Маці не адказала, і Марцін здзіўлена падумаў, што ніколькі не ўсхваляваны з’яўленнем Гезелера. Ён ніколі не гаварыў з Генрыхам пра смерць бацькі. Гісторыя з Гезелерам здавалася яму занадта заблытанай і сумніўнай, як і ўся бабуліна прамудрасць. Імя Гезелера так настойліва ўбівалі яму ў галаву і так настойліва прымушалі паўтараць, што яно перастала страшыць яго. Значна больш страшным было тое, што здарылася там, у падзямеллі, дзе вырошчвалі грыбы. Там было ўсё страшней і прасцей. У гэтым падзямеллі забілі чалавека, які напісаў партрэт таты. Там білі і катавалі тату і дзядзьку Альберта. Праўда, нацы, якія зрабілі ўсё гэта, ён уяўляў сабе даволі цьмяна. Магчыма, яны і сапраўды не такія ўжо і страшныя? Але склеп ён бачыў сам, на ўласныя вочы! Смярдзючыя цёмныя калідоры, пюпітры з пачварнымі кнопкамі, пастарэлы твар дзядзькі Альберта, які заўсёды гаварыў праўду. А вось пра Гезелера Альберт гаварыў з ім вельмі рэдка. Унізе зацягнулі новую песню:
Марцін выпрастаўся, адышоўся ад акна і асцярожна залез у ложак. Вільма ўткнулася галоўкай яму ў плячо. Марцін павярнуўся да Генрыха і ціха спытаў:
— Ты спіш?
I Генрых адразу ж гэтак жа ціха, але выразна адказаў:
— Не, не сплю.
«У малой хацінцы нарадзіўся я»,— спявалі ўнізе.
Да дома пад’ехала машына, і Марцін пачуў усхваляваны голас Альберта: «Нэла! Нэла!» гучна зваў ён. Мама, якая ўсё яшчэ сядзела на верандзе, ускочыла, перакуліла крэсла і выбегла на двор. Больда на кухні адразу змоўкла. Затым ён пачуў, як маці Альберта загаварыла з людзьмі ў рэстаране, і песня ўнізе раптоўна абарвалася. У доме адразу ўсё заціхла.
— Нешта здарылася! — прашаптаў Генрых.
На лесвіцы пачуліся стогны, плач. Марцін устаў, на дыбачках падышоў да дзвярэй і выглянуў у вузкі асветлены калідор.
Альберт і Больда пад рукі вялі па лесвіцы бабулю. Ён спалохаўся: бабуля раптам здалася яму зусім старой. Ён ніколі не думаў, што яна такая старая, і ніколі яшчэ не бачыў, каб яна плакала. Яна бяссільна павісла на плячы ў Альберта, і яе заўсёды румяны твар зрабіўся зямлістым.
— Укол, хутчэй зрабіце мне ўкол! — стагнала яна.
— Так, так, чуеце: Нэла па тэлефоне гаворыць з урачом,— адказаў Альберт.
— Добра, толькі б хутчэй!
З-за пляча Больды выглядваў перапалоханы Віль. З’явіўся і Глум. Ён пралез наперад, адціснуў Больду і падхапіў бабулю пад руку. Удвух з Альбертам яны павольна павялі яе ў вялікі пакой у канцы калідора. Тут Марцін убачыў маму; яна бегла па лесвіцы, пераскокваючы праз прыступкі, і крыкнула:
— Я званіла Гурвебэру: ён зараз выязджае!
— Ну вось,— сказаў Альберт бабулі,— не хвалюйся, ён зараз прыедзе.
Але вось дзверы зачыніліся, і калідор апусцеў. Марцін доўга глядзеў на шырокія рудыя дзверы. З пакоя не чуваць было ані гуку.
Першы ў калідор выйшаў Глум, затым Віль і мама з Альбертам. З бабуляй засталася адна Больда. Генрых заварочаўся на ложку і сказаў:
— Лажыся хутчэй, прастудзішся!
Марцін ціхенька прычыніў дзверы і, не запальваючы святла, асцярожна дабраўся да ложка. Унізе зноў заспявалі, але цяпер вельмі ціха: «На лясным ускрайку, дзе блукаюць лані...»
Дзядзька Альберт і мама пайшлі на веранду. Яны ціха гаманілі пра нешта — словы нельга было разабраць. Марцін адчуваў, што Генрыху таксама не спіцца. Яму вельмі хацелася пагаварыць з Генрыхам, але ён не ведаў, як пачаць гаворку.
Унізе перасталі спяваць. З залы чуваць было, як адсоўваюць крэслы. Марцін чуў, як людзі ўставалі з-за столікаў, разлічваліся з кельнеркай, жартавалі і смяяліся. Ён ціха запытаў Генрыха:
— Акно не будзем зачыняць?
— А табе не холадна?
— Не, не холадна.
— Тады не зачыняй.
Генрых зноў змоўк, і Марцін адразу ўспомніў усё, што здарылася сёння. Успомніў ён і перасяленне, і тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару: «Ну, не табе мяне...»
I ён раптам зразумеў, пра што зараз думае Генрых, зразумеў, чаму ён так нечакана збег з лужка. Бо ягоная ж мама зараз, магчыма, гаворыць кандытару: «Цяпер можаш мяне...»
Страшна было нават падумаць пра гэта. Марціну зрабілася маркотна і захацелася плакаць. Але ён стрымаў слёзы, хоць Генрых усё роўна не ўбачыў бы ў цемені, што ён плача. Усё, усё гэта распусна. Вось і бабуля зараз запатрабавала, каб ёй зрабілі ўкол, проста так, нават не крычаўшы перад гэтым пра кроў у мачы. Марцін спалохана падумаў, што раней яна крычала пра кроў у мачы праз кожныя тры месяцы; цяпер не прайшло і чатыры дні, як ёй зрабілі ўкол, а яна ўжо зноў пасылае па доктара. Яна старая зрабілася, зусім старая! Сёння ён упершыню ўбачыў, як бабуля плача. Нічога гэтага раней не было! Але самае страшнае, што бабуля нават не прыкідваецца больш і не хоча чакаць тры месяцы. Яна ўжо і чатыры дні не можа пражыць без укола. Вадкасць бясколерная, шпрыц як бы парожні! Нешта пайшло з ягонага жыцця і больш не вернецца. Ён не мог зразумець, што гэта было. Але адно ён ведаў: гэта нейкім чынам звязана з Гезелерам.