Першы, каму ты абавязаны адзваніцца, — татачка, нават не жонка. Паводле легенды, ты паехаў у Піцер з брытанскім прыяцелем Нілам. Вы знялі кватэру на некалькі дзён, у гэтай кватэры няма тэлефона. Ніл цяпер недзе ў Францыі і дасылае табе адтуль СМС на шпаркай рашэн лэнгвідж: udachi tebe, sputnik moy. :) Татачка не ведае, што Ніл у Францыі, што ў Ніла ў Маскве дзве музы — адна сапрана, другая мэцца. Татачка баіцца за тваю сэксуальную арыентацыю!!!
З жонкай прасцей, у жонкі іншы клопат: абы ты не запіў і не спусціў усе грошы, вам яшчэ рамонт у кухні рабіць. На гэтым ты пакідаеш мабілку ў спакоі і зноў кладзешся ў ложак. Каханне мацнейшае за смерць, але алкаголь мацнейшы за каханне.
— Кідай ты свой мізэрны нацыяналізм... — гугніш ты, паціху засынаючы. — Ты ж бачыш — расіяне розныя. Мастацтва — гэта не інтэлект, гэта экзальтаваны інтэлект... Метафара — Беларусь аддалася Расіі...«Ух як я люблю мучыць мужчын, як я люблю іх мучыць...»
— А Расія апынулася не на вышыні, — адгукаюся я. — Калі б у мяне запыталіся, як гэта — кахацца з табой, — я б сказала: вельмі геапалітычна!
Але мой інтэлектуальна заклапочаны мужчына не чуе мяне, бо захроп. У пакоі пахне тытунём, перагарам і ружай — кветка стаіць у пляшцы з-пад «Сінопскай». Я сяджу на ложку і думаю: што мне, кабеце, далей рабіць? Для пачатку іду нагрэць вады, каб памыцца. Потым — спаць: пераначуем — болей пачуем.
Дзэрліна сыходзіць.
Сцэна X(b)
Лепарэла сядзіць звязаны.
Рэчытатыў «Amico, per pieta...».
Пасля таго, як я выклала гэты ўрывак, мы з М. ніяк не камунікавалі больш за год. За той час я як быццам забылася пра свае пісьменніцкія эксперыменты, а вялікага жадання рэдагаваць дасланы калісьці на конкурс маладых літаратараў тэкст я ўжо не мела. Ён быў мёртвы. На той момант я ўжо не ведала, пра што мне цяпер пісаць і ці пісаць увогуле. Маё багемна-ненапружлівае асяроддзе падкідвала мне столькі забаў і прыемнасцяў, што я магла не замарочвацца на тым, каб перапісаць і адрэдагаваць трыста вордаўскіх старонак. І ў гэтым таксама была найвышэйшая справядлівасць. Таму я проста атрымлівала асалоду ад пустога і прыемнага жыцця. Усім, каго цікавіў мой літаратурны лёс, я казала: так, я буду перапісваць. Некаторыя, пэўна, думалі, што я працую. Ха! Я нават не адчыняла гэты файл у маім камп'ютары. А потым камп'ютар урачыста ляснуўся разам з нататкамі новага рамана і са старым тэкстам. І застаўся толькі ўрывак пра геапалітычны сэкс.
Лепарэла спрабуе звярнуцца па дапамогу да селяніна, які ўсё яшчэ стаіць побач. Але той толькі махнуў рукой і сышоў, нават вады прынесці адмовіўся.
Ананкэ як быццам пыталася ў мяне: а ты сапраўды хочаш займацца мастацтвам, а не марнаваць час на літаратурны крэатыўчык? Тое, што ты зрабіла, пакуль не мае ніякага дачынення да мастацтва. Каб добра пісаць, трэба сумленна патраціцца.
Я вагалася, ужо крыху разумеючы, перад якім выбарам мяне ставяць. Праўда, маштабу сваіх эмацыйных выдаткаў на мастацтва я пакуль не ўяўляла. Усё было яшчэ наперадзе.
Тады няшчасны лёкай спрабуе сам развязацца — нічога не выходзіць. Ён заклікае Меркурыя, бога ўсіх ліхадзеяў, уратаваць яго.
М. стаў прыходзіць раз-пораз і цікавіцца з няўмольнасцю Румпельшцільцхена: «Як там блядскі раман, дзе я — галоўны герой?». Нарэшце я не вытрывала і амаль паклялася, што раман — будзе. Гэта была не проста клятва былому каханку, гэта была згода, і Ананкэ яе падхапіла. «А вось цяпер для цябе пачнецца мастацтва», — сказала яна. Праўда, пісаць свой тэкст наноў я стала толькі праз два гады пасля апошняй размовы з М. Мне за той час давялося вельмі хутка пасталець і прайсці асабісты чысцец, іначай нельга было: я страціла прафесію, статус, звыклае атачэнне. Ад мяне ранейшай засталіся толькі музыка і жаданне пісаць.Нарэшце Лепарэла вырашае ўзняцца разам з лаўкай, да якой ён прывязаны, і ўцякаць. Гэта яму ўдаецца.
А пра М. я даўно нічога не ведаю і за гэтыя гады ніводнага разу нават не захацела яго прагугліць, як гэта цяпер называецца. Пэўна, мне было б што пачытаць пра яго жыццёвыя і творчыя дасягненні, але ці варта? Ён даў мне разуменне сутнасці мастацтва, а гэта занадта дорага каштуе. Няхай ідзе сваёй дарогай, дасць Бог, не перакрыжуемся больш ніколі.
Лепарэла ўцякае, цягнучы за сабой лаўку.
Сцэна X(c)
Дзэрліна і донна Эльвіра. Потым Мазэта з двума сялянамі.
Натуральна, можна было б напісаць і раманжорсткую-вендэту і такім чынам паквітацца з мужчынам, якога я так няўдала сабе выбрала. Дый увогуле можна было звесці ўсе трыста старонак тэксту да спрадвечнай тэмы Мэ і Жэ, нават не прыплятаючы сюды гэтай персаналіі. Цёткі ўспрынялі б на «ўра», асабліва ведаючы, што паводле сюжэта донжуан абавязкова будзе пакараны. На цётак варта арыентавацца, іх болей, і кніжкі ў рукі яны бяруць ахвотней. Ну, ужо выбачайце, калі не дагаджаю: я не ўмею пісаць жаночых раманаў.