Вядома, што менавіта гэтага Ралан Барт нідзе не казаў і не пісаў. Але так мы яго цяпер разумеем і з яго падачы шчыра верым, што нашы заняткі творчасцю — гэта ўсяго толькі брудны, перапэцканы фарбамі халат мастака. Варта яго скінуць, вымыць рукі, выйсці з майстэрні і замкнуць яе на ключ — як мы робімся дэмакратычнымі сем'янінамі, здаровымі гуру і цвярозымі абаронцамі хатніх жывёл. Гэтае перакананне ратуе нас, бо каму яшчэ хочацца праўды пра тое, адкуль насамрэч прарастае мастацтва. А прарастае яно з нашых душэўных шчылінаў, усплывае з глыбокіх віроў нашай свядомасці, выкідвае на паверхню тое, чаго мы пра сябе не ведаем і ведаць не хочам.
Сухотніку Ралану Барту, як і шмат каму з людзей мастацтва (або людзей каля мастацтва), было зручна думаць, што іх опусы ніякага дачынення да іх не маюць. Бачыце, яны пераступілі цераз сябе, яны забілі аўтара, яны ані каліва сябе не патрацілі. Малайцы! Але жаданне нешта ствараць
— гэта не перапэцканы фарбамі халат, які заўсёды можна зняць. Гэта падораны Медэяй дарагі ўбор, які з наіўнасці надзела на сябе ейная суперніца Глаўка. Тканіна, прасякнутая атрутай, прыліпае да цела, атручаная залатая карона ўпіваецца ў галаву. Крэонт, бацька няшчаснай Глаўкі, спяшаецца на дапамогу дачцэ, абдымае яе — і атручаная вопратка ліпне да яго. Ён памірае таксама. Ясон, нарачоны Глаўкі, у жаху, але што ён мог зрабіць? Яго пакінутая жонка Медэя — толькі зброя ўсемагутнай Ананкэ. Так было наканавана.
«Што, што ты хочаш са мной зрабіць? Няўжо зарэзаць?» — спрабуе пажартаваць Лепарэла. «Натуральна! Спачатку я зрэжу твае паганыя патлы, пасля — галаву, а потым выражу сэрца і вочы!» — адказвае Дзэрліна. Выглядае на тое, што дзеўка з'ехала з глузду і нешта там вярзе пра расплату за абразу дзявочага гонару (гэта яна, відаць, пра донну Эльвіру). У Лепарэла стыне кроў.
Не займайцеся мастацтвам, калі маеце што схаваць у глыбокіх вірах уласнага сэрца, калі маеце хоць крыху літасці да сябе і да сваіх блізкіх. Не надзявайце прыўкрасны ўбор і залатую карону — яны атручаныя. Зрэшты, калі вы духоўны бізнэсмэн, сумленны герой-каханак або дэмакратычны сын ці дачка, вам ніколі гэтага не захочацца. Расколіны вашай душы, калі што якое, зацэментуюць псіхолагі, ніякія кветкі зла адтуль не прарастуць. Гэта праца псіхолагаў — рабіць так, каб як мага большая колькасць людзей займалася крэатывам, але не лезла ў мастацтва. Так і трэба. Так усім будзе прасцей.
Бо мастацтва — гэта яшчэ і стыхійная магія. Не верце тым, хто кажа, што аўтар можа пісаць пра няіснае. Аўтар ніколі не піша пра тое, чаго не было і чаго ніколі не будзе. Нават калі ён перакананы ў абсалютнай штучнасці створанага ім свету. Прыдумляючы сюжэт з няіснымі героямі, ён насамрэч разгортвае кнігу заклёнаў, і гора яму, калі ён не ўмее імі карыстацца. Можна недарэчна выклікаць злога духа, які гвалтам пасадзіць цябе на свой плашч і перанясе ў тую рэальнасць, якую ты стварыў. І не выключана, што табе давядзецца звесці знаёмства з тымі, каго ты сам выдумаў, бо яны, халера на іх, існуюць!
Дзэрліна прыводзіць Лепарэла назад, у двор дома донны Анны. Яна кліча Мазэта, затым лёкаяў, але тыя не ідуць. Толькі адзін выпадковы селянін з'яўляецца на даляглядзе, але ён не бярэ ніякага ўдзелу ў гэтай сцэне.
Было б вельмі правільна і нават справядліва, калі б я не згадвала М. Тады, прынамсі, я магла б захаваць ілюзію «смерці аўтара» — калі б забылася пра тое абяцанне, якое дала яму некалькі гадоў таму ў часе нашай апошняй размовы і, натуральна, апошняй сваркі. Бо М. не мог выйсці на сувязь са мной і пры гэтым не пасварыцца.
«Ну і калі ты нарэшце дапішаш свой блядскі раман? — пытаўся М. — Я хачу прачытаць пра тое, як я займаўся сэксам. Дзе раман пра мяне?! Ты больш яго не пішаш?!»
У тыя часы мне было не да літаратуры, і ў гэтым таксама была нейкая найвышэйшая справядлівасць. Бо нельга пісаць пра тое, да чаго не дарасла. Дзяўчынка-падлетак не будзе выглядаць элегантна ў матчынай сукенцы, хай сабе гэта вельмі дарагая і прыгожая сукенка. Але я тады не разумела гэтай найвышэйшай справядлівасці і думала, што мне не шанцуе «проста так». «Проста так» накрыўся камп'ютар, «проста так» стала кепска з заробкамі, каб набыць новы; «проста так» у вельмі дарослым веку мяне пацягнула вучыцца. Таму пісанне «рамана» адкладвалася.