Я хацела, каб аўтара ў ім было аж занадта, каб фікшан змяшаўся з нон-фікшанам. Задумвала яго як адмысловы раман, як раман-жорсткую-вендэту М., майму пяцідзённаму каханку. Мне хацелася пераказаць нашу з ім кароткую гісторыю, якая тады, па гарачых слядах, падавалася мне сімфанічнай паэмай. З адлегласці ў шэсць з паловай гадоў яна выглядала ўжо як просценькая папсовая песня, перакладзеная для вялікага сімфанічнага аркестра. Было б разумным закінуць яе на самыя дальнія палічкі памяці і згадваць хіба час ад часу — у якасці аўтабіяграфічнага анекдота. Але я калісьці паабяцала М. дапісаць свой «блядскі раман», а любыя абяцанні трэба выконваць. Пагатоў дадзеныя на развітанне, пагатоў жорсткія і лютыя, падобныя болей да праклёну. Нават калі гэта не зусім мудра з боку ўжо дарослай кабеты.
Дзэрліна прымушае Лепарэла сесці на лаўку і дастае з кішэні брытву. Лёкай пратэстуе: «Мяне не трэба галіць!».
М. быў дзівам юнгіанскага сінхранізму, маім прароцтвам, захапленнем і кашмарам адначасова. «А тыя, каго вы стварылі, яны насамрэч існуюць?»
— задаў ён мне пытанне ў першыя дні знаёмства. Гэта было з нашай агульнай улюбёнкі «Мантысы», і я, яшчэ не ведаючы, хто ён такі і чаму ён так уражаны мной, не зразумела гэтай алюзіі. Мне было дваццаць шэсць. Я толькі што выдала свету літаратурны опус, вялікі раман на трыста старонак пра музыку, каханне і смерць. Раман быў суцэльнай прэтэнзіяй наіўнай банальнасці на глабальнае прызнанне, і я задумала яго перапісаць, хоць мяне і адгаворвалі ад гэтай ідэі. Маўляў, усё адно вышэй за галаву не скочыш. І тут я сустрэла М., які быў такі падобны да галоўнага героя, што выглядала, быццам я наўпрост з яго спісвала і характар, і жыццёвыя абставіны. Я нават дату нараджэння амаль адгадала, розніца была ўсяго ў пару дзён.
Той, каго я прыдумала з нічога, існаваў насамрэч.
Натуральна, што ажылы прататып героя паводзіўся ўжо зусім не так, як мне таго хацелася: у жыцці я не мела над ім улады. Ён быў як той дух з казкі пра вучня чарадзея, а я, натуральна, не магла знайсці заклёну, каб загнаць яго назад у магічную кнігу.
«Зараз убачыш, як я цябе без мыла пагалю!» — крычыць сялянка.
Пазней я вырашыла напісаць ужо іншы раман, пра тое, як здзейснілася прыдуманая мной гісторыя. А стары тэкст я думала парваць на шматкі і зацыраваць ім некаторыя дзіркі новага. Гэта мог быць «раман у рамане», дзве паралельныя гісторыі, прычым рэальная гісторыя вынікала б з прыдуманай, а не наадварот, як гэта бывае ў нармальных пісьменнікаў. Але гэты раман не ляпіўся, ён развальваўся, як кепска замяшанае цеста, як картачны дамок. М. прыспешваў мяне: яму прыемна было думаць, што ён так моцна ўрэзаўся ў свядомасць хай сабе пуставатай, але маладой і сімпатычнай паненкі. Я ж не магла зрабіць нічога, бо ўсё, што пішаш пра сябе, не можа быць добрым, — толькі сапраўдным геніям удавалася са сваіх смешных і часам пошлых гісторый зрабіць шэдэўры. А я не была геніем, мае крылы былі не такімі моцнымі, каб узняцца на іх у неба, трымаючы на шыі камень уласнага досведу. І я заставалася на зямлі, а М. час ад часу з'яўляўся і запытваўся: ну як там раман, ты яго яшчэ не закінула?
Першае наша развітанне было гучным, як абрушэнне вежы, тады я і пачала накідваць урыўкі рамана. Адным з іх я нават здолела адпомсціць, павесіўшы яго на некаторыя сайты, дзе пра М. шмат ведалі. Мне хацелася рэваншу любой цаной.
Дзэрліна звязвае рукі Лепарэла хусткай, ёй дапамагае селянін. (Ён усё ж вырашыў зрабіць свой унёсак у абарону cavalleria rusticana.)
№ 21а: Дуэт «Per queste tue manine».
Ну вось і дабраліся нарэшце. Мы бадзяліся па горадзе больш за шэсць гадзін, мы стаміліся. Цяпер нам трэба яшчэ аддзячыць гаспадароў нашага лесу Маруа за гасціннасць. Іншымі словамі, мы мусім пасядзець з імі на кухні і папіць гарэлкі. На стале з'яўляецца курчак-грыль, гародніна, садавіна — звычайны немудрагелісты заедак.
І дзве пляшкі «Сінопскай»: нуль семдзесят пяць і нуль пяцьдзясят У гаспадароў ёсць яшчэ пачатая паўлітра той самай «Сінопскай». Як добра, што я адгаварыла цябе набываць віно, хоць меней нап'емся. А табе няёмка, бо я вымушаная ўдзельнічаць у гэтым застоллі і спажываць негламурнае пітво. Харошыя дзевачкі не п'юць гарэлкі, табе трэба, каб у глыбіні душы я была харошай дзевачкай, ага. Бо ты сам у глыбіні душы харошы хлопчык, проста «жарсцю накрыла» і ўсё такое. Бывае.
Лепарэла моліць Дзэрліну пашкадаваць яго дзеля яе мілых пяшчотныхручак. Няўжо гэтыяручкі здольныя забіць чалавека?!