Слухаючы Нільса, Марцін убачыў перад сабой чародку слонікаў, што ў дзяцінстве ішла па этажэрцы ў іхняй з мамаю і бабуляй двухпакаёўцы. Праўда, мама моцна здзівілася б, пачуўшы пра сістэму фэн-шуй і пра тое, што гэтыя статуэткі здатныя на нешта іншае, апрача ўпрыгожвання сціплай абстаноўкі. Побач са слонікамі на этажэрцы сядзела, выцягнуўшы наперад белую ножку, парцалянавая балерына. Яна з’явілася раней за суседзяў з хобатамі, і малы Марцін калісьці скінуў яе на падлогу, адбіўшы балерыне галоўку.
Мама прымудрылася скласці балерыну, засунуўшы ў пустую ўсярэдзіне статуэтку доўгі цвік, на плешцы якога і трымаўся адляцелы кавалачак з чорнымі кудзеркамі і пунсовымі вуснамі. Калі Марціну хацелася пазлаваць маму, ён цягнуў балерыну за галаву, і тая ператваралася ў жанчыну-жырафу.
Нільс прапаноўваў усё новыя дэталі і адгалінаванні сюжэта.
Оса і Стэфан шмат гадоў жылі заможна і ў шчасці, пакуль Нільсаў дзед, які служыў на гандлёвым флоце, не прывёз адкульсьці з Індыі або з Інданезіі новых сланоў. Іх, зробленых гэтым разам са слановай косці, зноў жа было сем, але між дзвюма тройкамі цалкам белых адзін меў чорныя біўні.
Бабуля з першага дня знелюбіла мужаў набытак. Яна абвясціла, што здасць яго ў антыкварную краму свайго брата на ратушным пляцы, і рабіла некалькі спробаў запакаваць сланоў у скрынку, аднак Стэфан упарціўся і вяртаў іх на падвоканне. Гэта, маўляў, падарунак, але сказаць, ад каго, — рашуча адмаўляўся. У Нільсавых бацькоў узнікла падазрэнне — яны, зразумела, хавалі яго ад бабулі — што тут тоіцца нейкая ўсходняя жанчына. Маці ў такіх размовах называла яе фатальнай.
А потым дзед у адпачынку між плаваннямі выйшаў у мора на апошнюю рыбалку.
Пасля хаўтураў сланы неадкладна пераехалі да антыквара, але не ў краму Осінага брата, а ў іншую, каля царквы. «Няхай Госпад іх ачысціць», — патлумачыла бабуля. Рэшту адмераных ёй гадоў яна амаль не выходзіла з дому і ўсяго раз наведала мужаву магілу, хоць і загадала пахаваць сябе поруч.
Марцін акурат думаў, што такіх гісторый можна пачуць адну-дзве за цэлае жыццё, як наперадзе з-за рога дома выплыла знаёмая пара са стакгольмскага гатэля. Занятыя размовай, яны і не заўважылі або ўдала прыкінуліся, што не заўважаюць нядаўняга суседа. Жанчына зноў падалася яму істотна старэйшай за сябе самую тры дні таму. Яна як быццам яшчэ больш пастарэла нават з таго моманту, як Марцін убачыў іх на кніжным кірмашы, аднак радзімка на лобе не пакідала сумневаў, што жанчына — тая самая сяброўка бакенбардыстага, што лётаў па гатэльным калідоры ў паласатых майтках. «Змыла касметыку плюс натуральнае сонечнае асвятленне», — знайшоў тлумачэнне Марцін, хоць яго пачынала турбаваць, ці не зачаста яны сустракаюцца ў краіне, што прыкметна большая за Манака ці Сан-Марына.
Не паспеў ён развітацца з гэтай думкай, як напаткала новая неспадзяванка. Афіцыянтам, што падышоў да іхняга з Нільсам абедзеннага століка ў кавярні, аказаўся не хто іншы, як стакгольмскі шкіпер або ягоны двайнік. Марцін неўпрыкмет паторгаў сябе за вусы. Карцела пацікавіцца ў шкіпера, ці даўно той наведваўся ў сталіцу, аднак, гледзячы на адстаронены ды непранікальны твар афіцыянта, які цяпер, адрозна ад Стакгольма, гаварыў па-англійску без усялякага акцэнту, ён перадумаў. Пытанне магло быць расцэненае як умяшанне ў прыватнае жыццё.
«Ці не зашмат супадзенняў?» Сёрбаючы духмяную юшку, Марцін вырашыў падзяліцца здзіўленнем з Нільсам, але ўрэшце замест гэтага аддаў належнае стэйку з аляніны. Пагатоў выдавец не бачыў раней ні парачкі каханкаў, ні шкіпера.
Другая ноч у доме Нільсавых сваякоў аказалася поўнай супрацьлегласцю першай.
У сне Марцін апынуўся ў круглым будынку-ратондзе са сценамі з суцэльнага шкла, але шкла не звычайнага, а празрыстага адно з унутранага боку. Такім чынам вачам Марціна адкрывалася ўсё, што чынілася знадворку, а яго — ён аднекуль ведаў — адтуль убачыць не маглі.
Не маглі, але вельмі імкнуліся: да шкла прыціскаліся, марна ўзіраючыся ў недасяжную для іхняга зроку прастору, знаёмыя і незнаёмыя твары.
Знаёмымі былі тыя, з кім Марцін не хацеў мець аніякіх дачыненняў, бо тыя людзі адыгралі некалі ў ягоным жыцці адмоўную, а то і злавесную ролю. Да шкла ціснуўся, напрыклад, знаёмы паэцік — былы, а, відаць, і цяперашні стукач, што, апрача даносаў, пісаў у сеціве пад рознымі нікамі брыду пра яго, Марціна, і некалі здолеў разлучыць з мастачкай Вітай. Ён пазнаў і двух верагодных шэфаў паэціка — супрацоўнікаў органаў, якія ў гады студэнцтва пагражалі за самвыдат выкінуць Марціна з універсітэта і заслаць у войска куды-небудзь пад Магадан. Гэта мімаволі наводзіла на думкі, што і незнаёмых персанажаў за шклом наўрад ці можна далучыць да ягоных прыхільнікаў і сімпатызантаў.