Выбрать главу

— А што вы будзеце ставіць? Зноў сацыяльную чарнуху для інтэлектуалаў? Пра тое, як Еўропа памірае пад націскам туркаў і кітайцаў? Як кепска, калі забіваюць ні ў чым не вінаватых звяркоў?

— Лічыш, што пра гэта не трэба ставіць? — запыталася Анна, якая гатовая была спрачацца і адстойваць сваё меркаванне да канца. — А што ставіць? Розную эстэцкую прыгажосць, класічную оперу? Я табе ўжо шмат разоў казала, што я ду­маю на гэты конт і як я ўспрымаю сучасны оперны тэатр.

— Я памятаю: ты яго проста не любіш, нават ненавідзіш, таму сцябешся з яго як умееш.

— Ды я не тое каб не люблю. Проста опера не той жанр, з дапамогай якога можна казаць пра экспансію ісламскага свету ці пра забойства марскіх коцікаў. Я оперу якраз вельмі шаную, таму не магу дазволіць сабе разбураць яе натураль­ную эстэтыку. Не магу рабіць з «Выкрадання з сераля» актуальны сюжэт пра сэксуальнае раб­ства. Гэта кепскі густ! Але мне цікавая ультрасучасная драматургія, ультрасучасныя праблемы. Што ў гэтым ненармальнага?!

— Нюта! Ненармальнае ў гэтым тое, што ні табе, ні Гюнтару насамрэч няма ніякай справы да туркаў, звяркоў ці эпідэміі СНІДу, — казаў ён, адстукваючы кожнае слова запальнічкай па ста­ле. — Вы не мастацтвам займаецеся, вы робіце кан'юнктурныя агіткі! Хочаце не адстаць ад эпохі любой цаной. Але ў гэтым няма ніякіх абагульненняў, няма нічога ўніверсальнага, хоць тэма нібыта модная.

— Ты не ведаеш мовы, таму не можаш цалкам успрымаць тое, што я табе паказвала на відэа.

— У вас там няшмат тэксту, усё грунтуецца на пантаміме, таму збольшага я разумею. Скажы, цябе саму эмацыйна закранае лёс хворага на СНІД мастака? Думаю, што не, асабліва калі ты не з групы рызыкі. А я вось аднойчы меў выпадковую прыгоду. І потым паўгода штодня думаў пра жыццё і смерць, пакуль не атрымаў адмоўныя аналізы. Затое пачаў паважаць прэзерватывы.

— У мяне была бурная маладосць, ты ж ведаеш.

— А ў Гюнтара? Добры хлопчык з заможнай сям'і, не п'е нічога, апроч добрага піва, не курыць, займаецца спортам, носіць чаравікі і партфель са скуры нявінна забітых звяркоў і атрымлівае дывідэнды ад карпарацыі, у якой працуюць і туркі, і кітайцы, і хто хочаш. І пры гэтым ён нешта там вяшчае пра сацыяльныя праблемы еўрапейскага маштабу. А з табой наконт туркаў дык увогуле забаўна. У табе чвэрць крымска-татарскай крыві, продкі да мячэта хадзілі. Яшчэ ў табе чвэрць габрэйскай крыві, і ты казала, што дзедавы сваякі трапілі спачатку ў гета, а потым немаведама куды. А раптам Гюнтараў дзед рабіў на іх эксперыменты, правяраў дзеянне таблетак? Гюнтар яшчэ не ставіў п'есы пра Халакост? Папулярная ж тэма!

— Лёша, ты перабіраеш меру! А ўвогуле, мы зараз можам пасварыцца, а я гэтага не хачу.

Ён змоўк і ўсё ж дастаў цыгарэту. Закурыў — а хацеў жа адну за раніцу, не болей. Так, ён перабіраў меру і ўвогуле хацеў сказаць Анне зусім іншае. Ён проста не хацеў яе адпускаць, не хацеў, каб яна траціла час на такія пустыя вандроўкі. І гэта якраз у той момант, калі нарэшце ўсё пачало наладжвацца, калі ён імкнуўся так шмат чаго аддаць ёй за ўсе гады, дый яму самому патрэбная была падтрымка. Наперадзе была прэм'ера «Дона Джавані», потым — месяцы няпэўнасці і сумневаў, потым — развітанне з N, спроба пачаць усё спачатку ў Маскве, прайсці праз страту статуса, магчыма, на некаторы час стаць увогуле нікім у прафесіі. І сапраўды, ён проста хацеў чуць з яе вуснаў гэтае шчырае: «Ты геній», — каб не збочыць з абранай дарогі.

«Ах, я пакутую! Ён мяне кінуў, а я ўсё адно гатовая яму дараваць!»

— Нюта. — пачаў ён прымірэнчым тонам. — Мне вельмі важна ведаць, што мы з табой мыслім падобным чынам і імкнемся да аднаго і таго ж. Можа быць, мы будзем ісці да аднолькавай мэты па-рознаму, нават не заўсёды разам, але. Я не хачу, каб нашыя стасункі ператварыліся ў раман на адлегласці без абавязанняў, мне трэба, каб нас нешта моцна звязвала, мацней за ложак, агульныя творчыя праекты, маёмасць. Не хачу быць далёкім бойфрэндам, да якога час ад часу прыязджаюць, каб прыемна правесці вакацыі. Я пакуль не гавару пра шлюб, бо толькі што пахаваў баць­ку. Але ж я не хачу, каб мая будучая жонка рэзка мяняла рашэнні, толькі таму што тата ёй нешта параіў.

— Ах вось ты пра што.

Анна нервова рассмяялася. Яна раптам пачала вельмі нелагічна апраўдвацца, казаць, што насамрэч сама шкадавала пра творчы разрыў з Гюнтарам, проста яна сапраўды занадта рэзка з ім пагутарыла і не ведала, ці захоча ён увогуле размаўляць пасля такога пра справы. Але Гюнтар сам выйшаў на Рупеля і папрасіў пасадзейнічаць. Які далікатны Гюнтар! Сам не мог звязацца і сказаць: асабістае асабістым, а справы справамі. Яна шмат не дагаворвала, і Грынкевіч зноў бяссільна ўздыхнуў. Ён зноў прайграваў гэты бой. Ён не меў ніякіх шанцаў на перамогу. Анна сама не ведала, што ёй кіруе, і ведаць не хацела. І гэта было жахліва.