коў нарадзіўся сын, а другая сваячка будуе кватэру. Бульбу на лецішчы сёлета пажэрлі каларады, а камплект плытак з Рыхтарам прыйшоўся маці да сэрца. Прэм'ера... Ой, ну зразумела ж, мама віншуе сына з пастаноўкай. Можа быць, яны з бацькам прыедуць у N.
— Ты беражы сябе, сынок, не загружайся працай. І не куры так шмат. Здароўе ж у цябе, сам ведаеш. Цябе ж у войска не бралі нават тады, калі бралі ўсіх без разбору.
— Карацей, буду выдзіраць пару дзён у лістападзе, можа атрымаецца, — зусім вырачаным тонам рэзюмаваў сын.
— Лёша!..
— Усё добра, мама.
Размову ён сяк-так скончыў, супакоіўшы маці і нагаварыўшы ёй шмат цёплых словаў. Проста выдатна, падумаў ён, што мама не карыстаецца камп'ютарам. А то лазіла б у пошту ды ў скайп, паку ль бацька гуляе з сабакам.
Донна Анна ў амаль апантаным стане, дон Атавіа зноў яе супакойвае, тады яна нарэшце цалкам вяртаецца ў свядомасць і просіць у жаніха прабачэння. Яна кажа, што цяжка пакутуе праз смерць бацькі. Тады дон Атавіа кажа, што цяпер ён будзе ёй апірышчам і заменіць бацьку.
Грынкевіч дастаў з заплечніка партытуру: яго асабліва зацікавіў танальны план оперы. Дуэт донны Анны і дона Атавіа напісаны ў рэ міноры, як і тэма Камандора з уверцюры. Прысягаючы помсціць, яны як быццам апелююць да той самай халодна-аб'ектыўнай усясветнай справядлівасці. Гэта танальнасць лёсу, танальнасць Ананкэ.
Ірына тым часам нарэшце ўсцешыла яго адзінай СМС у адказ на цэлы пачак паведамленняў: «Былая вакалістка? Барані нас Бог ад чарговай безгалосай дуры. Будзе разводзіць дзікія мізансцэны і потым казаць: я ж сама вучылася, я ведаю, што так спяваць зручна!».
Грынкевічу патрэбны быў дыялог, хоць так, хоць на такую тэму. І ён радаваўся, бо зноў злавіў Ірыну, як матылька за крылцы. Ён ад самай першай сустрэчы ведаў, што не здолее яе адпусціць. Тады ён адчуў сябе маньякам-скрыпачом, якому толькі далі патрымаць у руках інструмент старога італьянскага майстра — і тут жа адабралі. Але ж як хацелася граць на ім, як хацелася цешыцца ім, бо інструмент падышоў якраз па руцэ, нібы на ягоную замову зроблены! І Грынкевіч пачаў думаць пра Ірыну, як той маньяк-скрыпач, што таемна ад усіх выношвае дзёрзкі план выкрадання рэдкай скрыпкі.
Першая сустрэча была аднабаковай: Ірына была на сцэне — сярод тых, хто слухаўся ў стажорскую групу, а ён сядзеў у зале — сярод тых, хто прыйшоў шчыра пасцябацца з прэтэндэнтаў. Спявалі будучыя стажоры з аркестрам, акампанаваў ім дырыгент Каршакоў. Былі там, зразумела, і харошыя, і розныя. І вось выйшла дзяўчо, свежае, светлае, пяшчотнае. Грынкевіч, зразумела, за колькі секундаў ацаніў і ладнасць фігуркі, і абаяльнасць аблічча. Але яна ўся была як першы цёплы сакавіцкі дзень, як першая пралеска, як свежы парыў ветрыку, як сонечны зайчык, як першы ў жыцці пацалунак. Галасок яе быў адпаведны: высокае сапрана, звонкае, серабрыстае, невялікае, але вельмі чыстае, як кроплі першага вясновага дажджу. Дый арыю яна спявала адпаведную — са «Снягуркі».
Грынкевіч быў па-мужчынску ўзрушаны, і адначасова гэтае дзяўчо яго нечым кранала. Жарсць і замілаванне. У скрыпача-маньяка, пэўна, таксама дрыжэлі рукі і перасыхала ў горле, калі ён бачыў сваю скрыпку, зробленую нібыта для яго. Ён выйшаў з залы, як толькі вакалістка скончыла выступ. Трэба было рабіць уражанне ўжо зараз, не адкладаючы справу на потым. На чацвёртым дзясятку звычайна страчваеш імпэт і ўжо не хочаш дамагацца красуняў так, як у дваццаць гадоў, — так ён думаў раней. Але ў выпадку з Ірынай ён гатовы быў пралезці ў замочную шчыліну.
Зрабіць уражанне ў той дзень не ўдалося, бо за кулісамі дзяўчыну чакаў адзін з афіцыйных спонсараў тэатра і прыяцель дырэктара бізнэсмэн Собалеў. Зрэшты, пазней Грынкевіча гэта не спыніла, хутчэй зрабіла хітрэйшым. У стажорскую групу Ірыну ўзялі, — яе і так узялі б з такімі знаёмствамі, але ж трэба было дзеля фармальнасці праслухацца. І, зразумела, для пачатку яна атрымала маленькія партыі ў дзіцячых спектаклях, а Грынкевіч у той сезон быў зусім не ў пашане ў начальства, і яму дасталіся ўсе ранішнікі. Браць дзяўчыну кавалерыйскім наскокам ён не збіраўся, ёй бы такое ў любым выпадку не спадабалася, нават калі б Собалева не існавала ў прыродзе.
І хай сабе ўсе казалі пра яго, што ён асабліва цынічны бабнік, — кепская рэклама таксама рэклама, можа нават эфектыўнейшая за добрую. Трэба сказаць, калі Ірына з'явілася ў тэатры, Грынкевіч неяк непрыкметна пазгортваў свае дробныя інтрыжкі, якія ў яго на той момант вадзіліся, нават спыніў сяброўскі сэкс з Таццянай, тутэйшай салісткай, якая перажывала стрэс ад разводу з мужам. Таму здабыць доказы яго бабніцтва было праблематычна, прынамсі тут, у горадзе N. А прыгоды ў Маскве, куды ён ездзіў ці не кожны тыдзень, Грынкевіч не афішаваў. Ды яму і самому не дужа хацелася глядзець у бок іншых кабет, калі побач быў такі цуд, хай сабе і недасяжны.