Выбрать главу

— Ты гуляеш у пінг-понг?

— Кепска,— адказаў ён.— Я калісьці спрабаваў гуляць.

— Давай, я цябе навучу, хочаш?

— Добра,— сказаў ён, хоць гуляць яму не хацелася.

Яна высунула стол на сярэдзіну веранды, зноў замацавала сетку і падняла з падлогі ракеткі.

— Станавіся вось тут,— сказала яна і паказала, як трэба падаваць мяч.

Удар быў моцны, мяч праляцеў высока над сеткай, і Генрых лёгка яго адбіў.

Вільма поўзала па падлозе і радасна верашчала. Ей вельмі падабаўся белы лятаючы мячык. Кожнага разу, калі ён падаў, яна паднімала яго і несла да стала. Але аддавала яна мячык толькі маці Марціна, а не Генрыху.

Увесь час Генрых думаў пра тое, што ягоная маці сужыцельствуе зараз з кандытарам. Гэта было вельмі дрэнна, і яму здавалася гэта значна больш распусным, чым сужыцельства з Леа.

Званы зноў зазванілі размерана і ўрачыста, святар зараз бласлаўляе паству. Затым кураць ладан і спяваюць «Tantum ergo». Ён пашкадаваў, што не пайшоў з Марцінам, яны стаялі б адзін каля аднаго ў паўзмроку між спавядальняй і дзвярыма.

Генрых хутка засвоіў, што мяч трэба падаваць рэзкім і модным ударам. Некалькі разоў яму ўжо ўдалося падаць мяч так, што маці Марціна не змагла яго адбіць. Яна засмяялася, але пачала гуляць з ім сур’ёзна, твар яе набыў засяроджаны выраз.

Цяжка было сачыць за лётам мяча і своечасова адбіваць яго. Генрых думаў зусім пра іншае: пра бацьку, пра дзядзькаў, пра кандытара, які зараз сужыцельствуе з ягонай мамай. А ў Марціна мама прыгожая, высокая, стройная, бялявая. Цяпер яна вельмі падабалася яму, асабліва калі, не перарываючы гульні, раптам паварочвалася да Вільмы і ласкава ўсміхалася ёй. Вільма ззяла, ёй таксама гэта вельмі падабалася.

Усмешка ў мамы Марціна была светлая, такая ж добрая, як і ўсё тут,— як звон званоў, як пах здобнага цеста. Усё гэта яму тут дарылі — і ўсмешку і звон званоў,— і ўсё ж падарунак заставаўся чужым. Яму зноў прыйшоў на памяць пах Леа — пах туалетнай вады і памады, успомнілася і ягоная пілачка для пазногцяў. Яна застанецца цяпер назаўсёды ў мамы ў шкатулцы з ніткамі.

Ён пачаў гуляць больш уважліва, стараўся падаваць мячы рэзка і моцна. Мячы праляталі нізка над сеткай, і мама Марціна ледзь паспявала адбіваць іх.

— З табой, дружок, не пажартуеш! — сказала яна.

Але неўзабаве ўсе вярнуліся з царквы, і ім давялося спыніць гульню. Марцін кінуўся да маці і моцна абняў яе. Глум ссунуў сталы на верандзе, а Больда накрыла іх вялікім зялёным абрусам і расставіла талеркі.

Свежае, толькі што збітае масла вільготна паблісквала ў маслёнцы.

— А пра слівавае варэнне ты і забылася! — сказаў Віль сястры.— Дзеці яго вельмі любяць!

— Прынясу, прынясу,— адгукнулася старая.— Што ўжо там дзеці, ты і сам да яго вельмі ласы!

Віль пачырванеў, усе засмяяліся. Глум ляпнуў яго па спіне і з ухмылкаю прахрыпеў: «Не бянтэжся, сябрук!» I ўсе зноў засмяяліся. Вільме пара было спаць, але ёй дазволілі яшчэ крыху пасядзець. Усе заспрачаліся, дзе яе пакласці. Усе, акрамя маці Марціна, наперабой загаманілі: «Са мной!», «У мяне!» — але калі нарэшце пра гэта запыталі Вільму, яна адразу ж падбегла да брата. Генрых нават пачырванеў ад радасці.

У рэстаране было шумна. Людзі прыходзілі, адыходзілі. За столікамі клікалі кельнерку, патрабавалі піва. Больда паднялася, адсунула крэсла і сказала: «Пайду дапамагу на кухні». Глум узяў пусты мех і пайшоў на двор — напхаць у яго саломы; успацелы Віль насіўся па доме, збіраў коўдры, а Генрых з Марцінам падняліся наверх у пакой над верандай, дзе для іх паслалі вялікі двухспальны ложак. Там паклалі і Вільму.

Сцямнела. На кухні Больда з кельнеркай мылі посуд, гаманілі, смяяліся. Маці Альберта пайшла ў залу за стойку, з рэстарана чуліся воклікі, смех. Генрых выглянуў у акно. У двары мігцелі два цьмяныя агеньчыкі: Глум і Віль, пакурваючы люлькі, сядзелі на лаўцы каля паветкі. На верандзе засталася толькі маці Марціна. Яна сядзела каля стала, курыла і задумліва глядзела ў цемру.

— Дзеці, тушыце святло і ў ложак, хуценька! — пачулі яны яе голас.

I тут толькі Марцін успомніў, што ён увесь вечар не бачыў Альберта. Ён крыкнуў у акно:

— Мама, а дзе дзядзька Альберт?

— Ён хутка вернецца. Яны паехалі з бабуляй.

— А куды?

— У Брэрніх.

— А навошта?

Маці памаўчала. Затым зноў пачуўся яе голас:

— Там Гезелер. Ён павінен з ім пагаварыць.

Марцін замоўк. Абапёршыся на падаконнік, ён глядзеў уніз на цёмную веранду. За яго спінай шчоўкнуў выключальнік, зарыпелі спружыны. Генрых залез на ложак.

— Гезелер? — крыкнуў у цемру Марцін.— Значыцца, Гезелер жывы?