З ім Ірына бывае сапраўднай. «Ты распранаеш мяне ва ўсіх сэнсах», — аднойчы прызналася яна. І яму ўвесь час хацелася агаліць ейную душу — якраз у тыя моманты, калі яна была побач і наўмысна захутвалася.
— Табе прозвішча Іванова пра што-небудзь гаворыць?
Мішава пытанне прымусіла Грынкевіча нарэшце схаваць мабільнік і згадаць, дзе ён.
— Тое самае, што Пятрова ці Сідарава.
— Дык вось, мне сакратарка Любачка сказала пад сакрэтам, што шэф некалькі дзён запар размаўляе па тэлефоне з нейкай Ланай Івановай. Быццам яна да нас прыедзе «Дона Джавані» ставіць. Праўда, у яе яшчэ ў Маскве нейкая праца паралельна, таму будзе ездзіць туды-сюды. Пастановачны працэс быццам бы на пару месяцаў дакладна расцягнуць.
— Вось якія справы! А мне ён сёння нічога не сказаў. А я пытаўся, — прамовіў Грынкевіч, ліхаманкава спрабуючы згадаць, ці чуў ён штосьці пра нейкую рэжысёрку з эксклюзіўным прозвішчам Іванова.
— Што за яна — невядома. Сама з Масквы, быццам былая вакалістка.
— Ве-е-льмі адмысловая прыкмета. Усе оперныя рэжысёры — былыя вакалісты. Знайшоў чым здзівіць.
Грынкевіч закурыў і стаў нецярпліва стрэсваць попел. Яшчэ адна пастка. Яго будзе есці галоўны — гэта зразумела. Але калі «Дон Джавані» выйдзе з перакошанай сцэнічнай часткай. Чарговая бландынка (ці сіняя панчоха, — якая ўвогуле розніца?) будзе займацца рэжысурай і вучыць яго слушнаму разуменню музыкі. Дый увогуле, што за праца такая, з матляннем туды-сюды з горада ў горад, з тэатра ў тэатр? Ён штодня будзе бачыць Ірыну, будзе слухаць ейны голас, будзе шалёна яе жадаць і шалець ад жадання. А яна будзе з'язджаць з рэпетыцый і спектакляў разам са сваім алігархам. І нічога з усім гэтым не зробіш.
— А вось скажы шчыра, што ў цябе з Іркай Рогавай?
Ад нечаканасці Грынкевіч зрабіў такую глыбокую зацяжку, што ледзь не задыхнуўся, не раўнуючы курэц-пачатковец. Вось ужо гэты тэатр — лес чуе, а поле бачыць.
— Нічога.
— Ой маніш. — замуркатаў Міша і гукнуў афіцыянта, каб замовіць яшчэ піва. — Каб ты такую дзеўку ды прапусціў.
Стала зразумела, што Міша не мае ніякіх доказаў, таму любое вінавачанне можна разваліць. Грынкевіч супакоіўся.
— Усіх не пакаштуеш, — суха адказаў ён і таксама замовіў яшчэ піва. Затым для пэўнасці дадаў:
— Мне раней было цікава ўсё на свеце, а цяпер, відаць, супакойваюся.
— А з Танькай ужо зусім завязаў?
— Яшчэ з зімы. Ды ну, годзе. Яна сама добра разумее, што жыць са мной не айс, я ёй хіба дзеля здароўя. І потым, у яе двое дзяцей і яна ўсё яшчэ пра мужа згадвае. Гэта пры тым, што ён трахаўся раз на месяц дый тое кепска.
Тым часам на мабільнік прыйшла СМС. Але не з Ірынінага нумара. «Сумую па кожнай пражылцы твайго. » І зразумела, гэтай СМС Грынкевіч проста не меў права не падзяліцца з Мішам — мужчынская салідарнасць гэтага патрабавала. Той зарохкаў ад задавальнення і запытаўся, што за цуд. Грынкевіч парыўся ў сваім тэлефоне і знайшоў там два здымкі аўтаркі паведамлення. Здымкі былі цалкам цэнзурныя, нават цнатлівыя, але ж вядзьмарскі позірк выдаваў сапраўдную натуру дзяўчыны.
— Ух ты, якая дзевачка! Ды яшчэ і рудавалоска. Натуральная. — Міша ажно засапеў. — Дзе знайшоў?
— У Гнесінцы на аркестравым факультэце. Яна з Масквы.
Чужая доля пад бокам коле. Міша пачаў распытваць, як гэтая дзяўчына наконт танга ўтраіх. Гэта была даўняя фантазія. Трэба сказаць, што Міша меў немалы рост, нішто сабе фігуру, цэлую шапку русых хвалістых валасоў, жарсны позірк блакітных вачэй і не абы-які голас. Такога можна было выпускаць на сцэну ў партыі Руслана нават без грыму. Кабеты па ім шалелі. Самыя сціплыя з іх цягалі яму на спектаклі кветкі і шакаладкі, самыя адчайныя хадзілі да ягонай жонкі на працу ў школу мастацтваў і прасілі, каб яна дала мужу свабоду.
І ўсё адно ён чамусьці зайздросціў не такому высокаму і не такому атлетычнаму Грынкевічу, да якога зляталіся рудыя ведзьмы.
— Я танга ўтраіх не вельмі. Люблю атрымліваць усё, — адказаў Грынкевіч. — Добра, Міша, пасунуся я бліжэй да хаты, а потым да вакзала. Мне ў Маскву якраз трэба. Магу ведзьмачцы ад цябе перадаць прывітанне.
Дон Джавані і Лепарэла ўцякаюць.
Сцэна ІІІ
Дон Атавіа, донна Анна і служкі з паходнямі. Яны спачатку не разумеюць, што адбылося, нават калі знаходзяць нежывое цела Камандора.
№ 2: Рэчытатыў і дуэт «Ma qual mai s'offre, oh Dei...».
У цягніку да Масквы Грынкевіча заспелі сямейныя справы: маці тэлефанавала, каб сказаць, што Віцька ў лістападзе прыедзе ў Мінск. Не зашкодзіць і Аляксею быць там, бо ў бацькі якраз тады дзень народзінаў. Юбілей. Будзе вельмі добра, калі збярэцца ўся сям'я. Грынкевіч адказаў, што нічога абяцаць не можа. Калі б не пастаноўка, то дакладна змог бы прыехаць, а так у яго ў лістападзе справа будзе ісці да здачы «Дона Джавані», таму.