Выбрать главу

Пасля маленькага, лялечнага гарадка яны праміналі доўгае возера з парослымі хвоямі скалістымі выспамі. Марціну ўзгадалася, як у юнацтве, аддаючыся сваёй гульні, ён у адпаведныя красавіцкія дні па-хлапчукоўску сам шукаў прыгодаў і аднойчы прыехаў у родных мясцінах на вялікае лясное возера.

20

На лодцы, узятай у дзеда-рыбака, што жыў у доме на высокім беразе, Марцін адплыў далёка на сярэдзіну. Возера ўражвала спакоем і бязлюднасцю. Яму не сустрэлася ніводнай лодкі, адно чародка вужоў, якая кіравалася некуды па сваіх вужыных справах. Вясновы дзень быў па-летняму цёплы. Марцін склаў вёслы, паслаў на карме вятроўку, прылёг на ласкавым сонцы і няўзнак заснуў.

Ён прачнуўся ад моцнай гайданкі. Усё навокал перайначылася. Замест нядаўняга сонечнага зацішку панавала змрочнае сутонне, што дыхала волкім холадам. Палову неба займала чорная, з жудлівым арабінавым падбоем хмара, якую нястомна разрывалі звілістыя маланкі. Вецер сарваў з кармы і панёс кудысьці ў невараць ягоную вятроўку. Возера разгулялася гэткімі хвалямі, што — каб не важкая, а таму ўстойлівая лодка — ён, відаць, мусіў бы дабірацца да берага наўплаў.

Марцін колькі змогі працаваў вёсламі, ды навальніца няўхільна насоўвалася і заспела на паўдарозе, наводліў ударыўшы цяжкімі пасамі залевы. З няўцямным вясёлым адчаем ён працягваў веславаць. У змаганні са стыхіяй нават заспяваў 90-ты санет, кідаючы словы проста ў твар развар’яванаму вятрыску:

Калі знялюбіш — знелюбі хутчэй, Пакуль мне свет рыхтуе ўкрыжаванне. Ліеш мне горыч — налівай паўней. Страшней за ўсё чаканне пакарання…

Хвалі і шчыльная заслона проліўня збівалі з курсу, аднак Марцін, да крыві сцершы мокрыя далоні, зноў і зноў раўняў лодку і паволі набліжаўся да выратавальнага берага. Яму ўжо свяціў маяк — вакно ў рыбаковым доме на пагорку. Хмару перагнала, маланкі білі радзей і недзе ўбаку.

І раптам, калі да прыбярэжнага трыснягу заставалася мо якіх пару сотняў метраў, сляпучая серабрыста-блакітная страла ўдарыла паміж лодкай і берагам проста ў возера. Не, гэта была не страла: у навальнічнай прасторы між небам і хвалямі вырас жывы зіхотка-пульсоўны слуп, па якім імкліва прабягалі чорныя змеі. Слуп як быццам спрабаваў падтрымаць гатовы абрынуцца на зямлю небасхіл. На момант чорныя змеі зніклі, і на слупе як быццам праявіліся невыразныя абрысы жаночай постаці. Але ў наступнае імгненне, успыхнуўшы наастачу сінім агнём, слуп абрынуўся ў возера.

Марціна скаланула і, каб не страціць зрок, ён закрыў твар рукамі. На хвіліну аглух і не пачуў грукатання перуна, а як вушы адклала і ён адняў далоні ад вачэй, то адчуў, што і слых, і ягоная оптыка змяніліся. Вакол запала зусім інакшая ціша. Дождж суняўся, хвалі ўвачавідкі паменшалі. Наваколле ўспрымалася нібы праз акуляры, якія не перайначвалі памераў і колераў, але надавалі ўсяму няўлоўнае дадатковае вымярэнне з прыхаванымі сэнсамі.

Ён узяўся за вёслы і неўзабаве прамінуў месца, дзе, паводле яго разлікаў, неба і вада кагадзе былі паяднаныя вусцішным зіхатлівым слупом. На пацішэлай азёрнай паверхні мёртва пагойдваліся, пабліскваючы белымі, з блакітным адлівам чэраўцамі, пэўна, тыя самыя, сустрэтыя ім вужы.

З блізкага берага махаў вялікім ліхтаром дзед-рыбак. Марціну больш за ўсё іншае хацелася зараз пераапрануцца ў сухое, выпіць шклянку славутай тамтэйшай самагонкі і заснуць да раніцы.

21

Швецыя — немалая краіна, і ў горад, дзе адбываўся кніжны кірмаш, яны прыехалі надвечар. Вікіпедыя не падманула: з таксоўкі Марцін угледзеў і возера, што замяняла гораду галоўную плошчу, і напраўду велічны змрочны замак на выспе. Пасля вячэры ў гатэльным рэстаранчыку яны з Нільсам прайшліся старадаўнімі вулачкамі, што кружлялі вакол возера, зліваліся адна з адной і зноў разыходзіліся, выклікаючы рэмінісцэнцыі з Борхеса. Нільс паказаў госцю чумны слуп, да якога хтосьці ўсклаў букецік нарцызаў, і месца, дзе кароль некалі пакараў дэпутатаў-здраднікаў, літасціва дазволіўшы не аддаваць іх на тартуры, а проста адсекчы неразумныя галовы. Выдавец падвёў Марціна да самай старажытнай царквы, быццам высечанай з цэлай скалы, а потым да сучаснага, падобнага да павялічанага ў тысячы разоў слімачынага дамка, будынка, дзе ўчора завірыўся іх кірмаш.

Дарогаю назад Нільс запрапанаваў выпіць па кілішку за мір у карчомцы, што прымала наведнікаў з часоў вайны паміж іхнімі, Нільсавымі ды Марцінавымі, продкамі ў сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя. Уладкаваліся пад куродымнымі скляпеннямі за драўляным сталом, спярэшчаным выразанымі ў розныя эпохі надпісамі, сярод якіх вылучалася свежае расейскае слова з трох вялікіх літар. Нільс паставіў на іх скрыначку з сурвэткамі і прызнаўся, што якраз тут у школьныя гады ўпершыню пакаштаваў з сябрамі віскі.