Філімонаў і Серада, павячэраўшы, пайшлі змяняць Мерзлякова, хоць маглі адпачываць яшчэ цэлую гадзіну. Але яны не хацелі сядзець проста так. Калі прышоў Мерзлякоў, адлілі яму яго норму, аставіўшы некранутым тое, што належала дзяжурным. Праз паўгадзіны ўсё перамянілася...
Старшына Нізкалобаў заплакаў. Ён плакаў заўсёды, калі выпіваў. На мяккіх нямецкіх крэслах сядзела пяцёра кавалераў «Славы», старажылаў узвода пешай разведкі, што памяталі адзін другога яшчэ са Ржэва. У разбітым Ржэве фарміравйўся полк.
— Мамедава няма! — плачучы, крычаў старшына. — Спіць у зямлі наш друг Мамедаў!..
Мамедаў быў трэцім па ліку камандзірам узвода. Яго смяротна паранілі два тыдні назад...
— Перастань, старшына, — да Нізкалобава падышоў Смірноў і паклаў яму рукі на плечы. — Ніхто нікога не забыў...
Гарэлі свечкі ў высокіх медных кандэлябрах. Недзе блізка адзін за другім разарваліся тры снарады. Прастракатала кулямётная чарга. Смірноў кінуўся да дзяжурных.
— Усё ціха, — сказаў ён, вярнуўшыся. — Баяцца гансікі. Іграй, Булавенка!..
Булавенка ўжо сядзеў за піяніна. Ён нам іграў усе ночы з таго часу, як мы пасяліліся ў белым, курортным доме над морам.
Тонкія пальцы Булавенкі бегалі па клавішах, нараджаючы мяккія акорды. Для той музыкі, якой жадалі ўсе, не хапала прывычнай абстаноўкі. Нізкалобаў гэтага не разумеў: ён не жыў апошнія шэсць дзён у белым доме над морам.
— Патушыць свечкі! — загадаў Смірноў.
Маскіроўку знялі, і тады ўсё стала на месца. Вокны гасцінай глядзелі на мора. Адтуль не стралялі. Узыходзіў месяц, і яго святло вырывала з бязмежнай марской роўнядзі шырокую сінюю паласу. На ёй гойдаліся серабрыстыя кругі. Здавалася, што пад самымі вокнамі некуды цячэ спакойная, цёплая рака. Яе хвалі з лёгкім аднастайным шумам набягалі на пясчаны бераг. Такім морам мы любаваліся ўсе апошнія ночы...
Булавенка зайграў вальс. Мы прысунулі свае крэслы да акна і глядзелі на мора. Мы ведалі адзін пра другога ўсё, нават тое, аб чым кожны ў гэтую хвіліну думае. Усе мы думалі пра дзяўчат, якія прысылалі нам на фронт трохкутнічкі. Мы ведалі, што ў іх пісалася кожнаму. За два гады наступлення мы ўсе адспавядаліся адзін перад другім душой і ў нас не было тайнаў. Траім дзяўчаты пісалі пра каханне і траім пра дружбу. Жанатых сярод нас не было. Трое кавалераў «Славы» яшчэ ні разу не цалавалі дзяўчат. Проста не паспелі. Старэйшаму было дваццаць два, малодшаму — дваццаць.
Булавенка іграў, узмахваючы рукамі, як крыламі, а мы маўчалі. У нас было лёгка і ціха на душы. Красавік нёс вясну. Зямля была чужая, але вясна па ёй ішла, як і там, на родных прасторах.
— «Аганёк»... — закамандаваў Смірноў.
Тыя, каго дзяўчаты праводзілі на вайну, маглі ўспомніць ганак, веснічкі, аганёк у знаёмым акне.
Самога Смірнова на вайну дзяўчына не праводзіла. 3 Кларай ён пазнаёміўся, калі ляжаў у шпіталю ў Пензе. У медсястры былі вялікія, нібы здзіўленыя, вочы. Гэта мы ведалі з фотакарткі. Клара здрадзіла яму вясной сорак чацвёртага, пасля таго, як Смірноў, мінуўшы перасыльныя пункты і запасны полк, вярнуўся ва ўзвод, адкуль выбыў ранены.
Спачатку Клара перастала пісаць. Потым можа на дзесятым неадказаным лісце прышла звычайная паштоўка, напісаная цвёрдым мужчынскім почыркам. У ёй невядомы Кларын муж, якога мы адразу залічылі ў інтэнданты, раіў кінуць жарты і не турбаваць яго жонкі. Пасля Клары Смірноў спяваў «Аганёк» па-другому. У яго песні дзяўчына, махнуўшы на развітанне хлапцу, што пайшоў ваяваць, у той жа вечар сядзела на ганку з другім. 3 часу здрады Клары тэма дзявочай нявернасці заняла пэўнае месца ў нашых размовах...
— «Цёмную ноч»... — папрасіў Нізкалобаў.
Паплыла мяккая, крыху журботная мелодыя. За акном была не асенняя, а светлая, вясновая ноч. Не свісталі кулі, і ў парваных правадах не шумеў вецер. Працяжна, нібы зачараванае, уздыхала мора. Яно навявала светлы сум. Мы ўспаміналі дзяўчат. Ці чакалі яны нас гэтыя доўгія мяцежныя гады? Вядома, чакалі. Можа яны, як і мы, таксама сядзелі ў гэты час ля вокан і марылі аб стрэчы...
У суцэльную лёгкадумнасць дзяўчат, нягледзячы на здраду Клары, мы не верылі. Такога не магло быць. Дзяўчаты мусілі нас чакаць. За ўсё, што мы пабачылі на вайне, мы мелі поўнае права на іх вернасць...
Плылі ў вясновую сінь за акно мяккія акорды, уздыхала мора, і, можа заслухаўшыся гэтай музыкай вясны і надзей, не падавалі свайго голасу гарматы...