Несупадзеннi
Чым болей думаю пра Ядзю, чым далей пiшу пра яе, тым больш бачу несупадзенняў памiж створаным мною вобразам i рэальнасцю. Мая Ядзя значна меншая за сапраўдную. Так скульптура, зробленая ў натуральную велiчыню, выглядае заўсёды меншай за жывога чалавека. Каб каменная цi бронзавая постаць не была замалай, яе трэба выляпiць на трацiну большай. Жывы заўсёды ў руху, заўсёды змяшчаецца ў прасторы, дыхае, паварочваецца, узаемадзейнiчае з асяроддзем, падпарадкоўваецца яму i ў той самы час падпарадкоўвае яго сабе. Нават адбiтак у люстэрку меншы за таго, хто ў iм адлюстроўваецца. Таму я нiколi не разумеў Нарцыса, закаханага ва ўласны твар на паверхнi вады. Таму напiсаць з натуры партрэт любiмай дачкi, ведаючы наперад пра паразу, цяжка. І ўсё ж...
Адчужанасць
Ядзя прынесла вiдэакасэту «Вяртанне ў пекла». Насамрэч у англiйскiм варыянце фiльм называўся «Сын, якi прапаў». Мы селi глядзець яго пасля вячэры. Жонка, дачка i я глядзiм нейкi трылер з мажным французскiм кiнаакторам, якi даволi няўмела iграе прыватнага дэтэктыва, што намерыўся перамагчы сусветную мафiю педафiлаў. Сюжэт квалаваты. Ну, пераможа ён вычварэнцаў, гандляроў мексiканскiмi дзецьмi. Таму разглядаем Лондан. Стараемся пазнаць гатэлi i вулiцы, дзе здымалi трылер. Гэтымi размовамi перакрываем сцэны гвалту над хлопчыкамi. І я лаўлю сябе на адчуваннi, што Ядзя зусiм дарослая, зусiм не дзiця. І калi ўранку, запаўняючы анкеты на новы пашпарт, я з сумам прапусцiў графу дзецi, дык увечары парадаваўся, што мая малодшая i любая дачка вырасла. Цяпер яна дарослая i чужая... Цi дакладней, не такая блiзкая i залежная, як раней.
Школа
Мая асабiстая нялюбасць да школы перарасла ў нелюбоў да Ядзiнай школы ды i да школы ўвогуле. У Ядзiнай школе я быў усяго два разы. Першы раз я прывёў яе, упрыгожаную белымi бантамi, у першы клас, а другi раз занёс дырэктару заяву, каб дачку вызвалiлi ад працоўнай практыкi ў калгасе, бо мы ехалi на Балтыйскае мора адпачываць. І ўсё. За адзiнаццаць гадоў два разы. Вучылася Ядзя добра, паводзiла сябе прыстойна, на бацькоўскiя сходы хадзiла баба Жэня. Школу мы перажылi лёгка.
Кашалёк
Вось яна дарослая, дарослая... А надзявае на руку кашалёчак у выглядзе чорнага каня з белым хвастом i грываю, засоўвае яму ў жывот свой пэйджар, круцiць цацку перад вачыма, любуецца лупатымi шклянымi вочкамi свайго ўлюбёнца... Дзiця яна, мая Ядзя.
Грошы
Каму нiколi не шкадую грошай, дык Ядзi. Даю рублi i даляры нiбыта сам сабе. І не проста сабе на штодзённыя патрэбы, а сабе на святы i падарункi. Ядзi шмат чаго трэба... Урокi вакалу, ровар, набор гелевых ручак, джынсы, глiцэрынавае мыла, парфума, начная дыскатэка, карткi на Інтэрнэт... Але яна не злоўжывае маёй грошадайнасцю. З дзяцiнства ў яе ёсць дарослы разлiк, жыццёвая мудрасць, якой нi ў мяне, нi ў жонкi няма.
Кнiжны кiрмаш
Па суботах мы любiм хадзiць па кнiжкi. «Ты сёння iдзеш?» — «Іду». — «І я з табой». Мы праходзiм памiж сталоў, застаўленых кнiгамi, часопiсамi, касетамi i сiдзiромамi. Ядзя заглыбляецца ў контркультуру... Томпсан. Наркаманы. Байцоўскi клуб. Ярафееў. Бероўз... А яшчэ блiскучыя часопiсы... GEO, HAIR’S HOW... Купляю ёй Бероўза, каб пагаварыць пра наркаманiю i растлумачыць, што Бероўз не наркот, бо наркоты не жывуць па восемдзесят гадоў i не пiшуць разумных i паэтычных кнiжак пра лiрыку сноў. Выхаваўчы момант? А як без яго?
Адказнасць
Можа, каму i не трэба мець чалавека, перад якiм можа быць сорамна, меркаванне якога вельмi значнае, чые думкi i адзнакi важныя... Зазвычай гэта настаўнiкi, святары, начальнiкi цi Бог у яго шматаблiчных праявах. У мяне ж iерархiя будуецца i будавалася крыху iнакш. Думка таты значыла для мяне больш, чым развагi ўсiх начальнiкаў разам узятых. Развагi мамы былi дый застаюцца больш каштоўнымi за дыдактыку настаўнiкаў. А кожнае значнае рашэнне я прымаю, параiўшыся з братам i ацанiўшы яго вачыма дачкi. Гэта погляд не зусiм цяперашняй Ядзi, а Ядзi праз дзесяць гадоў. Ну не хачу я, каб ёй было сорамна за татавы ўчынкi нi праз дзесяць, нi праз дваццаць, нi праз пяцьдзесят... А турбаваць Найвышэйшыя сiлы па рознай чалавечай драбязе не лiчу патрэбным. Дачкi тут больш чым дастаткова.
Вакал
Ядзя ў кансерваторыi бярэ ўрокi вакальнага майстэрства. Выкладчыца яшчэ пасля iспыту безапеляцыйна вынесла прысуд: голасу няма, але ёсць жаданне, смеласць i слых, а таму яна будзе займацца з Ядзяю. Не аднойчы i на маiх мастакоўскiх i паэтычных здольнасцях ставiлi крыж. Але ў кожным крыжыку можна ўбачыць плюсiк. Калi захацець, калi мець характар. Колькi таго характару было трэба, каб прымусiць дачку скончыць музычную школу! І слёзы, i капрызы, i лаянкi са знявагамi — усё мiнула. Школу музычную Ядзя скончыла выдатна. Цяпер неiстотныя нi сваркi тыя, нi пяцёркi. Істотна — для каго яна будзе спяваць. Бо вершы i песнi не зусiм належаць аўтару, у большай ступенi яны належаць тым, дзеля каго пiшуцца. Як ёй гэта растлумачыць? І цi можна вытлумачыць любоў? Пэўна, не. А без гэтага застануцца толькi пяцёркi i грошы, i мне будзе сумна.