Ану ж, Луіджы, яшчэ шкляначку ліманаду, толькі вельмі, вельмі халоднага, і паболей налі ў яго гаркоты з маленькай зялёнай бутэлечкі; хай будзе холадна і горка, як расстанне на трамвайным прыпынку або каля варот казармы. Горка, як пыл з цюфякоў у тайных нумарах, як танюткі пыл, як усялякая дрэнь, што сыплецца з дзірак у сцяне, храбусціць на рэйках пад коламі трамваяў дзесятага, дзевятага, пятага маршрутаў, якія паўзуць да казармаў, дзе само паветра напоўнена безнадзейнасцю. Холадна, як у пакоі, адкуль я выносіла чамадан, калі там ужо пачала ўладкоўвацца наступная: бялявая, добразычлівая і дабрадзейная жонка фельдфебеля запасу — вестфальскі дыялект, распакаваная каўбаса і спалоханы твар — яна рашыла, што ў такіх стракатых піжамах ходзяць толькі прастытуткі, хоць я такая ж законная жонка, як і яна. Нас вянчаў летуценны францысканец сонечным вясеннім днём, таму што Рай не хацеў блізкасці са мной да таго, як нас павянчаюць. Не хвалюйся, дарагая фельдфебеліха. Жоўтае масла ў пергаментнай паперы, пачырванелы ад сораму твар — вось-вось заплача. Яйка коціцца па завэдзганым стале. Ах, фельдфебель, фельдфебель, ты так цудоўна спяваў басам нядзельнымі днямі ў царкоўным хоры, што ты зрабіў са сваёй жонкай? Бляхар з уласнай гаспадаркай, са свіннямі, каровай і курамі, які выводзіў dies: iгpae на ўсіх пахаваннях, табе і праз дзесяць год Вердэн служыў выдатнай тэмай для роспаведаў за куфлем піва; ты, добрапрыстойны татуля чатырох школьнікаў, цудоўны бас, як арган, што гучаў у царкоўным хоры, фельдфебель, фельдфебель, што ты зрабіў са сваёй жонкай? Усю ноч яна будзе глытаць горкі пыл цюфяка і вернецца дадому, пачуваючы сябе прастытуткай, і панясе ў чэраве сваім першакласніка 1946 года, сірату з першага дня жыцця,— бо табе, вясёлы спявак, што так здорава расказваў пра баі пад Вердэнам, ударыць у грудзі асколак, і ты застанешся ляжаць у пясках Сахары, таму што ты не толькі прыемна спяваеш, ты годны і для нясення службы ў трапічным клімаце. Заплаканая чырвоная фізіяномія, яйка коціцца па стале і падае на падлогу; слізкі бялок і жаўток, які цямнее знутры, разбітая шкарлупіна; а пакой такі брудны і халодны, і чамадан мой амаль пусты — у ім няма нічога, акрамя празмерна стракатай піжамы і якіх-кольвечы туалетных прылад,— занадта мала, каб пераканаць гэтую добрапрыстойную жанчыну, што я ўсё ж не прастытутка. А тут яшчэ кніжка, на якой выразна напісана: раман, і ёй здаецца, што мой заручальны пярсцёнак — толькі няўмелая спроба падмануць яе. Твой першакласнік 1946 года народжаны ад фельдфебеля, мой, 1947 года,— ад паэта, але вялікай розніцы ў тым няма.
Дзякуй, Луіджы, пастаў зноў тую пласцінку,— ты ведаеш, якую? Так, Луіджы ведае. Першабытная прастата — у патрэбны момант яна змаўкае, мелодыя са стогнам падае ў бездань, рассыпаецца, а затым узнікае зноў. Ліманад халодны, як халоднымі былі пакоі на адну ноч, халодны і горкі, як пыл; па руцэ маёй слізгае сіні прамень ад пеўневага хваста.
Фільм раскручваецца далей пры цьмяным святле, што так пасуе да абставін. «Гэта стварае атмасферу». Зноў горкі пах на вучэбным пляцы, многа салдат ужо ўзнагароджана ордэнамі, грошы цякуць як вада, і знайсці пакой робіцца ўсё складаней; дзесяць тысяч салдат, да пяці тысяч з іх прыехалі родныя, а ва ўсёй вёсцы дзвесце пакояў, уключаючы кухні, дзе на драўляных лаўках маці панясуць першакласнікаў 1947 года, панясуць ад узнагароджаных ордэнамі бацькоў усюды, дзе толькі магчыма,— у траве, на ўсыпанай ігліцай зямлі, паўсюль,— нягледзячы на холад, бо на дварэ студзень і кватэр значна меней, чым салдат. Дзве тысячы мацярок і тры тысячы жонак прыехалі сюды, значыцца, тры тысячы разоў павінна недзе адбыцца непазбежнае, таму што «прырода патрабуе свайго», а настаўнікі не жадаюць у 1947 годзе стаяць перад пустымі партамі. Збянтэжанасць і адчай у вачах жанчын і салдат, пакуль нарэшце гарнізоннаму начальству не прыходзіць у голаў ратавальная думка: шэсць баракаў стаяць пустымі, у іх дзвесце сорак ложкаў, і ўвесь сёмы корпус пустуе — там размяшчаецца рота палкавой артылерыі, але яна якраз зараз на стрэльбах, а ёсць яшчэ падвалы, ёсць канюшні з «выдатнай чыстай саломай, за якую, зразумела, давядзецца заплаціць»; канфіскуюцца ўсе свірны і сенавалы, рэквізуюцца ўсе аўтобусы, што курсіруюць у суседнія гарадкі кіламетраў за дваццаць. Парушаюцца ўсе законы і пастановы, бо дывізія гатова да адпраўкі ў невядомасць, а непазбежнае павінна здзейсніцца яшчэ хоць раз, іначай казармы ў 1961 годзе будуць пуставаць; вось так зачыналі першакласнікаў 1947 года — худзенькіх, нізкарослых хлапчукоў, першым грамадзянскім дзеяннем якіх будзе крадзеж вугалю. Гэтыя хлапчукі выдатна былі прыстасаваны для крадзяжу — шчупленькія, вёрткія, яны мерзлі і ведалі кошт рэчам, не раздумваючы ўскоквалі яны на платформу і скідвалі колькі маглі. Ах вы, малалетнія зладзюжкі, вы яшчэ будзеце малайцамі, вы ўжо і так малайцы, дзеці, якія былі зачатыя на канапах і на драўляных лаўках, на казарменных нарах або ў памяшканні пад нумарам 56, дзе была раскватаравана рота палкавой артылерыі: дзеці, зачатыя ў канюшні на свежай саломе, на халоднай зямлі ў лесе, у сянях, у задніх пакоях піўных, дзе спагадлівы гаспадар на многія гадзіны ператвараў сваё жытло ў месца спатканняў для сямейнікаў: чаго саромецца, усе мы людзі! Цыгарэт, Луіджы, і яшчэ крыху ліманаду, яшчэ халаднейшага, калі магчыма, яшчэ болей гаркоты з зялёнай бутэлечкі.