Выбрать главу

— Добры дзень, — сказаў Рупель і падаў Грынкевічу руку.

Дзіўным было тое, як ён паводзіўся. Грынкевіч не бачыў яго ўжо вельмі-вельмі даўно, і, натураль­на, Аннін бацька проста пастарэў. Замест ранейшай самавітасці ў ім з'явілася нейкая незразумелая мітуслівасць, і ўвогуле ён ужо не выглядаў вышэйшым і фактурнейшым, чым быў насамрэч. А раней выглядаў. Не, ён ні ў якім разе не дзед з аблічча, досыць яшчэ свежы, як на свае шэсць дзясяткаў. Усё ж такі трэцяя маладосць, з іроніяй падумаў Грынкевіч і жорстка паціснуў працягнутую руку. А вось поціск рукі быў іншым, як быццам яны памяняліся ролямі. Нешта ў Рупелі было ад збанкрутаванага шляхціца, які раней быў сюзерэнам, а цяпер раптам стаў васалам. Пастарэлы мужчына глядзеў на маладзейшага без лёгкай грэблівасці, але з просьбай не дабіваць. Мізэрнай, нешляхетнай просьбай.

— Я тут праездам, вырашыў зазірнуць у госці, паглядзець, як ты працуеш, — сказаў ён Анне і адразу запытаўся ў Грынкевіча: — Вы дазволіце папрысутнічаць на рэпетыцыі?

— Так, — адказаў той і пра сябе адзначыў, што цяпер Рупель кажа яму «вы», замест колішняга «ты».

Грынкевічу не падабалася гэтая ідэя, дый уво­гуле легенда пра «я тут праездам» падавалася з-пад кіпця выкалупанай. Пагатоў, «праезды» ў ягонага без пяці хвілінаў цесця здараліся ў заходнім кірунку. А N — зусім у іншым баку ад яго звыклых маршрутаў. Зрэшты, Рупель цяпер быў сваяком, а сваякоў не выбіраюць.

«О неба, якое ганебнае жыццё вядзе гэты свавольнік дон Джавані!у скрусе выгукае донна Эльвіра, застаючыся адна.І ён не пазбегне рас­платы!»

Сваяк тым часам акінуў позіркам дачку: рэшткі кепска змытай касметыкі на твары, лёгкая чарната пад вачыма пасля прыемнай бяссонніцы і абса­лютна шчаслівая ўсмешка на вуснах. Відаць, ён адразу ўсё зразумеў. Анна тым часам узяла бацьку пад руку і пайшла з ім наперад, выпісваць перапустку. Грынкевіч спыніўся ля ўвахода і закурыў. Да яго далучылася групка струннікаў, што якраз ішлі на рэпетыцыю. Яны балбаталі пра не­шта, але ён ледзь сачыў за іх словамі. Потым яны ўсе разам увайшлі ў тэатр і Грынкевіч рушыў у дырыгенцкую.

На рэпетыцыі ён быў бліскучым: хацелася «зрабіць» гэтага перадузята настроенага гледача, які сядзеў у зале і позіркам ажно свідраваў спіну такога нежаданага зяця. А хто такі быў Рупель? Чалавек, у якога ўсё жыццё ў працоўнай кніжцы і на ўсіх візітоўках было напісана «рэжысёр», але які за дзясяткі гадоў пры тэатрах і кінастудыях нічагусенькі свайго не паставіў. Чалавек, якога бралі толькі другім рэжысёрам ці ўвогуле асістэнтам. Які, можа, і меў уласнае бачанне спектакля, але не меў права гэтае бачанне ўвасабляць. У свой час ён не паехаў у правінцыю, ажаніўся з Аннінай маці, каб застацца ў Піцеры. Ён пагадзіўся на ролю другога рэжысёра, яму зручна было ў такім амп­луа. Пэўна ж, Рупель мала разумеў у музыцы і ў працы дырыгента, але Грынкевіч адчуваў, што міжволі падпарадкоўвае яго. Ён меў сілу, ён назапасіў яе за гэтыя гады няўдзячнай працы ў N. А Рупель цяпер быў як той Чарнамор без барады. Грынкевіч думаў пра гэта і дзівіўся самому сабе: як гэта ён злавіў кураж ад аднаго толькі жадання атрымаць сатысфакцыю?

— Ты геніяльны! — шапнула яму Анна ў перапынку. — Пераўзышоў самога сябе.

— Я ведаю, — адказаў Грынкевіч.

— А ты нясціплы...

— Маю права.

«Я бачу, як злы рок працягвае над ім сваю руку, а пад нагамі ў свавольніка ўжо свішча полымя апраметнай...»

Як і варта было чакаць, «праезд» Рупеля зацягваўся, і ён застаўся ў N начаваць. Зразумела, ён гасцяваў у дачкі, таму вечар і ноч Грынкевіч правёў у самоце. У яго зноў з'явілася нядобрае прадчуванне, такое нядобрае, што ён нават вырашыў не пісаць Анне СМСкі, няхай і пакутаваў без хоць нейкай сувязі з ёю.

Позна ўвечары яму патэлефанавала Таццяна, якая спявала ў асноўным складзе донну Эльвіру. Таццяна, ягоная былая. Зрэшты, яна паводзілася вельмі спакойна і іхныя старыя справы не прыгадвала. Ужо за гэта Грынкевіч яе любіў у агульначалавечым сэнсе. Яе прабіла на кампліменты з нагоды рэпетыцыі. Маўляў, пачувалася так, быц­цам трапіла на нейкі сур'ёзны оперны фестываль, дзе працуюць не абы-якія маэстра. Таццяна шмат прахварэла і цяпер цяжкавата ўваходзіла ў фор­му, да таго ж яна мела пытанні па партыі, дый увогуле ёй не спалося і яна вырашыла пазваніць.

Яны з Грынкевічам заўсёды былі сябрамі, нават тады, калі да сяброўства на нейкі час прымяшаўся сэкс. Скончылі адну і тую ж кансерваторыю — праўда, Таццяна на тры гады раней, — а потым пэўны час разам працавалі ў мясцовым каледжы. Яна вяла там вакальны ансамбль, а Грынкевіча паклікалі весці камерны ансамбль у струннікаў, бо на той момант не было каму, а ён усё ж збольшага валодаў скрыпкай. Таня пачала прыгадваць, як ён апроч дзясятка падшэфных струннікаў раптам сабраў вакол сябе яшчэ і крыху духавікоў, і так утварыўся невялічкі аркестрык, з якім ён звыш праграмы развучыў процьму барокавых твораў.