Мы стаім пасярод пакоя проста абняўшыся. Мне зноў робіцца спакойна і цёпла. Усе перашкоды разбураныя. Ты цалуеш мяне. Зрабіць тры крокі назад. Там ложак. Я хачу заняцца гэтым зараз, я хачу забыць пра ўсе глупствы, сказаныя на нецвярозую галаву.
— Слухай, хадзем у краму?
«Ух як мне падабаецца цябе катаваць! — крычыць Дзэрліна. — З мужчынамі толькі так і трэба: мучыць іх, мучыць!..»
Ё-Ма-Ё... Ты раптоўна адыходзіш ад мяне. Што за новая ідэя затлуміла табе мазгі, усё ж так добра пачынаецца?!
— Навошта ў краму?
— Ну хадзем, віна возьмем.
— Ды якога віна?! Мы ж гарэлку пілі, ты разумееш?!
— Не, давай возьмем віна... Давай вып'ем віна. Хадзем!
Я спачатку адмаўляюся ісці, але ты ўжо абуўся і адмыкаеш дзверы. Грамаў трыста «Сінопскай», не болей, а ты ж не асілак, табе шмат не трэба, каб табе ў галаву ўдарыла геапалітыка. Яшчэ завядзеш геапалітычныя дыспуты з чачэнкай-прадавачкай у тым начніку. Я яе запрыкмеціла, калі мы сюды ішлі і затарваліся. Ты можаш, то лепей я ўжо з табой пайду, хай табе чорт. Ты набываеш мярлуху. Ты ніколі не піў мярлухі, вось дзіва. Ты ўвогуле як дзіця, якое вырвалася на свабоду з-пад апекі. Табе хочацца гуляць, напівацца, марнаваць грошы.
— Я не буду піць. І табе не раю, — кажу я, калі мы вяртаемся ў наш часовы прытулак.
Пляшка адкаркаваная. Сядзім на кухні. Ты ўсё адно разліваеш мярлуху ў дзве шклянкі. Сваю я адсоўваю. Ты
— выпіваеш. Ты не хочаш мілавацца са мною?
«Як жа я моцна звязаны, ніяк не ўцячэш...» — ціхенька прамаўляе Лепарэла, але Дзэрліна пагражае яму лязом брытвы. «Толькі паспрабуй!»
— А што я, па-твойму, папраўляў перад выхадам?
— Дык у чым праблема?! — выбухваю я. — Хадзем з кухні, мяне раздражняюць маленькія кухні, я цярпець не магу выпіваць на такой кухні і размаўляць на кухні. У чым праблема?!
— Значыцца, не Савецкі Саюз перамог у вайне? Другі фронт дапамог? Ну добра. А тое, што вашыя нацыяналісты супрацоўнічалі з фашыстамі? Што маўчыш? І партызаны займаліся на тэрыторыі Беларусі больш марадзёрствам, а не змаганнем з ворагам? А немцы не палілі беларускія вёскі, так?
— Слухай, не будзем пра гэта, добра? Я хачу заняцца з табой каханнем. Я хачу цябе, чуеш?
— Тут няма гарачай вады, а я ўвесь прапах...
— Ты цудоўна пахнеш.
— Я не магу добра пахнуць! Я шмат куру. Са мной цалавацца ўсё адно, што з попельніцай.
— Хадзі сюды.
«Ух як я люблю мучыць мужчын! — паўтарае Дзэрліна. — З імі, сабакамі, так і трэба!»
Справа пасоўваецца. Я ўжо дазволіла табе пераканацца ў тым, што даўгія спадніцы носяць жанчыны і з цалкам нармальнымі нагамі. Але зноў табе нешта там замінае. Ага. ГЭТА можна рабіць толькі на пасцелі і пад коўдрай. Шукаем па ўсёй кватэры пакет з бялізнай. Можа, ты зараз яшчэ скажаш, што здольны мілавацца толькі ў цемры? У такім разе нічога ў нас не будзе: белыя ночы. Я моўчкі праклінаю інстытут шлюбу, які робіць нармальных мужыкоў неўрастэнікамі.
Слава Купідону! Бялізну мы знайшлі. Значыцца, працягваем.
— Зараз будзем рабіць з цябе расійскую імперскую шавіністку! — абвяшчаеш ты, зняўшы тое нямногае з вопраткі, што на мне заставалася.
Рабі што хочаш, рабі як хочаш, рабі каго хочаш. Толькі рабі. Ведаеш, банальна хачу трахацца. А калі тваё лібіда гэтулькі залежыць ад супадзення палітычных поглядаў, то ты ўвогуле не павінен быў запрашаць мяне ў Піцер. Цяпер няма чаго мяне выхоўваць. Ну?
З «ну» ў цябе ўсё нармальна, ты ўжо даўно «ну», проста іншыя жанчыны, пэўна, займаюцца сэксам так, як быццам вялікую ласку робяць.
«А цяпер сядзі і чакай мяне тут! — загадвае сялянка. — Зараз пайду пашукаю сваіх».
— Гэта ж метафара — Беларусь аддалася Расіі! Сэкс — гэта мэтафара! — заяўляеш ты ў працэсе выраблення з мяне расійскай імперскай шавіністкі. — Я б на месцы вашага ўладара даў табе нейкі грант, каб толькі ты не пісала гэтых нацыяналістычных опусаў.
— Ты перабольшваеш значэнне маіх опусаў... А ўвогуле мне страшэнна падабаецца, як ты гэта робіш са мной.
— Ну дзякуй Богу, што гэта хоць некаму падабаецца. А давай адпачнем, га?
А я толькі хацела прапанаваць хоць нейкую разнастайнасць: у мяне ж так на сцёгнах сінякі пойдуць ад адной-адзінай позы. Ты саскокваеш з ложка і ў стане эрэкцыі дай божа кожнаму бяжыш... Ты бяжыш правяраць, ці не было званкоў на мабілку. Халера! Я разумею, што працягу не будзе, і хачу завыць марцовай коткай ад злосці.