Выбрать главу

— Лёша, я ўсё разумею. Але ж Віцечку з-за акіяна прыляцець складаней, чым табе з Расіі прыехаць. А я яго бачу часцей, чым цябе. Ён раз на паўгода прыязджае, а ты.

Калі маці пераходзіла ў контрнаступ, Грынкевіч заўсёды выяўляўся бездапаможным. Ён ніколі не ведаў, што сказаць у адказ. Дакладней, ведаў, але не мог падабраць словаў, каб не змусіць маці расплакацца. Вось зараз яго чорт цягнуў за язык адказаць нешта такое: мама, а ці не хочаш ты мяне павіншаваць з першай у жыцці пастаноўкай? Але што такое першая ў жыцці пастаноўка? Віцька прылятае са Штатаў, каб усім разам адзначыць бацькаў юбілей. А тата з ягонымі двума інфарктамі ў анамнезе мае патрэбу ў станоўчых эмоцыях — вось гэта важна.

— Я ўжо хутка пачну забываць, як твой голас гучыць. Як з'явіліся гэтыя камп'ютары, дык ты і званіць перастаў.

Плакала Данута Фларыянаўна вельмі часта, але з пачуццём уласнай годнасці. Прычым пры бацьку яна гэтага не рабіла, усе слёзы даставаліся старэйшаму сыну.

Насамрэч ён з самага дзяцінства не адчуваў з боку маці асаблівай цеплыні. Можа, таму сказаў ёй на злосць: так, пакідайце мяне ў школе-інтэрнаце, я буду вучыцца ў дзесяцігодцы. Яму тады было ўсяго восем. Звычайна дзіця ў такім узросце просіцца ў бацькоў, каб забралі з сабой. А ён добраахвотна застаўся ў Піцеры і ператварыўся ў сына на вакацыі. Проста перад ад'ездам сям'і ў Мінск ён пакрыўдзіўся на маці і не змог гэтага выказаць. Ну, а яна, натуральна, не зразумела гэтай помсты, якая стала для яго яшчэ і лёсавызначальнай.

Крыху пазней ён прывозіў маці дыпломы і фотаздымкі з розных конкурсаў юных піяністаў, і Данута Фларыянаўна вывешвала іх на бачным месцы ў кватэры. У іх у Мінску дагэтуль вісіць павялічаная фотка, дзе яму, Аляксею, гадоў трынаццаць і ён грае з аркестрам нейкі з канцэртаў

Моцарта. Там у яго не па-дзіцячаму натхнёны твар, рамантычная, крыху хвалістая грыва наўмысна нястрыжаных валасоў і першы ў жыцці гальштук-мятлік, які яму дазволілі навязаць замест піянерскага гальштука. Для маці гэтая фот­ка доўгі час выконвала функцыю абраза.

Донна Анна бачыць забітага Камандора і, непрытомная, падае на яго цела. Дон Атавіа загадвае лёкаям знесці нябожчыка і спрабуе вярнуць Анну ў прытомнасць.

Калі Аляксей падмануў матчыны надзеі і не стаў вялікім канцэртным піяністам, фотку былі прыбралі зусім і схавалі недзе ў секцыі. Потым яе рэабілітавалі, але павесілі ў пакоі, што дагэтуль зваўся «дзіцячым», — каб не так кідалася ў вочы. Праўду сказаць, ён падмануў не толькі надзеі, ён увогуле падмануў бацькоў, праз што і выбухнуў вялікі скандал. Пэўны час ён увогуле не кантактаваў са сваёй сям'ёй, пакуль бацька не прыехаў да яго ў Піцер «скурыць люльку міру». Але ж адносіны са сваякамі былі халаднаватымі. Юнага піяністычнага паўбога больш не было, а вось яго самога ні бацька, ні маці пакуль не прымалі. Прынамсі, тады маці не наракала, што сын рэдка яе наведвае.

Але дзесяць гадоў таму яго малодшы брат Віктар упершыню заначаваў у міліцэйскім пастарунку. Не, ён ні з кім не біўся і не піў гарэлку ў грамадскім месцы. У пратаколе запісалі, што ён аказваў супраціў міліцыянтам і ўдзельнічаў у няправільным мерапрыемстве ў цэнтры горада.

Спачатку ён адно начаваў у турме і потым выходзіў, як непаўналетні. Потым яго сталі пакідаць за кратамі на дзесяць-пятнаццаць сутак. І вось тут маці згадала пра старэйшага сына, бо ён цяпер быў адзінай больш-менш цярплівай аўдыторыяй.

Донна Анна апрытомнела і ціха кліча бацьку. Дон Атавіа спрабуе яе суцешыць.

Абмяркоўваць гэтую тэму з бацькам было бессэнсоўна: ён вельмі парадаксальна ўспрымаў прыгоды малодшага сына. Дакладней, ніяк на іх не рэагаваў, як быццам нічога не адбывалася ў сям'і, як быццам Віцька не на суткі садзіцца, а едзе ў санаторый ці на якую важную канферэнцыю праграмістаў. Нават калі сына ледзь не адлічылі з універсітэта, Андрэй Аляксандравіч не сказаў яму нічога, а маці мітусілася па кватэры, як сука, у якой адбіраюць шчаня, і прамаўляла: «Ой, што ж гэта будзе?!». Бацька маўчаў і не звяртаў на ейную мітусню ўвагі. Толькі калі яго гэта зусім дапякала, ён абрываў жонку выгукам: «Ну годзе ўжо, ён дарослы, сам разбярэцца, што ж гэта будзе!». Тады маці званіла старэйшаму, Аляксею, і скідвала на яго ўсе свае хваляванні.

Донна Анна нечакана адштурхоўвае дона Атавіа і ў паўтрызненні патрабуе, каб яе пакінулі і далі ёй памерці.