуваць было, як яны перасоўваюць стол, умацоўваюць сетку. Альберт гаварыў Марціну: «Станавіся сюды! Глядзі, вось так трэба!» Заскакалі цэлулоідныя мячыкі. Іх звонкае цоканне злівалася з голасам маці Альберта: «Яйкі трэба нам і сала, але гэтага нам мала; цукар возьмем мы, смятану і духмянага шафрану», гаварыла яна, а Вільма крычала: «цукар!», «яйка!» — і старая смяялася.
Хораша тут! Мячыкі цокаюць гэтак звонка, і Вільма радасна крычыць на кухні, а як толькі пачуеш голас маці Альберта, адразу ж разумееш, якая яна добрая. I дзядзька Віль добры, і сам Альберт — таксама. «Ад шафрану — пірог румяны»,— пачуўся з кухні голас старой. Слаўная якая прыказка, «шафран» — само слова нейкае смачнае! Што ні кажы, а ўсё гэта для дзяцей! Яго не падманеш — нешта тут не так!
Генрых ведаў цяпер, што кандытар не такі ўжо і добры, як здавалася напачатку. Калі мама сказала, што яны пераедуць да яго, ён падумаў спярша: «Вось здорава». Але затым ён зразумеў, што зусім гэта не здорава. Кандытар падобны на тых «добрых» настаўнікаў у школе, якія яшчэ горшыя, чым злыя: гэтыя ўпадаюць у гнеў у самы непадыходзячы момант.
З іншага боку, кандытар усё ж лепшы, чым Леа. Адно ж хоць, зрэшты, зразумела: грошай у іх пэўна будзе болей.
Запальнічка дзядзькі Эрыха, мамін гадзіннік — падарунак Герта і брызентавы чахол, у якім Карл насіў кацялок, былі ў ягонай памяці непадзельныя адно з адным, быццам ляжалі на адной паліцы. Цяпер ён паклаў на гэтую паліцу і пілку для пазногцяў, што належала Леа. У мітусні збораў маці выпадкова ўсунула яе ў сваю шкатулку з ніткамі. Да своеасаблівых пахаў Эрыха, Герта і Карла далучыўся яшчэ пах Леа — пах адэкалону і памады. На кухні старая са смехам гаварыла Вільме: «Сарока-белабока кашку варыла, пірог выпякала, гасцей ззывала...» Генрых уявіў сабе, як яна месіць там жоўтае салодкае цеста, мармоча свае прыказкі, быццам добрая чараўніца заклінанні: «...гэты пальчык — дровы сек, гэты печ распаліў, гэты — ваду насіў, гэты — мукі купіў, а мезенчык малы, нічога не рабіў, прыйшоў і ўсё з’еў!» Вільма смяялася звонка і радасна.
З-за дома высунуўся дзядзька Віль і ўважліва паглядзеў на яго. Затым Генрых пачуў, як ён падняўся на веранду і запытаў Альберта:
— Што гэта здарылася з хлапчуком.
— Пакінь яго ў спакоі,— адказаў Альберт.
Яны размаўлялі нягучна, але Генрых чуў кожнае слова.
— Ці нельга памагчы яму чым? — зноў запытаў Віль.
— Можна-то можна,— сказаў Альберт,— але лепш пакінь яго зараз у спакоі. У галоўным жа ты яму не дапаможаш!
У вёсцы зазванілі званы — самотна і пяшчотна. Генрых зразумеў, чаму разышліся дзеці, якія гулялі ў футбол. Званілі да абедні, а ўсе яны былі служкамі ў вясковай царкве.
— Ты пойдзеш са мной? — крыкнуў Марціну Віль.
— Так, так,— адказаў Марцін.
Цоканне мячыкаў адразу перарвалася. Генрых пачуў, як Віль яшчэ нешта запытаў у Альберта пра яго.
— Не трэба, пакінь яго,— адказаў Альберт і, памаўчаўшы, дадаў: — Ідзіце, я тут пасяджу.
Глуха і працяжна званілі званы. На кухні зноў радасна запішчала Вільма: ее кармілі яйкам усмятку. Хораша тут, усё гладзенька — без сучка і задзірынкі, але ўсё гэта не для яго. Надта ўжо гладка! I пахі тут адзін лепш другога. Пахне свежым дрэвам, пячэннем, свежым цестам, але і пахі гэтыя чужыя: занадта ўжо добрыя!