Выбрать главу

— Амаль што.

— А я думаў, ты вырашыў пад'есці вітамінчыкаў пасля хваробы.

— Ну. Урэшце рэшт з'ем, не выкідаць жа яго. Але пакуль гэта не проста гранат. Гэта сімвал.

Міша запытальна на яго зірнуў. Ён не быў схільны да філасофскіх разваг дый агульнай эрудыцыяй не вылучаўся.

— Вельмі шматзначны і складаны сімвал, — працягваў Грынкевіч. — Сімвал улады і сімвал уваскрашэння, напрыклад.

— Уладу ты любіш... — прамовіў Міша. — Вось я цябе ўжо колькі ведаю? Восем гадоў. І ўсё не магу зразумець, як ты са сваім паскудным характарам ухітрыўся тут не настроіць усіх супраць сябе. Чаму нават галоўны на цябе бурчыць, але часам усё ж возьме дый скажа нешта добрае? Калі ты прыйшоў у тэатр, усе думалі, што ў цябе зорная хвароба і табе адразу трэба абламаць рогі.

— Пра мяне і ў дзяцінстве казалі, што ў мяне зорная хвароба. У мяне ведаеш якая мянушка ў класе была? Кароль. Дзяўчаты казалі яшчэ і «шэравокі кароль». Мы ўсе былі прыстойнымі дзецьмі, а мянушку мне далі такую бандзюганскую. Без усялякага падтэксту. А пазней былая аднакласніца ўбачыла, як я разгружаю машыну на рынку. Каралеўскі занятак... Але потым яна мне сказала, што я цягаў скрыні з нейкай асаблівай годнасцю і пры гэтым не выглядаў як паламаны жыццём інтэлігентны хлопчык.

Грынкевіч раптам падкінуў гранат вельмі вы­сока, ажно да самай столі. І вельмі спрытна яго злавіў.

— Што гэта ты ўласнай неўміручасцю раскідваешся? — з ужо добрай усмешкай запытаўся Міша.

— А раптам не зловіш?

— Я — злаўлю. Я ж Кароль. І я, Міша, ведаю, што гэта самае невыноснае ў маім характары. Упэўнены я, а часам самаўпэўнены, неадэкватна самаўпэўнены. Калі я набраў хуткасць, мне нельга тармазіць, я не магу спыніцца імгненна, нават калі мне пагражае небяспека. А яшчэ я ўсё аддам дзеля сваіх мараў.

— Нават неўміручасць?

— Нават яе. Нашто мне ўваскрасаць, калі мара ўсё ж не здзейснілася? Ахвотна памяняю магчымасць нарадзіцца наноў на ажыццяўленне мары.

— А яшчэ ў цябе чэрап густа варыць і ты любіш гэта паказваць. Хадзем мо' на піва?

— Не, дружа, сёння ніяк. Сяргеіч пасадзіў мяне на антыбіётыкі і сказаў, каб ніякага алкаголю хоць бы тыдзень. Трэба ж прэм'еру адстраляць... А безалкагольнага я не шаную.

Джавані рагоча так залівіста, што выпадковыя начныя птушкі перапалохана зрываюцца з месца і лятуць прэч. І тут раптам ён чуе дзіўны, нечалавечы голас: «Ты скончыш смяяцца да таго, як узыдзе сонца!».

Было яшчэ амаль светла, калі Грынкевіч прыйшоў дадому. Ён усё-ткі адчуваў стому пасля хваробы, пад вечар цела зноў ламіла. Да таго ж увесь час бракавала паветра і шумела ў галаве. Пасля моцнай ліхаманкі ўсё здараецца, думаў ён. У першы дзень хваробы тэмпература ў яго скокала да сарака і яму падавалася, што сэрца вось-вось спыніцца. У наступныя дні яно пачынала тахкаць ад любога перанапружання, але ён не звяртаў на гэта ўвагі. Яго больш непакоіла агульная мышачная млявасць і кашаль — тое, што замінала працаваць. І яшчэ з кожнай гадзінай на яго ўсё болей насоўваўся той вельмі даўні страх, які перакрэсліў яго сольную піяністычную кар'еру. Грынкевіч думаў: заўтра будзе не проста прэм'ера, гэта будзе вырашальны дзень, калі ён зможа ўсім даказаць, што нейкія там абставіны і закляцці не маюць над ім ніякай моцы.

Гэта да яго прамовіла статуя Камандора. Лепарэла не на жарт перапалоханы, а вось Джавані злуецца. Яго чамусьці зусім не бянтэжыць той факт, што каменная статуя размаўляе з ім і патрабуе не трывожыць сон памерлых. Яму, Джавані, усё можна, ніхто не мае права чыніць яму перашкодаў. Ён загадвае Ле­парэла падысці бліжэй да магілы Камандора і прачытаць, што там напісана на каменнай пліце. Лёкай, моцна заікаючыся, чытае: «Нягоднік змусіў мяне на скрайні крок, і я чакаю помсты...». Джавані зусім раз'юшаныён па­трабуе ад Лепарэла перадаць каменнай статуі запрашэнне на вячэру.

№ 22: Дуэт «О statua gentilissima...».

Увечар напярэдадні прэм'еры ён зноў страціў спакой. Гэта быў стан нервовага пераўзбуджэння, як звычайна пасля спектакля, калі не можаш заснуць да другой ці трэцяй гадзіны, а ўсё пракручваеш у галаве нейкія моманты, перажываеш. Нарэшце заснуўшы, прачынаешся толькі назаўтра пад вечар. Такое з ім часта бывала, але пасля спек­такля, а не напярэдадні. Пасля ўчорашняй здачы ён прыйшоў дадому ў амаль абыякавым стане і апоўначы ўжо спаў сном чалавека, арганізм якога ўсё яшчэ змагаецца з рэшткамі грыпу і таму мае патрэбу ў адпачынку.

Лепарэла падыходзіць да статуі, нізка ёй кланяецца і спрабуе загаварыць: «О найшаноўнейшая статуя вялікага Камандора.». Але тут жа баязліва адскоквае і кажа гаспадару, што не ў стане выканаць загад.