Выбрать главу
5

Сярод запісаў у нататніку мелася ўжо і не надта дзіцячае вытлумачэнне, згодна з якім Шэкспір ды Сервантэс ліставаліся між сабой і, стаміўшыся ад жыцця і славы, змовіліся сысці ў вечнасць у адзін дзень, пакінуўшы сваю загадку нашчадкам. Марцін марна намагаўся шукаць пацверджанне ў самім «Дон Кіхоце», прычым не ў сваім, з маленькага хатняга кнігазбору, дзе на тытульнай старонцы было пазначана, што кніга пераказаная для дзяцей, а папрасіў маці прынесці раман з дарослай бібліятэкі і напачатку чытаў яго з трымценнем, нібы кабалістычны трактат. Але нават вывучэнне раздзела пра незвычайную прыгоду Дон Кіхота з калёсамі Суда Смерці скончылася безвынікова.

Марцін спрабаваў звяртацца па дапамогу не адно да кніг, але і да дарослых. Маці засмуціла, бо лічыла таямніцу смерці геніяльных пісьменнікаў простым супадзеннем. Вясёлы чырвонаносы настаўнік гісторыі параіў пакінуць праблему вучоным-шэкспіразнаўцам. Бабуля паводле ейнай завядзёнкі меркавала, што паўсюль трэба шукаць сляды нязводных д’ябальскіх сілаў. Брат-стрыечнік, які ведаў пра Марцінаў жоўты нататнік, дакляраваў у вольны час разабрацца з пісьменнікамі, ды хутка пра тое забыўся.

Але, што б там ні было, Марцін пераканаў сябе: 23-ці красавіцкі дзень — не шараговы, у гэты дзень мацней праяўляюцца неспасцігальныя чалавечым розумам сілы і перад верагоднай сустрэчаю з імі трэба трымацца напагатове.

Якраз тады, няхай і не 23 красавіка, а напярэдадні, ён знайшоў на беразе ракі пасля паводкі срэбную манету з партрэтам яшчэ невядомага яму манарха на аверсе і конным рыцарам на рэверсе. Тое здарэнне сведчыла, што і ў наш час у дваццатых днях другога вясновага месяца могуць адбывацца рэчы непрадказальныя і, апрача таго, неабавязкова сумныя.

Так у Марціна з’явілася асабістая таямніца — магічны дзень.

6

Загадка Шэкспіра і Сервантэса не давала Марціну спакою да дзявятага класа. Але аднойчы брат-студэнт, які прыехаў да іх на Каляды, паблажліва паляпаў Марціна па плечуку і даў параду супакоіцца і пашукаць сабе іншую таямніцу.

Стрыечнік не забыў на абяцанку і, нарэшце заглыбіўшыся ў тэму, высветліў, што насамрэч сэрцы класікаў спыніліся не ў адзін і той жа дзень. Сервантэс адышоў на дзесяць дзён раней, бо ў каталіцкай Іспаніі дзейнічаў грыгарыянскі каляндар, а пратэстанцкая Англія ўпарта трымалася юліянскага. Брат патлумачыў, што такія аддаленыя ад нас даты не пераводзяцца ў новы стыль, праз што і ўзнікла міфічная таямніца, якой дураць наіўныя галовы.

7

Марцін перажыў глыбокае расчараванне. Ягоны свет страціў адну з непаўторных барваў. Сітуацыю не ратавалі і адкапаныя звесткі, паводле якіх Шэкспір памёр у той самы дзень, калі і нарадзіўся, што таксама выглядала дзіўнавата. Марцін з сумам закінуў жоўты нататнік з пабляклым сонейкам на антрэсолі ды ўзяўся шукаць новыя загадкі.

Аднак яго даўняя таямніца не канула ў Лету і па часе вярнулася. Па-першае, разважаў Марцін, і Іспанія, і Англія, а значыць, і Шэкспір з Сервантэсам пражывалі той далёкі дзень менавіта як 23 красавіка. Такім чынам версія з ліставаннем і пакрыёмай дамоваю класікаў канчаткова не губляла імавернасці. А, па-другое, Марціну проста расхацелася развітвацца з магічным днём.

8

Да гэтай падлеткавай тайніцы Марцін у розныя перыяды жыцця ставіўся неаднолькава, часта іранізаваў над сабой, але не забываў намаляваць у штодзённіку на адпаведнай старонцы сонца са стрэлкамі-промнямі. Цяпер яны азначалі чаканне чагосьці такога, што магло аздобіць сваім водсветам будзённае жыццё. А магло і азмрочыць, таму трэба быць гатовым да неспадзяванак. Калі ты наструньваешся і ловіш адпаведную хвалю, верагоднасць такога здарэння павялічваецца. Урэшце і нязначная, на першы погляд, падзея, убачаная пад іншым ракурсам, можа набыць новае нечаканае гучанне, стацца лёгкім намёкам, знакам, папярэджаннем або абяцаннем. Карацей, Марцін не здраджваў даўняй гульні і ў дваццатыя красавіцкія дні імкнуўся хоць на хвіліну ператварыцца ў падлетка з жоўтым нататнікам.