«Дык вось што са мной здарылася, — са смехам распавядае дон Джавані. — Іду я па вуліцы, нікога не чапаю, бачу маладзенькую красуню. Падыходжу, бяру яе за руку. Яна спачатку страпянулася, а потым раптам пачала да мяне сама лашчыцца. За каго, ты думаеш, яна мяне прыняла? За Лепарэла! Адбымаецца са мной і ўсё кажа: любы мой Лепарэла, Лепарэла мой любы... Відаць, знаёмая твая».
У тэатры ён быў у такім настроі, як у пачатку восені, калі толькі пачынаў працу над «Донам Джавані». Прынамсі, такім узнёслым і ў добрым сэнсе апантаным ён выглядаў. У перапынку ён пайшоў у курылку і расказваў там анекдоты аркестрантам і некаторым салістам, якія не баяліся сушыць звязкі тытунём. Пайшлі плёткі, сябар Міша біў сябе пяткай у грудзі, маўляў, Тома круціць раман ва Украіне, таму яе так часта запрашаюць туды з канцэртамі. Маўляў, яна муза нейкага кандуктара. Пачалі называць імёны, прозвішчы і рэгаліі — нармальныя тэатральныя размовы. Потым сказалі, што ў балетнага саліста завёўся спонсар, хоць і ўсе ведалі, што гэты саліст цалкам традыцыйны. Перабралі, як грэчку, нядаўнюю гісторыю з цяжарнай прыхільніцай тэнара Басава. Асабліва стараўся Міша, які сёння чамусьці дастаў Грынкевіча. Той ведаў, што пра Тому сябрук хлусіць.
— Слухай, братка, — не вытрываў ён і звярнуўся да баса, — я ж табе забыўся прыкол расказаць!
Сказаў ён гэта такім тонам, нібы гаворка ішла пра сенсацыю. Пасы л быў моцным, такім артыстычным, разлічаным на тое, каб усе прысутныя навастрылі вушы. Так і выйшла.
— Памятаеш, ты да мяне тыдзень таму заходзіў, лекі і ежу прыносіў? Ну, калі я толькі-толькі зваліўся. Дык вось, ты палез у інтэрнэт праз мой ноўтбук. І забыўся разлагініцца ў «Аднакласніках »!
— Такога не можа быць. — прабубнеў агаломшаны Міша, які любіў пляткарыць пра іншых, але выслухоўваць пра сябе — ненанавідзеў.
— Ты, ёлупень такі, відаць, машынальна паставіў галачку, каб сайт цябе запомніў. Сышоў ты ад мяне, я заходжу на старонку, а там — твая анкета!
— Ну ты скаціна...
Прысутныя ў курылцы пачыналі пахіхікваць у прадчуванні анекдота. Грынкевіч атрымліваў асалоду ад іхнай рэакцыі.
— І што я бачу? Дзяўчынка... Увага, спадарства, дзевяноста першага года нараджэння, выглядае, праўда, на восемдзясят гэтак шосты — красуня, вельмі мілая. І вось гэтая дзяўчынка дасылае паведамленне...
— Каму?! Мне?! — перапытаўся Міша ўжо са страхам.
— Мішу! Мішу яна хацела! — засмяяўся Грынкевіч, і дзясятак мужыкоў следам за ім. — Я, натуральна, пачаў з ёй размову. Яна расказвала, як уражаная вашым, Міхаіл Мікалаевіч, талентам. Дарэчы, яна ў цябе ў сябрах!
— Во свалата... Што ты ёй нагаварыў?!
— Ды нічога такога. Прыдумаў, што ў цябе грыжа і што ты не бываеш у нядзелі на крытай коўзанцы. Мішэль, ты што, наплёў дзіцёнку, быццам любіш на каньках коўзацца?!
— Што ты яшчэ ёй сказаў?!
— Ды нічога такога. Прызнаўся, што я — гэта не ты. Яна напісала «ой» і сама ўцякла.
— Сука!
«Я ўвайшоў у вобраз, — працягвае расповед дон Джавані, — і стаў для яе Лепарэла. Але тут дзяўчына зразумела памылку, пачала клікаць на дапамогу. Я ледзь паспеў уцячы...» Лепарэла гэта не радуе: «Вось пракляты! — бубніць ён. — А калі б гэта была мая жонка?!» — «Гэта было б яшчэ смяшней!» — весела крычыць дон Джавані і пачынае рагатаць.
Мішу гэта вельмі зачапіла, бо ён быў з тых людзей, што не любілі прайграваць нават невялікія стаўкі. Ён выйшаў з курылкі раз'юшаны. Грынкевіч рушыў следам за ім. На яго шчасце, спявак не быў крыўдлівым і на высвятленне адносінаў пайшло хвілінаў дзесяць. Грынкевіч хіба толькі выказаў Мішу, што пра Тамару той нёс лухту, што не варта было такога рабіць, калі нічога дакладна не ведаеш. Міша толькі пасапеў у адказ, але працягнутую на знак замірэння руку паціснуў.
Пасля рэпетыцыі яны ўжо сядзелі ў дырыгенцкай, як быццам не было паміж імі ніякай сцэны ў курылцы. Зрэшты, Міша яшчэ апраўдваўся, маўляў, нічога крамольнага ў яго з той дзяўчынкай не было, ставіўся да яе як да дзіцяці. І ўвогуле, яна ходзіць прыватным чынам да яго Светкі, рыхтуецца на наступны год паступаць на вакальнае. А яшчэ гэта вядомая малалетняя тэатральная тусоўшчыца, якая лезе за кулісы. Бракавала толькі ўвязацца з такой у гісторыю.
Грынкевіч тым часам круціў у руках той самы гранат, які набыў на шляху ў тэатр.
— Ты што, медытуеш на яго? — пацікавіўся Міша.