Выбрать главу

Шафёр злёгку дакрануўся да яе пляча, і з апошнім ударам лічыльнік выкінуў апошнюю адзіначку. Яна дала шафёру грошы, шмат грошай, ён усміхнуўся ёй, выскачыў з машыны, каб расчыніць перад ёй дзверцы, але яна ўжо вылезла сама і здзівілася, што ў доме цёмна: нават у Глума не свяцілася акно, і не падаў у сад, як заўсёды, жоўты сноп святла з акна маці. Запіску ў дзвярах яна змагла прачытаць толькі тады, як адчыніла дзверы і запаліла святло ў пярэдняй. «Мы ўсе пайшлі ў кіно». «Усе» было чатыры разы падкрэслена.

Яна патушыла святло і так і засталася сядзець у пярэдняй пад партрэтам Рая. Партрэт быў напісаны дваццаць гадоў назад і выяўляў усмешлівага хлапца, які рабіў накід верша на пачку з локшынамі; Авесалом Біліг выразна вывеў на пачку: «Хатнія локшыны Бамбергера», Рай смяяўся на гэтым партрэце, ён быў тут такі ж лёгкі, як і ў жыцці, а верш з пачка да гэтай пары захаваўся ў архівах патэра Віліброрда. Выцвіў лазурак, пабляклі яечна-жоўтыя лацінскія літары, задыхнуўся ў душагубцы Бамбергер, ён не паспеў уцячы з Германіі, а Рай усміхаўся, як і дваццаць гадоў назад. У паўзмроку ён выглядаў зусім як жывы, і яна пазнала суровую, амаль педантычную зморшчыну каля ягоных вуснаў, гэта быў педантызм, які змушаў яго часам па тры разы на дзень паўтараць: «Парадак». Парадак ён меў на ўвазе і тады, калі не хацеў блізкасці з ёй, перш чым іх павянчаюць. Вырвалі згоду на шлюб у бацькі, прамармыталі словы вянчальнага абраду над сплеценымі рукамі ў паўзмроку францысканскай царквы з аляпаватай пазалотай, а ззаду два сведкі, Альберт і Авесалом.

Зазваніў тэлефон і вярнуў яе на глебу, на якую яна менш за ўсё любіла ступаць, вярнуў да так званай рэчаіснасці. Ён празвінеў другі, трэці, чацвёрты раз, пакуль яна нарэшце павольна ўстала і пайшла ў пакой Альберта. Яна пачула голас Гезелера, які нясмела спытаў:

— Хто каля тэлефона?

Яна назвалася, і тады ён сказаў:

— Я толькі хацеў даведацца, як вы пачуваецеся, мне вельмі шкада, што вам нездаровіцца.

— Лепш,— адказала яна.— Мне лепш. Я прыеду на даклад.

— Як добра! — сказаў ён.— Паедзем у маёй машыне. Прашу вас.

— Ну, добра,— сказала яна.

— Можна мне заехаць за вамі?

— Не, не, лепш сустрэнемся дзе-небудзь у горадзе, вось толькі дзе?

— У пятніцу. У дванаццаць,— сказаў ён,— на плошчы перад Крэдытным банкам, там, дзе галоўная каса. Вы абавязкова прыйдзеце?

— Так,— сказала яна і падумала: «Я заб’ю цябе, скрышу, зрэжу цябе на кавалкі сваёй зброяй, і гэта страшная зброя — мая ўсмешка, якая мне нічога не каштуе, просты рух мускулаў, механізм, які лёгка прывесці ў рух. Я маю больш боепрыпасаў, чым было ў тваіх кулямётаў, а каштуюць яны мне гэтак жа мала, як табе каштавалі твае».

— Так, я прыйду,— сказала яна і, павесіўшы трубку, вярнулася ў пярэднюю.

4

Дантыст адчыніў дзверы ў гасціную і сказаў:

— Прысядзьце, калі ласка, фрау Врылах.

Хлопчык прыкладна адных гадоў з яе сынам, сядзеў за раялем і нешта панура брынчаў.

— Выйдзі на хвілінку,— сказаў урач.

Хлопчык умомант знік, пакінуўшы на жаўтаватых клавішах раскрыты нотны сшытак. Яна стомлена глянула на загаловак і прачытала: «Эцюды. Опус 54». Урач уздыхнуў, сеў за чорны пісьмовы стол з моранага дубу, пакорпаўся доўгімі пальцамі ў картатэцы, выцягнуў яе картку, перагартаў нейкія белыя паперкі, падколатыя да яе, і сказаў:

— Не палохайцеся, калі ласка, я тут прыкінуў кошт.

Ён уздыхнуў і паглядзеў на яе, а яна глядзела на карціну, якая вісела за яго спінай на сцяне: «Ункель сонечным днём». Шмат пранізліва-жоўтай фарбы перавёў мастак, каб надаць Рэйну, вінаграднікам і маляўнічаму гарадку сонечны выгляд, але марна: Ункель выглядаў зусім не сонечна.

Урач выцягнуў са скрынкі стала пачак табакі, разарваў срэбраную абгортку і, усё яшчэ ўздыхаючы, пачаў нетаропка скручваць тоўстую цыгарэту. Ён падсунуў тытунь і паперу да яе, але яна пакруціла галавой і ціха сказала:

— Дзякуй, не хачу.

Яна ахвотна б закурыла, але ёй балеў увесь рот: урач нечым едкім памазаў ёй дзясны і выстукваў нікеліраваным малаточкам зубы, а затым, хітаючы галавой, пачаў рэзка і энергічна масіраваць дзясны сваімі тонкімі пальцамі і ўсё хітаў галавой. Ён расклаў паперкі перад сабой, зацягнуўся і раптам сказаў:

— Не палохайцеся, калі ласка, але гэта будзе вам каштаваць тысячу дзвесце марак.

Яна перавяла вочы на «Ункель сонечным днём», яна залішне стамілася, каб спалохацца: яна разлічвала на пяцьсот, ну на шэсцьсот марак, але скажы ён цяпер дзве тысячы — гэта здалося б ёй ніколькі не горш, чым тысяча дзвесце. Пяцьдзесят марак — гэта вялікія, вельмі вялікія грошы, але ўсё, што больш за паўтараста, было для яе аднолькава недасягальнае, усё роўна колькі — дзве сотні, дзве тысячы ці нават болей. Урач глыбока ўцягнуў дым: у яго быў моцны, свежы тытунь.