Выбрать главу

Драўляныя сходы вялі на галерэю з працягам келляў, аднак ужо з двухпавярховымі ложкамі, відаць, для артыстаў, занятых пакуль што на другарадных ролях і ў масоўках.

Гатэльчык, у якім Марцін апынуўся адзіным начлежнікам, адначасна служыў і сховішчам рэквізіту. У інтэр’еры з размаітымі дэкарацыямі знайшлі прытулак манекены ў тэатральных уборах: манархі і прыдворныя, персанажы антычных драм і сучасных трагедый, пейзане, верагодныя кілеры з адпаведнай экіпіроўкай, тройца відавочных вампіраў з ярка нафарбаванымі вуснамі… Пасля выпітай на вячэры слівовіцы Марцін дазволіў сабе павітацца за руку з каралевай і легкадумна пстрыкнуць па дзюбах шаломаў двух рыцараў у парадных панцырах, што вартавалі дзверы прыбіральні.

Гэтая досыць вясёлая і забаўная атмасфера ўмірг вока запаветрыла, калі Марцін патушыў электрычнасць. У прывідным святле, што лілося ў круглыя вокны пад столлю, усе ягоныя мілыя суседзі ажылі і распачалі павольны, але прыкметны рух, мэтаю якога служыла Марцінава келля. Выразна чулася, як хтосьці няспешна і цяжка спускаецца па сходах з галерэі. Рэшта кароткай ліпеньскай ночы аздобілася адчайнай экспедыцыяй у прыбіральню, на парозе якой абражаныя нядаўнімі пстрычкамі рыцары ніяк не хацелі раздымаць скрыжаваныя алебарды.

24

Марцін вярнуўся з летняй Браціславы ў вясновую Швецыю. Незвычайнае магло прычыніцца з ім не толькі ў красавіку. Але акурат у гэтыя дні ён прайшоў калісьці мужчынскую ініцыяцыю.

Як на цяперашні час тое здарылася даволі позна — у дзясятым класе. Яго правадніцай у свет новых дзівосных адчуванняў стала ўдвая старэйшая настаўніца англійскай мовы — высокая, станістая, заўсёды модна апранутая жанчына, якая ўжо не давяла клас да выпускных экзаменаў: звольнілі за сувязь з іншаземцамі, што мантавалі новае абсталяванне на нафтаперапрацоўчым заводзе. Марцін яе ніколі потым не бачыў, але ніколі і не забываў, успамінаючы з нязменнай пяшчотай. Левая смочка ў Тамары была ўдвая большая за правую. Калі ён браў яе ў вусны, ўзнікала адчуванне, што гэта спелая вішня.

25

Адрозна ад мінулае ночы Марцін ціхамірна праспаў да раніцы. Ніхто не зайшоў у зачыненыя дзверы ў канцы калідора. Аголеныя прыгажуні, выявіўшы неспадзяваную стрыманасць, засталіся на карціне.

На сняданку ён упершыню пакаштаваў аляніны і адмысловага шведскага печыва з імберцам. Калі яны з Нільсам чакалі ля барнае стойкі каву, у зале з’явіўся Марцінаў браціслаўскі знаёмы, уладальнік буйной кнігарні Любамір. У размове з гэтым вясёлым курдупелем Марцін згадаў векапомны тэатральны гатэльчык. Браціславец зарагатаў. Летась туды пасялілі іншага замежнага госця, якога ўранні знайшлі на канапцы ў фае. «Гатэлі, я вам скажу, гэта такая тэрыторыя…» — шматзначна пракаментаваў Любамір.

Высветлілася, што з Любамірам знаёмы і Нільс, у чым, зрэшты, Марцін не знайшоў нічога нязвычнага. Здзівіла хіба тое, што выдавец таксама аднекуль чуў пра гатэльчык з каралямі ды вампірамі.

26

Блукаючы пасля сваёй прэзентацыі па кірмашы, Марцін знячэўку сутыкнуўся са стакгольмскімі суседзямі, што не давалі яму заснуць пасля «пажару». Бакенбардысты маладзён і яго спадарожніца з індыйскай кропелькай або радзімкай трымаліся за рукі і праплылі паўз Марціна з цалкам адсутнымі позіркамі. Дзіўна, але жанчына здалася істотна старэйшай, чым пазаўчора.

Па абедзе Марцін з Нільсам выправіліся ў прыморскі горад, дзе дагэтуль недзе жыла мара выдаўца пра бананавыя дрэвы да Паўночнага круга.

27

У чацвер раніцой пасля спакойнай ціхай ночы ў Нільсавых сваякоў Марцін з выдаўцом паехалі паглядзець ягоны летні дом на моры. Дзень радаваў цеплынёю і сонцам. Каля дома зелянелі пяшчотнай маладой ігліцай лістоўніцы. На кветніку цвілі крокусы, а на смарагдавым лужку цешыў вока ружовы россып стакротак.

Марскі бераг прывітаў велізарным статкам чорных пляскатых камянёў. Пераскокваючы з аднаго на другі, Марцін і Нільс дасягнулі той мяжы, дзе на камяні раз-пораз накочваліся невысокія хвалі з белымі баранчыкамі.

«Дваццаць гадоў таму мой дзед не вярнуўся з мора. Дакладней, вярнуўся без лодкі. Хвалі вынеслі яго вунь каля таго мыса з хвоямі». Мора не ўпадабала Нільсаў успамін: яны не патрапілі ўцячы ад пенлівага языка, што са зламысным задаволеным шыпеннем намачыў ім чаравікі.

Калі, зноў паскакаўшы па камянях, яны вярнуліся на бераг, Нільс працягнуў аповед. «Суседзі расказвалі, што бабуля ў той дзень на каленях маліла дзеда не выходзіць на рыбалку. Ужо з берага крычала наўздагон, каб вярнуўся, бо ў яе благое прадчуванне. Потым пусцілі чутку, што бабуля… як сказаць, калі нехта знаецца з трансцэндэнтальнымі сіламі?. ну так, ведзьма. Рыбакі прыходзілі да яе пытацца, ці выходзіць ім сёння ў мора. Згадзіся, што гісторыя вартая літаратурнага твора. Хачу падараваць табе сюжэт. У мяне прадчуванне, што на турыстычных даведніках ты не спынішся».