Дзэрліна вядзе за сабой донну Эльвіру. «Глядзіце, спадарыня, — кажа яна донне Эльвіры, — як я яго лоўка звязала. Не ўцячэ!» Эльвіра таксама прагне помсты: «Так, я на ім зараз адыграюся, будзе ведаць, як выдаваць сябе за гаспадара!».
Зрэшты, а навошта я сабе выбірала такога мужчыну? З жаночага гледзішча, натуральна, гэта было няправільна, а вось што да мастацтва. Гэта было як разарваць вакуумную абалонку на ўласнай душы: балюча, але неабходна. Я памятаю абрысы яго твару ў паўзмроку тэатральнай залы, тую ліхаманкавасць, з якой ён імкнуўся ўвабраць у сябе музыку. Як ён з упартасцю студэнта-энтузіяста прарываўся ў апошнім акце на вольныя месцы ў партэр, каб убачыць зблізу куміра, што ствараў цуды, кіруючы аркестрам. Нашыя геапалітычныя спрэчкі накрывала хвалямі нямецкай музыкі.
Так, нашае пяцідзённае каханне было несапраўдным і хіба стварала прыўкрасны фон для пэўнага музычна-літаратурнага матэрыялу. М. быў артыстам у поўным сэнсе гэтага слова. Ён хацеў прапусціць праз сябе чужую музыку, якая вырасла з безнадзейнага кахання, з гісторыі людзей, што не маглі быць разам. Таму ён інстынктыўна стварыў ва ўласным, бедным на моцныя жарсці, жыцці нешта падобнае. Няхай гэта была гульня, няхай гэта было неўзапраўду. Але без гэтага антуражу, без пераносу чужога досведу на сябе М. проста не мог прыняць гэтай музыкі кожным атамам душы. «Я занадта разумны», — паўтараў ён. І заўсёды пакутаваў праз няздольнасць адчуваць нешта з дзіцячай непасрэднасцю.
Але ж яны бачаць, што Лепарэла некуды знік. Дзэрліна і донна Эльвіра ў шоку. Тут прыбягае Мазэта з двума аднавяскоўцамі і расказвае іншыя навіны. Выйшаў на вуліцу і пачуў жаночы крык. Нейкая дзяўчына клікала на дапамогу, бо да яе чапляўся невядомы мужчына. Мазэта, як сумленны чалавек, заступіўся за яе, прагнаў зламысніка і паспеў пазнаць у ім дона Джавані.
Магчыма, гэта было жорстка і эгаістычна ў дачыненні да мяне тагачаснай. Я была яшчэ наіўнай, схільнай успрымаць усё літаральна, таму хацела, каб мяне таксама паклікалі ў тую прыўкрасную краіну, куды Трыстан запрашаў Ізольду. Нават да гэтага я была гатовая.
Dem Land, das Tristan meint, der Sonne Licht nicht scheint: es ist das dunkel acht'ge Land, daraus die Mutter mich entsandt, als, den im Tode sie empfangen, im Tod sie liess an das Licht gelangen.
Was, da sie mich gebar, ihr Liebesberge war, das Wunderreich der Nacht, aus der ich einst erwacht; das bietet dir Tristan, dahin geht er voran: ob sie ihm folge treu und hold das sag ihm nun Isold'!
Да нядаўняга часу я думала: а хіба нельга займацца мастацтвам і пры гэтым ніяк не параніць ні сябе, ні іншых? Няўжо зусім нельга абысціся без гэткага штучнага падагрэву, без экзальтацыі, без фанатызму? Напэўна нельга, без стратаў не абысціся нават у нашу постмадэрнісцкую эпоху, дзе творчасць даўно замененая на крэатыў. Пазітыўнага з усіх бакоў мастацтва не бывае. Проста адны знішчаюць тое, што любяць, і чэрпаюць з гэтага працэсу яскравыя, як кроў Медэіных дзяцей, фарбы. А іншыя знішчаюць сябе, гараць яшчэ ярчэй, але і значна хутчэй гаснуць. Часам гэты працэс знішчэння і самазнішчэння адбываецца адначасова: Глаўка ў атручаным уборы памірае, таксама памірае і ейны бацька Крэонт, які меў неасцярожнасць дакрануцца да прасякнутай ядам тканіны.
Дзэрліна кажа, што пра гэты выпадак трэба расказаць дону Атавіа, ён дапаможа ва ўсім разабрацца.
Калі мне было амаль дваццаць два гады, я ўпершыню трапіла ў вялікую варшаўскую краму, дзе прадавалі дыскі. У маёй краіне такіх не было, дый цяпер, бадай што, няма. І тады я набыла там адразу два камплекты плытак. Гэта былі першыя плыткі ў маёй калекцыі, першыя заслуханыя да дзірак запісы — дзве оперы. І толькі М. зразумеў увесь сімвалізм гэтага нязначнага, здаецца, эпізоду з майго жыцця, калі я пра яго распавяла. Аднаго з маіх прароцтваў ці знакаў, якія падавала мне Ананкэ. Гэта былі два музычныя полюсы, два полюсы кахання і два розныя разуменні свабоды
— свабода эгаізму і свабода самаадрачэння. «Дон Джавані» Моцарта і «Трыстан і Ізольда» Вагнера.
...Напэўна, я таксама складана пераношу лістапад. Як і мой герой.
Дзэрліна, Мазэта і два селяніны сыходзяць.
Сцэна XI
Донна Эльвіра адна.
№ 21b: Акампанаваны рэчытатыў і арыя «In quali eccessi, o Numi...».