З Ірынай ён паводзіўся падкрэслена карэктна, чыста мужчынскія знакі ўвагі старанна перамешваў з прафесійнымі. Калі за разборам партытуры раптам сказаць пра прыгожую блузку ці фрызуру, гэта будзе ўспрымацца як дваццаць пяты кадр, разлічваў ён. Фарсіраваць падзеі было небяспечна яшчэ і праз яе спонсара. Ды яна і сама пачала рабіць невялічкія апаслівыя крокі насустрач. Ягоныя ж позіркі ў бок Ірыны рабіліся такімі, што ад іх можна было атрымаць апёк, калі не адвесці вочы.
Яна ішла да яго, але не так хутка, як хацелася б. Калі ж ён сам спрабаваў скараціць адлегласць, Ірына адскоквала назад. Грынкевіч пачаў думаць, што нічога не выйдзе і гульню трэба спыняць, пакуль не загуляўся да запамарокі. Па адчуваннях гэта нагадвала яму адно вельмі даўняе і вельмі балючае... Там былі іншыя абставіны, але ж знайсці, а потым страціць было б невыносна. Ён не хацеў больш такога паспытаць. Можа і таму, што яна была сапраўднай прыгажуняй, і адмова магла ў дадатак моцна рубануць па самалюбстве.
Тым не менш Грынкевіч перастаў звяртаць на яе ўвагу, пазбягаў і амаль цураўся яе. Тут ён не пралічваў нічога: калі ён вельмі захапляўся жанчынай (такое з ім рэдка, але здаралася), то рабіўся кепскім аналітыкам і не заўсёды мог ацаніць уласныя шанцы на ўзаемнасць. Таму ён проста адышоў убок, каб самому не зрабілася балюча. Але такое ігнараванне раптам дало жаданы вынік: Ірына страціла пільнасць. Яна пачала выпытваць, што ж здарылася і чаму ён так паводзіцца, чаму ён толькі вітаецца, мы ж сябры, і г. д. На гэта дырыгент сказаў, што не можа проста сябраваць з маладой і прыгожай спявачкай. І ён распавёў, як гэта — пачувацца маньякам-скрыпачом, якому ніколі не атрымаць бясцэнны і прыўкрасны ў сваім гучанні інструмент.
— Калі я ведаю, у які дзень і час пабачу цябе ў тэатры, мяне загадзя пачынае ламаць, — сказаў ён. — Я ведаю, што будзе балюча, і ўсё адно чакаю сустрэчы. І так ужо колькі месяцаў запар. Жыццё зрабілася як чорна-белая кінастужка, якую расфарбавалі толькі ў асобных эпізодах. Вось і цяпер такі эпізод, увесь у пяшчотных фарбах, у сонечных бліках. А выйду з гэтага класа — і зноў паўсюль шэрань...
Размова адбывалася ў пустым класе, які Ірына ўзяла, каб распецца перад спектаклем. Яе ў той дзень акурат уводзілі ў «Сільву»: кар'ера ейная імкліва набірала абароты. Спяваць Стасі ў аперэтцы Кальмана было ўсё ж больш адказным, чым выходзіць на сцэну ў дзіцячых операх. Яна хвалявалася перад спектаклем, а тут яшчэ і гэтыя прызнанні. Пэўна ж, яна разумела, што рана ці позна такое ад яго пачуе, але не цяпер, не ў гэты момант. Калі Аляксей дакрануўся даланёю да яе валасоў, яна толькі і здолела прашаптаць: «Не трэба», — але па сутнасці гэта было згодай, і тут да Грынкевіча вярнулася яго ўпэўненасць. Пацалунак быў як спужаная птушка, што ўзмывае кудысьці ў неба.
Ён пайшоў з класа адразу ж, бо сам ужо быў на мяжы шаленства. Цяпер ён перастаў думаць, што гульня зайшла далёка. Ну і што з таго? Ён сказаў праўду пра чорна-белае жыццё. Як яшчэ можна было перажыць гэтыя колькі месяцаў апалы ў тэатры, калі табе паўсюль чыняць перашкоды і ты пачуваешся невядома кім? У гэтыя месяцы ён, засынаючы штовечар, думаў пра ейныя грудзі, ногі, клубы, вочы і рукі, пра ейны смех і голас, пра ейную парфуму ды бразготкі. І гэтыя думкі былі лепшыя за роздумы пра кар'еру, якую начальства закопвае ў зямельку і ставіць над ёй крыжык. А што далей?.. Ён з'едзе ў Маскву, гэта вырашана, Ірына застанецца тут са сваім Собалевым, хадзячым тоўстым мяхом, набіткаваным лайном і грашыма. Можа быць, яна таксама, кладучыся пад гэты мех, уяўляе сабе рукі і вусны іншага мужчыны і толькі з гэтай прычыны не вар'яцее?
Ірына была цалкам агаломшаная тым, што здарылася. Яна выйшла на сцэну, і яе ледзь не знялі з ролі Стасі, бо спявачка нічога не магла зрабіць як трэба. Яна нават тэкст забывала, а ў дуэце з Эдвінам накруціла такога, што Кальман у труне перавярнуўся. Грынкевіч, седзячы ў зале, лаяў сябе за тое, што выбраў нязручны момант. Навошта разгойдваць яе, хай сабе жыве як можа, яна няблага ўладкавалася, прыгожыя жанчыны павінны няблага ўладкоўвацца. Яна проста не паспела скурвіцца, каб продаж самой сябе Собалеву стаў для яе натуральнай справай. Ці варта ламаць ёй жыццё?
Пасля гэтага спектакля яны зноў амаль перасталі размаўляць. Грынкевіч проста хадзіў на працу і лічыў дні да заканчэння сезона, бо заставалася зусім мала. Ірына прыходзіла ў тэатр не ў гуморы, і ўсе адзначалі, што яна заўважна змянілася, стала нервовай і нават злоснай. Казалі, што ў дзяўчыны зарана пачынаецца зорная хвароба. Аднойчы яна на вачах ва ўсіх пасварылася са сваім каханкам-алігархам. Гэта выглядала амаль як сцэна з другога акта «Багемы». Грынкевіч быў сведкам гэтай сцэны і сказаў тады, што, напэўна, гэта стомленасць і сіндром канца сезона.