У чэрвені была прэм'ера «Эліксіра кахання». Ірына там спявала Адзіну другім складам, таму яе паставілі адпрацоўваць здачу, каб не напружваць перад прэм'ерай тутэйшую прымадонну Рашэтнікаву. Як ні дзіўна, алігарх у той вечар за ёй не прыехаў: магчыма, выконваў нейкі маральны абавязак перад сваёй жонкай, з якой пакуль афіцыйна не развёўся. Грынкевіч сядзеў у зале на здачы, ён перад гэтым выпіў, і далёка не куфаль піва. Дырыгаваў запрошаны маэстра, потым спектакль мусілі перадаць Каршакову, тутэйшаму чарговаму. За музыкай Грынкевіч не сачыў, ён глядзеў толькі на Ірыну. У думках ён абкладваў сябе мацюкамі за тое, што паводзіцца з ёй як інтэлігентны імпатэнт, а пачуваецца — як здаровы дзікун, якому трэба колькі разоў на дзень у розных карцінах і позах.
Пасля здачы Ірыну доўга віншавалі за кулісамі і казалі, якая яна малайчына. Дырэктар тады абвясціў, што з наступнага сезона яе са стажорскай групы пераводзіць у салісты, і гэта справа вырашаная. Потым, натуральна, Ірына затрымалася ў грымёрцы адна, бо сышла пераапранацца пазней за ўсіх. Яна прычэсвала валасы, седзячы перад люстэркам, і ўжо збіралася сыходзіць, калі пагрукаўся Грынкевіч. Ён прамовіў глухім голасам дзяжурныя словы віншавання. Дзяўчына аднымі толькі вуснамі, бязгучна прашаптала: «Дзякуй». Яна хацела ўзняцца, схапіць торбачку і бегчы адсюль, пакуль планеты яшчэ не змянілі сваіх арбіт, пакуль зоркі не спалілі адна адну, а на Зямлі яшчэ дзейнічаў закон прыцягнення.
Ён добра памятаў той момант, як укленчыў перад Ірынай і паклаў ёй галаву на калені.
— Ты што робіш? — з ціхім здзіўленнем прашаптала яна.
А Грынкевіч маўчаў, цалуючы дрыготкія пальцы, якія перабіралі яго вал асы.
— Я неўзабаве з'еду, — нарэшце сказаў ён. — Але сёння... Хадзем са мной!
Ірына рэзка ўзнялася, страсаючы з сябе насланнё. Аляксей узняўся таксама і злавіў яе за руку, амаль да болю сціскаючы запясце. Яна не ўскрыкнула і не паспрабавала вызваліць руку, толькі замружыла вочы і прыкусіла вусны.
— Я таксоўку выклікаў. Чакаю цябе на вуліцы, на рагу, там, дзе крама.
І ён пайшоў, адпусціўшы яе. Ён чамусьці быў упэўнены, што яна пойдзе за ім, як Эўрыдыка з падземнага свету. Але ў яго не было спакусы азірнуцца.
Донна Анна патрабуе ад дона Атавіа, каб ён прысягнуў знайсці невядомага злачынцу і адпомсціць яму за смерць бацькі. Дон Атавіа кажа: «Клянуся!».
Яму паспакайнела: ад Ірыны прыйшло паведамленне. Калі яна змаўкала і нібыта аддалялася, Грынкевічу пачынала здавацца, што ўсё скончыцца.
«А што ты хацела, сцэна — цяжкі наркотык. Калі не выпадае на яе выходзіць, былыя вакалісты хочуць хоць неяк спрычыніцца да працэсу», — напісаў ён паведамленне ў адказ.
«Я б лепей пайшла месці вуліцы, чым лезці ў тэатр хоць як-небудзь!» — настойвала маладое сапрана.
«Не ўсім шанцуе. Хтосьці застаецца за бортам, нават маючы сапраўдны голас. А хтосьці свядома сыходзіць, нават не безгалосы», — пярэчыў дырыгент, таксама яшчэ малады для сваёй прафесіі, але які на сваім вяку пабачыў болей.
«Я ў гэта не веру!»
«Не будзь гэткім катэгарычным дзяўчом».
Грынкевічу часам падабалася адчуваць розніцу ва ўзросце і ў жыццёвым досведзе. Асабліва з улікам таго, што ў ложку ён мог даць фору не толькі алігарху Собалеву, але і шмат каму з больш маладых і гарачых. Ён цяпер ужо амаль свядома разгойдваў камфартабельны човен Ірыніных адносінаў з заможным і жанатым каханкам. Навошта — ён пакуль не ведаў. Дакладней, не адважваўся пра гэта думаць.
Ірына болей не адказвала. Ён пачакаў з паўгадзіны. Вандроўка ў цягніку была, як заўсёды, нудотнай справай, таму ён вырашыў пазабавіцца тым, што выйшаў праз мабільнік у інтэрнэт. Праверыўшы пошту, ён раптам згадаў, што яму трэба сёе-тое пашукаць. Можа быць, ЯНА будзе недзе ў сацыяльных сетках. Яна мае рэдкае прозвішча, а яшчэ яна любіць чым-небудзь вылучацца. Наўрад ці яна змяніла яго, нават калі пабралася з кімсьці. А можа, і праўда пабралася? Была ж яна два месяцы таму на тым спектаклі з нейкім... Бляклая моль, а не мужык. Стоп!.. А навошта яму гэта праз. о Божухна, ажно восем гадоў... нават восем з паловай!.. Ну, як навошта?.. Цікава проста, што ды як, усё ж нешта яна для яго значыла тады, калі ён быў вельмі маладым і яшчэ спрабаваў жыць сляпымі надзеямі.
Аднак у сацыяльных сетках знайшлася далёка не адзіная Анна Рупель, і ніводзін акаўнт не належаў менавіта ёй. Тым не менш ён праглядзеў усе анкеты. У адной з іх не было фота і даты нараджэння, але астатняе выглядала праўдападобным: жыве ў Санкт-Пецярбургу, перакладчыца, музыка і балет сярод захапленняў, замужам, ёсць дачка пяці гадоў. Напэўна, гэта і было адказам на пытанне, ці варта рэанімаваць мінулае. Выпадковыя і кароткія сустрэчы з усімі могуць здарыцца, і калі кожную разглядаць як знак, то можна страціць адчуванне рэальнасці.