Анна дазволіла сябе абняць і пакорліва паклала галаву на мужчынскае плячо. Грынкевіч не ведаў, што будзе далей, праз пяць хвілінаў, праз гадзіну, праз дзень і праз год. Але цяпер ён адчуваў палёгку і неверагодную свабоду. І расталы снег, які падаў і на ягоны твар таксама, раптам змяшаўся са слязьмі. Яны пабеглі па яго шчаках, але не такія пякучыя, як гэта было ў той вечар. Гэта былі слёзы вызвалення, так можа плакаць чалавек, які пасля доўгіх месяцаў без руху зноў пачаў хадзіць. Яго душа, таксама скалечаная і выродлівая ў многіх сваіх праявах, наноў спазнавала радасць простых пачуццяў.
«Суцешце яе, каб яна асушыла ад слёз свае прыўкрасныя вочы», — просіць дон Атавіа.
— Госпадзе. — нарэшце прамовіла Анна, не гледзячы яму ў твар. — Як жа я цябе заўсёды баялася, Лёша. Можа, таму я ўцякала ад цябе. Ведаеш, які сон я бачу ўсе гады знаёмства з табой? Варыяцыі розныя, але агульны сюжэт такі. Я сплю, раптам прачынаюся ад таго, што ты прабіраешся ў цемры да майго ложка. Моўчкі бярэш мяне на рукі і нясеш невядома куды. Я пытаюся: куды? Ты маўчыш. Я кажу: я не хачу, вярні мяне назад. Ты нічога не адказваеш. Ты толькі паскараеш рух і ўжо бяжыш, трымаючы мяне на руках. Наперадзе нейкае поле, яно асветленае нерэальна яркім месяцовым святлом. Я ў жаху прыціскаюся да цябе, абдымаю цябе за шыю. Ты нясеш мяне далей. Раптам я бачу, як у нас за спінай адзін за адным адбываюцца выбухі. Я не чую гукаў выбухаў, толькі бачу мноства вогненных шароў, што ўздымаюцца ў неба. Потым бачу, што наперадзе роў. Шырокі і глыбокі роў з вадой. А выбухі ў нас за спінай усё бліжэйшыя. І тут становіцца зразумела, што мы ў пастцы. Мне робіцца яшчэ страшней, але ты раптам нечакана лёгка пераскокваеш гэты роў са мной на руках. І толькі пасля гэтага адпускаеш мяне. Я бачыла гэты сон некалькі дзён таму, якраз калі ты з'ехаў у Мінск, таму так дакладна ўсё апісваю.
— На гэтым сон і скончыўся?
— Не. Ты адпусціў мяне, а сам некуды пайшоў. Я сядзела, знясіленая, на зямлі і крычала: не пакідай мяне, як жа я без цябе. А ты ішоў далей і раптам знік. Я прачнулася ў такім стане, што цэлы дзень не магла апамятацца. Мне падавалася, быццам нешта можа здарыцца. А сёння мне сказалі пра твайго бацьку. І я ішла да цябе проста каб упэўніцца, што з табой усё добра.
Яна раптам яшчэ цясней да яго прытулілася, як быццам не хацела адпускаць.
— Хочаш праўду? — працягвала Анна. — Я парвала з Гюнтарам. Зусім. Літаральна пару дзён таму, як сон пабачыла. Калі ён прыехаў сюды, на наступны дзень пасля таго нашага спаткання, я адчула, што ўсё развальваецца. Я не змагла з ім спаць. А потым выказала ўсё, што думаю наконт яго мужчынскіх здольнасцяў. Натуральна, ён абурыўся і заявіў, што, напэўна, гэта я з табой тут у N забаўляюся. Я сказала, што нічога не было і.
— Нюта.
І ён пацалаваў яе, і вусны ейныя гарчылі ад гэтага мокрага снегу. Але ён не адчуваў пры гэтым унутранага адчаю і безнадзейнасці, з якой спрабаваў утрымаць Анну зусім нядаўна. Цяпер гэта было як тады, у далёкія часы юнацтва, калі яны развітваліся вечарамі ў пад'ездзе яе дома і калі яна сама не хацела ад яго сыходзіць.
— Я тады ў рэстарацыі не сказала табе, што ты добра цалуешся. — прамовіла яна з усмешкай, сапраўднай шчаслівай усмешкай.
— О. Дык ты ж сама мяне гэтаму калісьці навучыла. Зрэшты, я шмат якія рэчы няблага раблю. Праўда, тут вуліца, грамадскае месца. Мянты, зноў жа. Дый увогуле — вельмі халодна, вельмі шмат вопраткі. Застаецца толькі цалавацца.
— Дурненькі. — рассмяялася Анна і злёгку пхнула яго кулачком у плячо.
Тады ён, таксама смеючыся, падхапіў яе на рукі і панёс назад, да свайго дома. Яна спужалася, папрасіла не рабіць глупстваў, адпусціць яе, але ён выканаў гэтую просьбу толькі ля пад'езда. Нават пажартаваў пра ейныя сорак восем кілаграмаў вагі ў паліто і боціках.
— Ты не бойся мяне, — ужо без смеху сказаў Грынкевіч, убачыўшы ў Анніных вачох водбліскі невытлумачальнага страху. — Хіба я пакрыўдзіў цябе ў тым сне?