Выбрать главу

Але напачатку Нільс прапанаваў заехаць на могілкі.

28

Могілкі разлегліся вакол бажніцы, што стаяла на ўзвышшы і да Рэфармацыі паспела пабыць каталіцкім храмам. Марцін з Нільсам зайшлі ў прыцемны халадок, у якім гучна абазваўся бразгат кінутых у царкоўную скарбонку жалезных кронаў.

Марцін прайшоўся ўздоўж сценаў з умураванымі пахавальнымі плітамі. Некаторыя захавалі яшчэ лацінскія надпісы. Некалькі плітаў былі не пахавальныя, а мемарыяльныя — памяткі пра патанулых маракоў. Адна — чорны мармур з залатымі літарамі імёнаў і аднолькавай ва ўсіх датай смерці — выглядала зусім новай. Марцін змеціў, што паводле гадоў нараджэння тут ёсць і дзеці. «Нашы, што загінулі ў тым страшным цунамі ў Тайландзе», — патлумачыў Нільс.

«Шведы любяць падарожнічаць…» — дадаў ён, памаўчаўшы, і Марцін міжволі згадаў Эмануэля Сведэнборга з ягонымі вандраваннямі па духоўным свеце, дзе філосаф, зрэшты, бачыў не толькі анёлаў ды новыя ўвасабленні людзей, але і караблі пад рознакаляровымі ветразямі, што яго, Марціна, заўсёды асабліва натхняла.

Родныя Нільсавы магілы пад гарой аказаліся сціплымі прастакутнікамі з шэрага каменю. Імёны, гады жыцця і жывая блакітная аблямоўка з зацвілых «жабіных вочак». Бабуля, адзначыў чамусьці Марцін, перажыла мужа роўна на тры гады, тры месяцы і тры дні. Замест кветак, сказаў Марцін, ён хацеў бы прачытаць пятнаццаты санет Шэкспіра. Нільс кіўнуў.

Калі падумаю, што ўсё жывое Красуе на зямлі кароткі міг, Што свет — тэатр, а мы яго героі Ад зор залежым на шляхах сваіх…
29

Падараваны Нільсам сюжэт сапраўды мог надацца для рамана.

На досвітку мінулага стагоддзя ў дрымотна-ціхі шведскі гарадок прыехаў вандроўны цырк са сланамі. Артыстам і звярам вызначылі пустку паміж апошнімі дамамі і лесам. Правесці цыркачоў да месца вызваўся на чыгуначнай станцыі падлетак-гімназіст Стэфан. На чале экзатычнай працэсіі ён засяроджана і самавіта ішоў праз увесь горад. Жыхары, што пакуль не ездзілі адпачываць у Тайланд і бачылі сланоў адно ў школьных падручніках, тоўпіліся ўсцяж галоўнай вуліцы і высыпалі на гаўбцы. Сочачы за дзівоснай падзеяй, на бацькоўскім гаўбцы стаяла і гімназістка Оса — дзяўчынка з доўгімі, як у святой Інэсы, валасамі. Яна лічылася мясцовай каралевай прыгажосці, да якой марна заляцаліся не толькі вучні гімназіі, але і студэнты, што паехалі па навуку ў Стакгольм.

Надышоў момант, калі перадавы слон абвіў гімназіста Стэфана хобатам за пояс і ашчадна перанёс у кошык на сваёй спіне. Такім чынам праваднік сланоў апынуўся дакладна на ўзроўні гаўбцоў, бо ўсе дамы мелі тады не болей за два паверхі. Горад выбухнуў воплескамі, хтосьці кінуў адважнаму гімназісту букет кветак.

У дуты незачэпы Осы павеяў нязнаны датуль ветрык. Гімназістка вырашыла пазнаёміцца з цыбатым падлеткам, што стаў героем усяго іхняга маленькага свету. Праз два дні яна знайшла Стэфана на нядаўняй пустцы, дзе цяпер вечарамі таўкліся гараджане рознага веку. За заслугі перад цыркам хлапчына меў права штодня наведваць паказы і праводзіць з сабой аднаго знаёмага. Ганаровага госця нязменна ўсаджвалі ў першым шэрагу, і пры канцы нумара са сланамі якісьці з іх асцярожна падхопліваў Стэфана ды рабіў з ім па пасыпанай пілавіннем арэне адвітальнае кола.

У той вечар, калі прыгажуня з ільнянымі косамі на зайздрасць зграі нешанцоўных кавалераў запыталася ў Стэфана, як яго клічуць, слон далікатна ўзяў за талію яе самую. Гэта і вырашыла лёс: праз колькі гадоў Оса і Стэфан пабраліся, каб у будучыні стаць Нільсавымі дзедам і бабуляй.

На ўспамін пра экстравагантнае знаёмства ў іхняй гасцёўні на вакне заўсёды прысутнічалі сямёра пашыхтаваных па росту парцалянавых слонікаў: самы вялікі памерам з кацяня і найменшы — з дробную мышку. Нільс памятаў хатніх сланоў ад той пары, калі яны — прыцягваючы паводле кітайскай мудрасці фэн-шуй удачу — стаялі на вакне, павярнуўшы хобаты ў бок вуліцы. Раней, калі Стэфан з Осай былі маладыя, дом меў іншы набор сланоў, які Нільс знайшоў некалі на гарышчы. Атабарыўшыся ў спальні, тыя цягнуліся апушчанымі хобатамі да сужэнскага ложка, дапамагаючы ў зачацці дзяцей, і выдатна спраўляліся са сваёй роллю.