Выбрать главу

Грынкевіч слухаў Анну, якая зноў аддалялася ад яго, і яму ўсё карцела задаць ёй няёмкія пытанні: чаму твой тата пакінуў цябе на звяр'яцелую маці, чаму не засудзіў таго краснаярскага падонка, чаму ён прымушаў цябе галадаць, калі ты насуперак яму пайшла ў кансерваторыю, чаму ты пасля смерці бабулі першаму пазваніла мне, а не яму? А цяпер, калі ты насуперак ягонай абыякавасці выжыла, калі ты сталася нечым, ён без усялякага запрашэння лезе ў тваё жыццё і робіць усё, каб ты стала такой самай няўдачніцай, як і ён?

— Зразумей мяне таксама, — сказала яна. — Я не магу сама сабе стварыць умовы на пустым месцы. Мяне запрашаюць ставіць спектаклі на знаёмыя пляцоўкі — я еду. Гюнтар мае грошы і сувязі, так. Але калі я сама буду іх шукаць.

— Ты спрабавала?

— Па вялікім рахунку — не. У мяне заўсёды была процьма знаёмых, яны нешта мне раілі, некаму мяне рэкамендавалі. Я не ўмею прапаноўваць саму сябе, не ўмею прабіваць муры.

— Ты спрабавала?

— Я не такая моцная, як ты! Я не магу траціць энергію на лагістыку, мне тады нецікава будзе займацца ўласна творчасцю. Я не здольная ствараць пад сябе прастору.

— Ты мацнейшая за мяне, цябе жыццё болей адлупцавала, але ж мы цяпер на роўных. І «Дона Джавані» ты зрабіла сама, ніхто цябе сюды не пхаў, так, запрасілі, як звычайна запрашаюць. У «Доне Джавані» ты ёсць, а ў Гюнтаравых сацы­яльных страшылках я цябе не бачу. Ты думаеш, што меней рызыкуеш у кар'еры?

Анна нічога не адказала. Яна доўга і напружана маўчала, Грынкевіч за гэты час паспеў выкурыць наступную цыгарэту, трэцюю за гэты ранак. І ў момант, калі ён тушыў недапалак, яна сказала:

— Я ўсё ж паеду з ім.

— Тады ў нас з табой нічога не выйдзе, — адказаў ён вырачана.

Пакуль яна апраналася ў вітальні, ён маўчаў і думаў, што паступае слушна. Калі яна выйшла з кватэры, сказаўшы толькі: «Убачымся на рэпетыцыі», ён хацеў быў затрымаць яе і сказаць, што ў ім гаворыць проста рэўнасць. Госпадзе, няўжо нельга ўгаварыць сябе на тое, каб паверыць у казку? Усё жыццё — вялікая ілюзія, асабліва ў артыстаў. І няўжо нельга было запэўніць сябе ў тым, што ён шчаслівы, што ў яго квітнее каханне і ён нарэшце жыве поўным жыццём? Хіба ён не заслужыў? Ён стаяў на парозе кватэры, пакуль не пачуў, як унізе пікнуў сігнал дзвярэй пад'езда, а потым яны грукнулі і зачыніліся, быццам апусцілі цяжкую накрыўку труны.«Ах, я пакутую ад яго няўдзячнасці! Ён кінуў мяне, а я ўсё адно гатовая яму ўсё дараваць...»

На рэпетыцыі ён быў як хата, з якой толькі што вынеслі калядную яліну. Нічога не засталося ад учорашняга бляску — так, ашмёткі мішуры. Анна трывожна глядзела на яго. У перапынку яна прапанавала пагутарыць, але ён сказаў, што да размовы наконт працы заўсёды гатовы, а наконт іх абоіх — не ў гэтым жыцці.

Увечары ён страшэнна напіўся з Мішам і яшчэ трыма хлопцамі з аркестра. Напіўся да такой ступені, што ледзь выбраўся з таксоўкі, якая прывезла яго дадому, і амаль на карачках дапоўз па схо­дах на свой паверх. Алкаголь адбіваў пачуцці, але дазваляў думаць. На наступны дзень ён зноў быў засяроджаны на працы — без бляску, але якасна і стабільна. Галоўнае было — спыніць кроў з душэўных ран, каб не сканаць да прэм'еры.

Донна Эльвіра сыходзіць.

Сцэна ХІІ

Цвінтар. Некалькі надмагільных статуй, у тым ліку статуя Камандора. Туды прыходзіць дон Джавані.

Рэчытатыў «Ah, ah, ah, ah! questa e buona!».

Дзён за дзесяць да прэм'еры з Грынкевічам здарылася яшчэ адна непрыемнасць, якая ледзь не сарвала яму ўсю працу: ён захварэў на люты, цяжкі грып. Гэта выглядала містычна-неверагодна, пагатоў што да эпідэміі было яшчэ далёка дый увогуле ён скрайне рэдка чапляў падобную трасцу. Зразумела, два дні ў ліхаманцы з тэмпературай за трыццаць дзевяць былі нішто ў параўнанні з усімі асабістымі катастрофамі, але ўсё адно прыкра. Спектакль ужо ганялі вялікімі кавалкамі без спыненняў — і тут яго музычны кіраўнік звальваецца ў літаральным сэнсе слова. Небяспека падарыць прэм'еру Васю была рэальнай, стажор ён такі — стаячаму лапці падпляце. А Грынкевіч зусім не хацеў аддаваць хлопчыку цалкам гатовы спектакль, запакаваны ў каляровую паперу і перавязаны стужачкай.

Джавані радуецца таму, як спрытна ён зноў усіх падмануў. Цяпер яго ніхто не знойдзе. Ніхто не дадумаецца шукаць яго на могілках у такі час. Але якая ноч! Святлейшая за дзень, быццам створаная, каб паляваць на дзяўчат. Гадзіннік толькі-толькі прабіў поўнач, яшчэ не надта позна. Дзе ж той Лепарэла? Ці здолеў ён адбіцца ад донны Эльвіры?