Выбрать главу

— Памятаю цябе тады: сядзіш у куце з кніжкай ці з чарговай партытурай, усё вывучаеш гэты рэпертуар... — казала спявачка. — Ты сапраўды сабраўся заняцца гэтым у Маскве?

— Ага. Дарэчы, мне былыя падшэфныя і прапанавалі. З тых, хто пасля каледжа з'ехаў вучыцца ў Маскву. Самі ж сабраліся, а потым яшчэ людзей адшукалі. Гатовыя першы час працаваць так, дзеля сябе.

Ён прамовіў гэта і раптам асёкся, калі зразумеў, што выкарыстаў слова «падшэфныя».

— Яны цябе любілі. Як ты ўвогуле здолеў іх зацікавіць? Аркестр прагульвалі, а да цябе бегалі па сваёй волі. І цяпер, кажуць, згадваюць, сумуюць, бо не выкладаеш цяпер.

— Ну. Сама разумееш — усё адно з'еду.

— Бач які хітры... Выгадаваў тут сабе касцяк аркестра і цяпер з'едзе.

— Затое гэта толькі мой аркестр, і я — іх маэстра... Таня, у мяне да цябе ў гэтай партыі асноўнае пажаданне: не будзь сцярвознай, як Чэчылія Бартолі. Там жа мі бемоль мажор, абедзве арыі. Вельмі лірычна, вельмі пяшчотна. Яна, можа быць, імпульсіўная, але шчыра закаханая. Дзяўчынка з добрай сям'і, якая звязалася не з тым мужчынам. Вось у першай арыі ты пачынаеш як тая валькірыя. Ну годзе. У першым правядзенні можна і так, але ў другім — ужо на піяна з адзіным усплёскам, там, дзе стаіць сфарцанда. А ў другой арыі... Карацей, заўтра я табе прызначаю спатканне ў класе, будзем карэктаваць.

«Колькі пакутаў беднай Эльвіры! Як цяжка б'ецца сэрца ў грудзях!»

Заснуць ён сёння ўсё ж не мог. А трэцяй ночы ён даслаў Анне СМС, пытаючыся, ці можна разлічваць на сняданак з ёй перад рэпетыцыяй. Яна нечакана адказала, што можна, бо бацька з'язджае вельмі раннім цягніком, яна будзе на нагах з сёмай і пасля восьмай з радасцю завітае ў госці. Грынкевіч крыху супакоіўся і заснуў.

Яна і сапраўды з'явілася і пабудзіла яго тэлефонным званком: нешта зноў не спрацоўвала ў дамафоне. Ужо развіднела, і Грынкевіч проста скінуў ёй звязку ключоў праз акно — Анна сказала, што не варта бегчы дзеля яе ўніз. Яна увайшла ў кватэру свежая пасля прагулкі па лёгкім марозе, шчаслівая ад таго, што яе сагрэлі рукі і вусны мужчыны, пакорлівая і жарсная. Пасля ён ляжаў, зарываючыся тварам у яе доўгія цёмныя валасы, раскіданыя па падушцы. Не, нічога не здарылася, проста ён стаў нервовым пасля смерці бацькі. Яна і сама не хоча выпускаць яго з палону сваіх рук і ног.

— Навошта ён сюды прыязджаў? — запытаўся Грынкевіч ужо за сняданкам, які гэтым разам прыгатавала госця.

Анна была ў цудоўным настроі і казала ў жарт, што неўзабаве не зможа жыць без ранішняга сэксу. Але пытанне пра бацьку збіла яе з тропу.

— Спадзяваўся памірыць мяне з Гюнтарам, — адказала яна, прычым не адразу. — Не, не ў тым сэнсе, каб мы ўсё-ткі пажаніліся, гэтая тэма за­крытая. Проста засталося шмат агульных праектаў. Яны завязаныя на нас абоіх, і іх ніхто не адмяняў. Трэба іх дарабіць. І я вымушаная буду пасля прэм'еры ў Маскве, значыць, пасля новага года, ехаць у Нямеччыну.

Прыкладна гэтага Грынкевіч чакаў і баяўся. Ён адставіў талерку і ўважліва паглядзеў на Анну, якая, з усяго відаць, не адчувала пасткі. Або адчувала, але ішла ў яе, бо такую ўжо мела звычку.

— Так ужо моцна яны на вас абоіх завязаныя.

— Не так ужо і моцна. Але гэта рэальная праца, разумееш. Сцэнар відэакліпа — гэта халтурка. У Маскве — толькі мюзіклы, гэта файны досвед, але не зусім маё, тут ты ўсё ж маеш рацыю. А наконт Аўстрыі. Вось тут ужо бацька мае рацыю. Ты разумееш, там набіраюць натоўп рэжысёраў, каб было каму рэпеціраваць паклоны і ганяць міманс з хорам. Калі раптам не глянешся мэтру, нешта не так зробіш — усё, можаш у гэтую тусу болей не лезці. Каэфіцыент карыснага дзеяння ад таго фестывалю для мяне сумнеўны, зараблю мала, а часу патрачу шмат.

— Твой бацька ўсё жыццё рэпеціруе паклоны і, здаецца, гэтым задаволены, — вырвалася ў Грынкевіча. — І тое, што ты ўжо зрабіла ў трыццаць гадоў, у ягоныя без малога шэсцьдзясят проста недасяжна.

— Вось таму ён і раіць мне не рвацца ў Аўстрыю, а рабіць праекты з Гюнтарам.

«Я пакутую ад яго няўдзячнасці, о Божа, якая я няшчасная!.. »

Грынкевіч бяссільна ўздыхнуў, узяў запальнічку і стаў круціць яе ў руках. Яму хацелася закурыць, хоць ён яшчэ ўчора вырашыў паступова змяншаць дзённую норму цыгарэт. Учора нават выходзіла, а сёння. Ён ужо разумеў, што рашэнне прынятае і адгаварыць Анну ад гэтага тандэму з былым жаніхом проста немагчыма.